17 верасьня 2008 году яшчэ надоўга ўвойдзе ў гісторыю беларускага футболу. Менавіта ў гэты дзень наша каманда стартавала ў групавым этапе Лігі чэмпіёнаў. Гераічны БАТЭ з гонарам прайшоў тры кваліфікацыйныя раўнды, і зрабіў тое пра што яшчэ зусім нядаўна мы не маглі нават марыць.

Дарэчы, гэта першы выпадак, калі каманда з найслабейшага кошыку дайшла да групы самага прэстыжнага эўрапейскага турніру. Яшчэ адзін рэкорд усталяваў галоўны трэнэр барысаўцаў 31-гадовы Віктар Ганчарэнка, ён стаў самым маладым настаўнікам, што вывеў сваю каманду ў Лігу чэмпіёнаў.

Найлепшага ж старту для БАТЭ і прыдумаць было немагчыма – матч на славутым “Санцьяга Бэрнабэу” з самым тытуаваным клюбам Эўропы мадрыдзкім “Рэалам”. Толькі Кубак эўрапейскіх чэмпіёнаў і Лігу чэмпіёнаў “сьлівачныя” выйгрвалі ажно дзевяць разоў – болей не выйграваў ніхто.

Галаўным болем для Віктара Ганчарэнкі была дыскваліфікацыя двух асноўных форвардаў каманды – Віталя Радзівонава і Генадзя Блізьнюка. Замест іх на вастрыню атакі быў кінуты нядаўні навічок баўгарын Мірчаў.

Першыя хвіліны мадрыдцы практычна не давалі барысаўцам шанцаў зачапіцца за мяч. Адзін галяндзец ван Ністэльрой мог афармляць хет-трык, але ня склалася.

У першым тайме размачыць Сяргея Верамко змог толькі Сэрхіё Рамас пасьля розыгрышу вуглавога. Потым БАТЭ атрымалася неяк выраўніць гульню. Хвіліне на 30-ай сустрэчы званіў сябар, які з прыдыханьнем казаў, што наша камада гуляе на ўзроўні клюбаў Прымеры.

І што парадаксальна па ўдарах у створ варот барысаўцы ў першай палове гульні нават пераўзышлі мадрыдаў – 2:1. Але лічбы не павінны ўводзіць у зман – “Рэал” глядзеўся аб’ектыўна мацней.

У пачатку другога тайму Сяргей Крывец і Ўладзіслаў Мірчаў маглі выйсьці адзін на адзін з варатаром, аднак не змаглі падзяліць мяч. Фактычна ўжо ў наступнай атацы “Рэал” павялічыў лік. Рауль моцна прабіў, Верамо справіўся з ударам, але мяч няўдала трапіў у нагу Ўладзімера Ржэўскага. Ван Ністэльрою заставалася толькі падставіцца.

За 28 хвілінаў да фінальнага сьвістка галяндзец сурынамскай крыві Дрэнтэ справакаваў на чырвоную картку Анры Хагуша. Яшчэ больш за паўтайма нашай камандзе давялося гульць у меншасьці.

Замяніўшы адзінага форварда Мірчэва на абаронцу Казанцава, Ганчарэнка даў зразумець, што для яго ў гэты вечар важна не прайграць з буйным лікам. Тытанічнымі намаганьнямі Вяромкі і абаронцаў лік атрымалася захаваць прыстойным – 2:0.

Зрэшты, гульня нікога не расчаравала. Думаецца, што ў Менску “Рэалу” будзе нашмат цяжэй.

***

У другім матчы групы турынскі «Ювэнтус» дома зь мінімальным лікам 1:0 перамог піцерскі «Зэніт». Адзіны год правёў Алесандра Дэль П’ера.

Турнірнае становішча: Рэал, Ювэнтус -- па 3, Зэніт, БАТЭ -- па 0.

У наступным туры Лігі чэмпіёнаў 30 верасьня БАТЭ прыме дома «Ювэнтус», а «Рэал» паедзе ў госьці да «Зэніту».

***

Іншыя вынікі гульнявога дня

Група «Е»

Манчэстар Юнайтэд -- Вільярэал - 0:0, Сэлтык - Ольбарг -- 0:0

Турнірнае становішча: Манчэстар, Сэлтык, Вільярэал, Ольбарг - па 1.

Група «G»:

Дынама Кіеў -- Арсэнал -- 1:1, Порту -- Фэнэрбахчэ -- 3:1

Турнірнае становішча: Порту - 3, Дынама, Арсэнал - па 1, Фэнэрбахчэ - 0.

У наступным туры «Дынама» згуляе ў Стамбуле з «Фэнэрбахчэ»

Група «F»:

Сьцяўа - Баварыя -- 0:1, Алімпік Ліён - Фіярэнціна -- 2:2.

Турнірнае становішча: Баварыя - 3, Алімпік, Фіярэнціна - па 1, Сьцяўа - 0.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?