Прэмію Гедройця здабыў Бартосік, Горвата няма нават у тройцы
У Мінску ўручылі беларускую літаратурную ўзнагароду з найбольшым грашовым фондам. Гедройця-2017 атрымаў Зміцер Бартосік за кнігу «Быў у пана верабейка гаварушчы».
Ён атрымае 5000 еўра ад фундатараў прэміі — Фонду «Вяртанне» і Польскага інстытута ў Мінску. Пасля цырымоніі ён паведаміў, што палову прэміі падорыць свайму сябру і рэдактару кнігі, былому кіраўніку «Нашай Нівы» Сяргею Дубаўцу, а другую палову — аддасць жонцы, «якая лепш ёю распарадзіцца».
48-гадовы Зміцер Бартосік нарадзіўся ў Рыбінску (Расея). Бацькі Змітра былі тэатраламі: бацька — рэжысёр, маці — акцёрка.
У школу ён пайшоў у Усць-Каменагорску (Казахстан). У 1978 годзе сям’я пераехала ў Гомель.
Вучыўся ў Ніжагародскай тэатральнай вучэльні, быў выключаны «за бяздарнасць». Пасля працаваў шліфоўшчыкам на Гомельскім заводзе станочных вузлоў, грузчыкам у краме, служыў у арміі.
Пасля дэмабілізацыі натрапіў на газету «Наша Ніва» і… зачараваўся беларушчынай. Прыехаў у Вільню, у рэдакцыю газеты і з таго часу перайшоў на беларускую мову.
Ён стаў бардам, у 2002 годзе выдаў кнігу апавяданняў з уласнага жыцця «Чорны пісталет». «Быў у пана верабейка гаварушчы» — найбольшы поспех Бартосіка. Яна сатканая з рэпартажаў, якія ён рабіў для радыё «Свабода».
Зміцер жыве ў Мінску. Разам з жонкай яны гадуюць чацвярых дзяцей: дачок Яню ды Юсцю ды сыноў Даната і Геру.
НН вяла анлайн-трансляцыю з цырымоніі ўручэння.
20:25
Ого, Горват не атрымаў ніводную з трох прэмій.
20:25
Першае месца — Зміцер Бартосік «Быў у пана верабейка гаварушчы».
20:22
Імя лаўрэата першага месца назаве Уладзімір Арлоў. А ўручаць прэмію будзе, як мы ўжо і казалі прадстаўнік фонда «Вяртанне» Сяргей Макарэвіч. Па словах Хадановіча, без «Вяртання» яны б і не ведалі, як бы знайшлі сродкі на прэмію.
20:19
Дык хто будзе першым? Горват? Бартосік? Ці, можа, Валерый Гапееў?
20:19
Другое месца ў Людмілы Рублеўскай за раман «Дагератып». Рублеўская шмат разоў была ў шорт-лістах Гедройца, але вось у тройку трапляе ўпершыню.
20:18
Выступ тэатру танцу SKYLINE
20:16
За другое месца даюць творчую вандроўку на шведскую выспу Готланд у горад Вісбю.
Называюць імя Алена Брава і Альгерд Бахарэвіч. Апошні сам ужо неаднаразова атрымліваў менавіта другую прэмію Гедройца. Напрыклад, летась. Тады на ўручэнне прэміі Бахарэвіч не прыйшоў. Сёння, як сябра журы, ён у зале.
«У мяне вельмі складаныя дачыненні з прэміяй Гедройца», — кажа Бахарэвіч.
«Асабліва з другім месцам», — кажа Хадановіч.
«Я тройчы атрымліваў другое месца», — з горкай іроніяй кажа Альгерд.
«Але ж гэта лепш за трэцяе», — зноў рэмарка ад Хадановіча.
20:11
Адам Глобус атрымае права на выданне кнігі ў выдавецтве «Кнігазбор».
Іншы сябра журы Павел Касцюкевіч сказаў, што цэлы дзень угаворваў Глобуса прыйсці на цырымонію, але той адмовіўся.
20:09
Выходзіць падляшскі пісьменнік Міхась Андрасюк, сябра журы, які мае абвесціць імя лаўрэата трэцяй прэміі. Андрасюк гаворыць з шыкоўным падляскім акцэнтам. «Трэба было адсеяць добрае ад добрага, выдатнае ад выдатнага»
І трэцяе месца дастаецца Адаму Глобусу за кнігу «Зваротная перспектыва».
19:58
Дарэчы, людзей троху паболела. Цяпер ужо далёка не ўсім хапае сядзячых месцаў.
19:56
Зачытваюць урыўкі з твораў намінантаў. У гэты час выступае тэатр танцу SKYLINE. Дастаткова нязвыклае відовішча. Дзяўчаты то поўзаюць на падлозе, як вужакі, то ходзяць па сцэне, нібы зомбі.
