Нядаўна мы пісалі, як абраць сабаку, які вам пасуе, ды як выхоўваць сабаку, каб ён зрабіўся вам сябрам. У каментарах да тых матэрыялаў многія чытачы прасілі «працягнуць тэму».

Таму «Наша Ніва» з інтэрнэт-парталам тавараў і паслуг для жывёл Zooqi.by («Зукі») вырашылі асвятліць больш аспектаў, датычных сумеснага існавання сабакі і чалавека.

У дадзеным матэрыяле распавядаем пра асаблівасці догляду сабакі, пільнавання яго здароўя і гігіены.

Дагэтуль у свядомасці некаторых сабачнікаў жывуць розныя перакананні-міфы, датычныя догляду сабак. Прытрымліванне гэтых міфаў у доглядзе гадаванца нярэдка шкодзіць не толькі сабаку, але і яго гаспадару. Ніжэй мы апісваем самыя распаўсюджаныя памылкі, уласцівыя недасведчаным гаспадарам-сабачнікам.

Міф №1: Шчанюк — гэта член сям’і, хай ён есць тое, што ядуць людзі

Вялікую памылку робяць людзі, калі прыводзяць дадому шчаня ды пачынаюць яго падкормліваць з уласнага стала.

Па-першае, гэта можа папросту нашкодзіць здароўю вашага гадаванца. Арганізм сабакі — гэта не арганізм чалавека. Сабаку, для паўнавартаснага існавання, патрэбны пэўны набор рэчываў і вітамінаў, прычым гэты набор залежыць ад памеру, узросту і пароды пса. Некаторыя прадукты, прыдатныя для спажывання чалавекам, арганізм сабакі можа проста не пацягнуць.

Па-другое, калі вы прадэманструеце гадаванцу хаця б аднойчы, што ён можа атрымліваць ежу з вашага стала, у далейшым вам будзе надзвычай складана пазбавіцца пастаяннага скавытання сабакі падчас сямейных абедаў. Тлумачэнне гэтаму простае: сабака ўжо пабачыў ваш дазвол на сумеснае харчаванне і чакае працягу. Што рабіць, калі ваш шчанюк настойліва просіць ежу, якую вы прыгатавалі сабе на абед?

Не крычыце, не карайце яго. Проста ігнаруйце. І карміце з яго ўласнай міскі ўласнай ежай. Неўзабаве пёс прызвычаіцца да належнага парадку.

Міф №2: Шчанюк — гэта член сям’і, ён можа класціся спаць разам з людзьмі

Людзі, што прыводзяць да сябе ў дом шчаня, сутыкаюцца з вялікай спакусай — пакласці гэтае мілотнае стварэнне побач з сабою ў ложак. За такімі паводзінамі стаяць аналагічныя наступствы, што і за падкормліваннем са стала: сабака прывыкае, і пасля ўжо не мае жадання і разумення, каб змяняць свой лад жыцця. Насамрэч жа,

сабака з першага дня мусіць мець і ведаць уласнае месца ў доме. Таксама мае ведаць месцы, куды яму заходзіць нельга (напрыклад, балкон ці іншыя небяспечныя для жывёлы хатнія лакацыі).

Пры выбары месца для сабакі важна ўлічыць, каб яно было зручна размешчана, не перашкаджала вольна перасоўвацца па кватэры чальцам сям’і, і каб сабаку было там утульна адпачываць. Уласнае месца — гэта пэўнага роду выспачка камфорту для жывёлы, дзе сабака мусіць адчуваць сябе ў бяспецы і ўтульнасці. Таму

ніколі не карайце сабаку на ягоным месцы: яно мусіць выклікаць у жывёлы выключна станоўчыя эмоцыі.

Міф №3: Карміць і гуляць з сабакам трэба тады, калі ён просіць

Нішто так не псуе паводзіны пса, як неўнармаваны рэжым дня. І прагулкі, і прыёмы ежы ў сабакі маюць быць рэгулярнымі.

Калі вы толькі ўзялі шчаня, то карміць яго трэба невялікімі аб’ёмамі ежы каля шасці разоў на дзень, пакуль шчаняці не споўніцца шэсць месяцаў. Калі шчанюк становіцца паўгадовым, трэба паступова пераходзіць на «дарослы» рэжым кармлення: па 1—2 разы на дзень, прыкладна ў адзін і той жа час.

Што да пытання, чым карміць гадаванца, то тут для кожнага сабакі мусіць быць індывідуальны падыход, у залежнасці ад вагі, пароды ды іншых параметраў. Каб даведацца, што і ў якіх колькасцях патрэбна менавіта вашаму шчанюку, парайцеся з ветэрынарам ці кансультантам зоамагазіна.

