У маіх прапрадзеда Фадзея Вальковіча і прапрабабкі Анэлі з Драздова, што мелі сваю сядзібу і гаспадарку (дом, зямля, стайня, кароўнік, сад) у Белым Балоце (гэта за восем кіламетраў ад в. Копішча Мінскага раёна) было сямёра дзяцей. Але ў іх жыццё напрыканцы 20-х гг. нахабна ўварвалася дзяржава, растаптаўшы іхнія лёсы. Спачатку гэта было раскулачванне, калі адабралі ўсю маёмасць, здабытую ўласнай працай, раскідаўшы некалі дружную сям'ю па ўсім свеце, а некаторых яе чальцоў пазбавіўшы жыцця і добрага імя, а іхніх дзяцей — бацькоў. З таго часу чырвоныя крывавыя клюшні НКВД ужо не выпускалі ад сябе нікога, хто не паспеў выкараскацца… Вось як склаўся лёс дзяцей Анэлі і Фадзея, маіх прадзедаў па кудзелі. Мікола Вальковіч, старэйшы сын і мой прадзед, бацька майго дзеда.

Вальковіч Мікалай Фадзеевіч

Месца нараджэння: х. Белае Балота Паперненскага сельсавет Мінскага р-на

Пол: мужчына

Нацыянальнасць: беларус

Адукацыя: н/пачатковая

Прафесія/месца працы: калгаснік, калгас «Бальшавік»

Месца пражывання: Мінская вобл., Мінскі р-н, у Калодзішчах сельсавет х. Рэп'е

Дата арышту: 20 лістапада 1937 г.

Абвінавачванне: 72 КК БССР — А/с агітацыя

Асуджаны: 29 лістапада 1937 г.

Судовы орган: «тройка»

Прысуд: 10 гадоў ППЛ, адбываў: Цемнікаўскі ППЛ Мард.АССР, памёр 1940/09/03, у ППЛ

Дата рэабілітацыі: 30 красавіка 1989 г.

Рэабіліт. орган: Пракуратура Мінск. вобл.

Архіўная справа: КДБ РБ — 25486-с

Крыніцы дадзеных: БД «Ахвяры палітычнага тэрору ў СССР»; Беларускі «Мэмарыял», то бок быў закатаваны ў сумнавядомым Цемнікаўскім ГУЛАГу.

Аляксандр Вальковіч, 1886 г.н., пасля жаніцьбы жыў у Моўчанах, рэпрэсаваны, дадзеных па ім не знайшла.

Хведар Вальковіч, удалося пазбегнуць рэпрэсавання, бо, як казала бабка, быў у калгасе ўмелым кавалём, памёр у 1966 годзе;

Лештына Вальковіч, 1888 г.н., яе выратавала тое, што яна яшчэ да тых крывавых падзей пабралася шлюбам і з'ехала з мужам у Беласток. Памерла ў канцы 50-х.

Вальковіч Іван ФадзеевічДата нараджэння: 1884 г.

Месца нараджэння: с. Белае Балота Астрашыцка-Гарадоцкага р-на Мінскай акругі

Пол: мужчына

Нацыянальнасць: беларус

Адукацыя: н/пачатковая

Прафесія/месца працы: селянін, аднаасобная гаспадарка

Месца пражывання: Мінская вобл., Астрашыцка-Гарадоцкі р-н, в. Белае Балота

Дата арышту: 19 мая 1928 г.

Абвінавачванне: 58/13 КК РСФСР — а/с дзейнасць

Асуджаны: 22 верасня 1928 г.

Судовы орган: ОСО

Прысуд: 3 гады ППЛ, адбыўшы: Вяцкай губ.

Дата рэабілітацыі 20 ліпеня 1992 г.

Рэабіліт. орган: Пракуратура

Архіўная справа: КДБ РБ — 34229-с

Крыніцы дадзеных: БД «Ахвяры палітычнага тэрору ў СССР»; Беларускі «Мэмарыял».

Марыя Вальковіч, 1892 г.н., вучылася ў Маскве, але ў 1919 годзе, пабачыўшы зверствы бальшавікоў, цяжка захварэла на нервовы разлад, вярнулася ў Белае Балота і на 27-м годзе памерла.

Іосіф Вальковіч, быў расстраляны

Дата нараджэння: 1890 г.

Месца нараджэння: Мінская вобл., в. Белае Балота

Пол: мужчына

Нацыянальнасьць: беларус

Прафесія/месца працы: бляхар

Месца пражывання: Прыіск «Сафійскі» ДВК.

Дата арышту: 11 лютага 1933 г.

Абвінавачванне: ст.

Асуджаны: 5 жніўня 1933 г.

Судовы орган: Тройка пры ПП АГПУ па ДВК

Артыкул: 58, п. 10, 58, п. 11 КК РСФСР

Прысуд: 3 гады ППЛ

Дата рэабілітацыі 22 красавіка 1960 г.

Рэабіліт орган: Па пастанове Прэзідыума Хабараўскага краявога суда

Падставы рэабілітацыі: за адсутнасцю складу злачынства.

Архіўная справа: П-86272

Крыніцы дадзеных: БД «Ахвяры палітычнага тэрору ў СССР»; Кніга памяці Хабараўскага края.

А на фота — не мой прадзед Мікола, нават фотаздымка не засталося ад гэтага працавітага, годнага ва ўсіх сэнсах чалавека. Гэта яго дзеці, дзеці ворага народа, мой дзед Андрэй і яго сястра Таня. Што выпала на іх сіроцкія стаптаныя лёсы — гэта асобная гісторыя…

Я аб тым, як жахліва абышліся з нашай сям'ёй, як люта. І аб тым, што трэба аб гэтым казаць. Не варта крычаць, бо мы ў вялікай небяспецы. І нашыя дзеці. Бо гэтыя шарыкавы з маўзерамі ўжо на парозе нашых утульных дамоў. І яшчэ я аб тым, як нехта ўжо хоча ўчыніць новы гвалт — ужо над сваякамі забойцаў. Гэта жах. Я не хачу гэтага вар'яцтва.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочешь поделиться важной информацией анонимно и конфиденциально?