Адразу чацвёра журналістаў «Белсата» былі сёння пакараныя вялікімі штрафамі. Гэтым разам — упершыню — іх судзілі групаю.

Фрылансераў-журналістаў Ганну Аземшу, Вольгу Чайчыц, Аляксандра Баразенку і Андрэя Козела абвінавацілі ў працы без акрэдытацыі на замежнае СМІ. Такім чынам з пачатку года ў Беларусі штрафам за працу без акрэдытацыі фрылансераў каралі ўжо юбілейныя 50 разоў.

На пачатку працэсу суддзя Вікторыя Шабуня аб'явіла перапынак, каб даць магчымасць фігурантам азнаёміцца са справай.Пасля перапынку суддзя апытала журналістаў Вольгу Чайчыц і Андрэя Козела. Абое падкрэслілі, што працуюць журналістамі, бо збіраць інфармацыю ім дазваляе Канстытуцыя Беларусі. Журналісты заявілі, што не вырабляюць прадукцыю СМІ, а збіраюць інфармацыю.

Пасля гэтага у судзе выступіў намеснік начальніка аддзела прафілактыкі правапарушэнняў Цэнтральнага РУУС Дзмітрый Кротаў. Ён заявіў, што 8 верасня на Кастрычніцкай плошчы бачыў, як журналісты асвятлялі акцыю апазіцыі, а пасля іх здымкі былі размешчаныя на сайце тэлеканалу «Белсат».

Па выніках слуханняў, Вольга Чайчыц і Андрэй Козел пакараныя штрафамі у 45 базавых велічынь (1035 рублёў). Аляксандр Баразенка і Ганна Аземша пакараныя штрафамі у 25 базавых велічынь (575 рублёў).

Прадстаўнік тэлеканалу «Белсат» у Беларусі Аляксей Мінчонак заявіў НН, што на фоне нармалізацыі адносінаў беларускіх уладаў з Еўропаю, у Беларусі ціск на незалежных журналістаў не толькі не спыніўся, але і працягвае нарастаць.

«Зараз міліцыя ўжо мэтанакіравана палюе на здымачныя групы. Міліцэйскі сведка ў судзе ведаў усё — адкуль журналісты прыйшлі — і з кім размаўлялі па дарозе. Калі раней пад ціскам знаходзіліся ў асноўным рэгіянальныя карэспандэнты тэлеканалу — то зараз рэпрэсіі перакінуліся і на Мінск» — сказаў прадстаўнік «Белсата».

16 лістапада ў Мінску пройдзе міжнародная канферэнцыя «Перспектывы і выклікі фрыланс-журналістыцы ў Еўропе. Адмысловы фокус на Беларусі», удзел у якой возьмуць прадстаўнікі журналісцкіх саюзаў Еўропы. Асноўнай тэмай размовы стане неабходнасць спыніць пераслед журналістаў у нашай краіне.

10 снежня гэтага года тэлеканал «Белсат» адзначыць дзесяцігоддзе існавання ў спадарожнікавым эфіры. Амаль увесь гэты час ягоныя журналісты атрымліваюць адмовы ў акрэдытацыі ад беларускага МЗС.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0