Добры дзень, гэта я, Саша Кулінковіч, просты «хлопец з вокладкі» — любіце мяне! 

Не люблю падвоеных стандартаў, не пераношу людзей, якія мераюць сябе аднымі меркамі, а іншых — іншымі. Гэтыя за спінай вам скажуць адно, у твар — іншае. А ўвогуле — зробяць трэцяе. Cам такі.

Ніколі не лічыў сябе панкам. Вам падалося! Ну, спяваю панк-рок — і што з таго?! Я вельмі мілы, добры чалавек для блізкіх мне людзей. Які з мяне панк?

Мне падабаецца бываць у адзіноце, я нават магу замкнуцца на сваёй тэрыторыі. Шукаю раўнавагі. Гэта якраз тое слова, што я напісаў на лістку паперы і пакінуў у Сцяне Плачу, калі быў у Ізраілі. Божа, як мне не хапае РАЎНА-ВАГІ! Міру ў сабе. Я ўвесь час ваюю: з сабою, з наваколлем. З дабром, са злом у сабе. 

Я паталагічна добры. Усё часцей чую ад людзей, блізкіх і не вельмі, цудоўныя словы: «Саша, (ківаюць галавою) … як жа ты змяніўся! Вось яшчэ паўгода таму…» Спадарства, ездзіць на мне больш не атрымаецца! Я быў занадта добры, баяўся кагосьці пакрыўдзіць, — перастараўся. Садзяцца на галаву! Таму ўважліва прачытаў віртуальную кнігу: «Як дакладна пасылаць людзей нах…». Раней было складана, цяпер з найвялікім задавальненнем раблю ГЭТА. Свядома і лёгка. Не абарочваюся ўслед.

Дзве крайнасці. Мяне палохае мая жудасная дабрыня і такая ж нянавісць. У выніку дабро перамагае, але пакутую я па-чорнаму. Падабаецца кінуць камусьці выклік. Здараліся выпадкі, калі «не мая», варожа настроеная публіка сыходзіла з майго канцэрта з адкрытым ротам — о, нечакана спадабалася!

Мяне заўсёды вучылі быць першым. Усё зраслося, я — лідар гурта, пiшу песні, а мае сябры — найлепшыя сябры ў свеце. Толькі з блізкімі я радуюся так, што вочы ў мяне блішчаць, як у сабакі. Такіх сяброў, мне здаецца, няма ні ў каго. Тут я ніколі не быў мямляй. Рашучасць у коле мужыкоў — твой стрыжань!

Ды я само Сонца! Ужо і біцца толкам не ўмею. Вось калі хіпаваў — даставалася. А як пагаліўся налыса — усё! Ніхто не чапляецца! Люблю і абагаўляю жанчын: ох, калі я ўліп, з мяне хоць вяночкі круці — існы анёл…

Вось развучыўся ўсміхацца «пад заказ». Так я выглядаю, калі мяне просяць ўсміхнуцца, а не хочацца. Так выглядаюць людзі, якія выціскаюць з сябе ўсе сокі, каб спадабацца. Гэта не я! Я ўпэўнены, што магу гуляць ролі толькі самога сябе. Пераўвасабляцца ў нейкіх прыдуманых герояў — не маё. А вось сваю агрэсіўную частку я заўсёды сыграю па-сапраўднаму.

Магу радавацца як дзіця, нават больш! Так бывае, калі ты не верыў, а раптам атрымалася! Не верыў, што дажыву да заканчэння запісу альбома «Першы». Часам працаваў і баяўся раніцай не прачнуцца — толькі думкі: паспець, паспець, паспець! Паспець запісаць усе галасы, тады альбом звярстаюць і без мяне. А тут — дажыў! Не, ну як не радавацца?!

Мой кумір — Мамонаў! Памятаю той момант, калі ўпершыню ўбачыў яго па тэліку на музычным рынгу. Так, я ХАЧУ ШАКАВАЦЬ! Тады, нарэшце, зразумеў, якім хачу быць на сцэне. «Бітлз» і менавіта Мамонаў паўплывалі на маё станаўленне як музыканта. Але Пётр Мікалаевіч вельмі часта выходзіць з мяне некантралявана… Прыдуркаватасць — тая маска, якую мне перыядычна падабаецца нацягваць. Я нават карыстаюся гэтым! 

У кожным з нас спіць маленькая/вялікая малпа. Хтосьці носіць яе ў сабе, ува мне яна раз-пораз прачынаецца і выходзіць пагуляць. Нічога не магу з гэтым зрабіць. Перастаў хвалявацца, што пра мяне падумаюць. Усё роўна вы ніколі не зразумееце, дзе я жартую, а дзе — не.

Вось менавіта тая ўсмешка, калі я на імгненне адкрыты для ўсіх, — я ў гармоніі з сабой і блізкімі. У раўнавазе.

Шчасце ў малым: разам з сябрамі сядзець на тэрасе са шклянкай добрага віскі ці, напрыклад, знайсці тое, што так доўга і ўпарта шукаў: фільм або класную музыку. Самае смешнае, што я адразу не разумею, дзе пачынаецца гэтае шчасце. У мяне гэта нейкая ўспышка. Магу праз час зразумець — о, блін, тады быў шчаслівы!

20 гадоў таму, я і «Нейра Дзюбель» удавалі з сябе гэткіх навучаных жыццём. Сёння адчуванне, што навучыліся. Публіка таксама прасунулася: зрабілася больш сталай, лянівай, больш патрабавальнай.

…не змянілася адно: мы разам адрываемся на маіх канцэртах. Чакаю 6 лістапада.

Вам пашчасціла! Хто хоча быць з «Першым»?

Прыйшоў наш час, вітайце нас!

6 лістапада з клубе «Re:public» пройдзе прэзентацыя новага альбома гурта «Нейра Дзюбель» — «Першы». Старыя і новыя песні ў двух аддзяленнях — гурт абяцае адыграць 3 гадзіны. Пачатак а 19-й.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?