У наш час у крамах маецца багаты выбар кормаў для жывёл. Усе яны бываюць або сухімі, або вільготнымі (у бляшанках). Перавага сухога корму ў тым, што ён спрыяе чыстцы зубоў сабакі, перашкаджае з’яўленню зубнога каменя ды налёту. Вільготны корм падтрымлівае баланс вадкасці ў арганізме сабакі ды звычайна падаецца больш прыемным на смак.

Памятайце, што корм неабходна захоўваць у недасяжным для гадаванца месцы. А вось дадатковую міску (апроч міскі для ежы) з вадой — наадварот, трэба ўвесь час трымаць поўнай ды рэгулярна абнаўляць, каб вада была свежая і чыстая. Ваш пёс заўсёды мусіць мець вольны доступ да ёмістасці з вадой.

Міф №4: Расчэсваць сабак ды стрыгчы ім кіпці — прэрагатыва гламурных спадарынь. Дастаткова проста часам мыць псюка шампунем, можна сваім уласным

Мыць сабаку чалавечым шампунем ні ў якім выпадку нельга. Справа ў тым, што кіслотна-шчолакавы баланс скуры сабакі і чалавека моцна адрозніваюцца. Рэгулярнае мыццё сабакі шампунем, прызначаным для чалавека, выклікае розныя скурныя захворванні, часам можа справакаваць у пса і аблысенне.

Таму адмысловыя сродкі для мыцця сабакі, а таксама ад блох, глістоў і кляшчоў — тыя рэчы, на якіх ніяк нельга эканоміць ды спрабаваць замяніць чалавечымі касметычнымі сродкамі.

Апроч мыцця, сабаку трэба рэгулярна вычэсваць поўсць.

Гэта тычыцца любога сабакі. Вядома, пароды з доўгай поўсцю патрабуюць часцейшага вычэсвання, асабліва восенню і зімой. Вычэсваць сабаку трэба найперш з тых меркаванняў, каб пазбегнуць скурных раздражненняў і захворванняў, якія можа выклікаць старая поўсць на целе сабакі. Таксама вас можа матываваць той факт, што чым пільней вы будзеце даглядаць шэрсць гадаванца, тым меней яе будзе з’яўляцца на падлозе і мэблі вашага дома.

Догляд неабходны і кіпцюрам сабакі. Найперш не з эстэтычных, а з практычных меркаванняў. Трэба рэгулярна абразаць сабаку кіпці спецыяльнымі добра завостранымі інструментамі,

каб папярэдзіць праблемы з паходкай сабакі і выпадкі траўмаў, звязаных з ламаннем кіпцюроў. Перад тым, як рабіць дадзеную працэдуру ўпершыню, лепш пракансультуйцеся з ветэрынарам ды папрасіце яго прадэманстраваць вам тэхналогію.

Усе неабходныя працэдуры, звязаныя з гігіенай, не павінны палохаць вашага пса ды выклікаць адмоўныя эмоцыі. Ён мусіць прызвычаіцца і ўспрымаць мыццё лап ці вычэсванне шэрсці як звычайную з’яву. Каб выпрацаваць спрыяльнае стаўленне сабакі, рабіце ўсе гэтыя дзеянні акуратна, каб пёс не атрымліваў непрыемных адчуванняў.

Можаце напачатку падахвочваць сабаку адмысловым нізкакаларыйным кормам для дрэсіровак (звычайны корм можа збіць рацыён і метабалізм жывёлы).

Міф №5: Можна аддаць сабаку цацкі дзяцей, а не купляць адмысловыя

Цацкі для дзяцей не з’яўляюцца прыдатнымі для жывёл — запомніце гэта. Сабака непазбежна будзе грызці ўсё тое, з чым гуляе.

І трэба, каб тое, што ён грызе, было бяспечна для здароўя сабакі. Звычайныя дзіцячыя цацкі часта маюць шкодны сінтэтычны напаўняльнік, дробныя дэталі ці вострыя вуглы. Таму

цацкі для вашага гадаванца набывайце толькі ў адмысловых заалагічных крамах ці на спецыялізаваных інтэрнэт-платформах.

ZOOQI.by — гэта першая ў Беларусі пляцоўка, дзе сабраныя ўсе тавары і паслугі для хатніх гадаванцаў.

Чытайце яшчэ: Сярэднія халерыкі і вялікія флегматыкі: што трэба ведаць, калі вы хочаце завесці сабаку

Чытайце яшчэ: Ляжаць, сядзець, апорт… Як выхоўваць сабаку, каб ён зрабіўся вам сябрам

Ганна Клімовіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?