19:48
Раіса Баравікова, як сябра журы, кажа, што абраць пераможцаў было «неверагодна цяжка».
19:47
Вядучы Андрэй Хадановіч
19:38
Выступае Паліна Рэспубліка.
19:37
Матэуш Адамскі паўтарае тэзы Ежы Гедройца, што незалежнасць і дабрабыт Украіны, Літвы і Беларусі толькі на карысць Польшчы. Выступае па-беларуску, па паперцы.
19:30
У другі раз грашовае вымярэнне прэміі складае 5 тысяч еўра. Раней прэмія «каштавала» 10 тысяч. Ад польскага боку ў зале прысутнічае дырэктар Польскага інстытуту ў Мінску Матэуш Адамскі. А вось польскага пасла на гэты раз не было. Менавіта польскае пасольства некалі было заснавальнікам гэтай прэміі.
19:27
Зміцер Бартосік у зале, махае рукой, калі яго прадстаўляюць. «Звярніце ўвагу на гэтую магутную постаць», — кажа Хадановіч.
Потым вядучы называе Горвата «самым папулярным беларускім пісьменнікам на сённяшні дзень».
Валерый Гапееў сядзіць у першым шэрагу, а вось Рублеўская села на сярэднія шэрагі.
19:23
Андрэй Хадановіч узгадвае страшную дату — 29 кастрычніка 1937 года, калі ў адну ноч была расстраляная ўся эліта беларускай літаратуры.
Зала ўстала з хвілінай маўчання ў памяць ахвяр 1937 года.
19:20
Адама Глобуса на мерапрыемстве таксама няма, як і Горвата. Сяргей Календа сядзіць у першым шэрагу, вельмі засяроджаны, у гальштуку і кедах. Яго вельмі міла трымае за руку жонка.
19:19
Чэк на 5 тысяч еўра будзе ўручаць прадстаўнік фонда «Вяртанне», былы супрацоўнік «Нашай Нівы» Сяргей Макарэвіч. Пераконвае, што не ведае імя пераможцы.
19:18
Адкрывае імпрэзу Паліна Рэспубліка. Выконвае кранальную кампазіцыю «Апошні лістапад, прайшла сяброўка восень».
Такое ўражанне, што на ўручэнне прэміі прыйшло каля сотні чалавек.
19:18
Андруся Горвата з казой не бачна.
19:18
З вядомых пісьменнікаў у зале Уладзімір Арлоў, Валерый Гапееў, Альгерд Бахарэвіч, Алена Брава, Раіса Баравікова, Павел Касцюкевіч, Барыс Пятровіч.
Нельга сказаць, што вялікі глядацкі ажыятаж.
19:18
«ОК16» — гэта такая новая культурная пляцоўка ў былым будынку завода МЗОР. Тры дні назад тут праходзіў фэст крафтавага піва, цяпер імпрэза да прэміі Гедройца.
Вядучым мерапрыемства будзе традыцыйна паэт Андрэй Хадановіч.
18:26
Цырымонія распачнецца а 19-й гадзіне ў арт-прасторы «ОК16» на Кастрычніцкай — так званай менскай «Хіпстар-штрасэ».
У мінулыя гады часам прэмію атрымліваў відавочны фаварыт, як Уладзімір Някляеў з «Аўтаматам з газіроўкай…». А парою журы аддавала ўзнагароду зусім нечакана. Так было летась з Максімам Шчуром.
На Прэмію Гедройця сёлета прэтэндавалі сем літаратараў. Сярод іх былі Андрусь Горват са сваім «Радзівам Прудок», Зміцер Бартосік з «Быў у пана верабейка гаварушчы» і аўтарка папулярных прыгодніцкіх раманаў Людміла Рублеўская.
Прэмія імя Ежы Гедройца была заснавана ў 2011 годзе. Яе прысуджаюць за найлепшую кнігу прозы, выдадзеную (у папяровым або электронным варыянтах) у папярэднім годзе на беларускай мове ў жанрах «мастацкая проза» і «эсэістыка».
Заснавальнікамі літаратурнай ўзнагароды выступілі амбасада Польшчы, Беларускі ПЭН-цэнтр і Саюз беларускіх пісьменнікаў.
Прэмія была названая ў гонар ураджэнца Мінска, публіцыста і палітыка Ежы Гедройця, які ў сваёй культурнай дзейнасці быў паслядоўным прыхільнікам добрасуседскіх зносінаў паміж Польшчай і Беларуссю, Літвой і Украінай.
Адзначым, што кожны аўтар мае магчымасць атрымаць прэмію толькі адзіны раз у жыцці.
Лаўрэаты прэміі Гедройця мінулых гадоў
2012 Павал Касцюкевіч «Зборная Рэспублікі Беларусь па негалоўных відах спорту»
2013 Уладзімір Някляеў «Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без»
Каментары