Інцыдэнт адбыўся 26 кастрычніка ў 23.00.

— Злачынства здзейсніў 30-гадовы жыхар аграгарадка Столпня. Міліцэйскі пост устаноўлены ў аграгарадку ў сувязі з прафілактычнымі мерапрыемствамі. Супрацоўнікі РАУС правяралі праязджаючыя аўтамабілі. Бацька гэтага чалавека паскардзіўся сыну на тое, што яму надакучыла праверкамі міліцыя. Малады мужчына выпіў і вырашыў разабрацца з праваахоўнікамі, распавёў «Свабоднаму слову» першы намеснік начальніка Рагачоўскага РАУС Вячаслаў Ліхалат.

Мужчына прыхапіў з сабой пляшку з бензінам і вінтоўку Мосіна. Першым у ход пайшло гаручае: вясковец хацеў падпаліць пост, але пляшка не даляцела да цэлі і загарэлася за 15 метраў ад яе. Міліцыянт убачыў полымя і выйшаў на вуліцу. Раптам пачуўся стрэл: жыхар Столпні страляў з вінтоўкі. Тады супрацоўнік РАУС дастаў пісталет, перадзёрнуў затвор. Пачуўшы характэрны гук, зламыснік яшчэ раз стрэліў і ўцёк.

Праз некаторы час быў затрыманы і ўзяты пад варту. Свае дзеянні ён патлумачыў тым, што проста хацеў напалохаць праваахоўнікаў. Пры вобшуку ў доме мужчыны знайшлі зброю, патроны і іншыя боепрыпасы.

У дачыненні да затрыманага заведзена крымінальная справа па частцы 3 артыкула 339 Крымінальнага кодэкса «Хуліганства», згодна з якой яму пагражае да дзесяці гадоў пазбаўлення волі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0