16 кастрычніка 2017 г. споўнілася 80 год сябру Згуртаваньня Беларусаў Канады Галіне Гаўрылаўне Сяргеевай, кандыдату гiстарычных навук, у мiнулым загадчыку аддзелу мiжнародных сувязяў Беларусi Iнстытуту гiсторыi Aкадэмii навук Беларусi на працягу 10 год, вучонаму сакратару навуковае рады пры iнстытуце па абароне доктарскiх i кандыдацкiх дысертацыяў, аўтару шэрагу працаў па тэматыцы беларускае дыяспары i iнш.

У свой час Спадарыня Галіна Сяргеева рыхтавала Мiхася Ткачова да абароны доктарскае дысертацыi, у пэўным сэнсе паспрыяла ператэстацыі кандыдатаў навук Зянона Пазьняка і Валянціна Голубева, якіх праз ціск на вучоную раду Інстытуту з боку парткаму спрабавалі пазбавіць працы, то бок, сродкаў існаваньня.

 У Дзень Народзінаў Спадарыні Галіны прадстаўнікі Згуртаваньня Беларусаў Канады павіншавалі яе з юбілеем. Іхны візіт з уручэньнем бардовых ружаў разам з кнігаю ''Айчына'' Уладзімера Арлова і Паўла Татарнікава і кубкам з выяваю Камянецкае Вежы стаўся настолькі нечаканымі, што Спадарыня Галіна расчулілася і ўжо не супраціўлялася просьбе сказаць некалькі словаў з нагоды ейнага асабістага сьвята, што былі занатаванымі на відэа.

У прыватнасьці, Спадарыня Галіна Сяргеева адзначыла, што ёй пашанцавала, што пры ейным жыцьці адбыліся лёсавызначальныя падзеі на ейнай Радзіме Беларусі, калі ўжо здавалася, што жалезабэтонны Савецкі Саюз не разваліцца так хутка, як гэта здарылася, і мы станемся вольнымі. І тут для яе стала вялікім шчасьцем і адначасна здзіўленьнем тое, што ў Беларусі паўстала прыстойная апазіцыя, якая здолела здабыць незалежнасьць краіны і накіраваць яе па некалькі іншаму шляху, чым на гэта разьлічвала тагачасная афіцыйная беларуская ўлада. Спадарыня Галіна вельмі шчасьлівая, што ёй давялося пажыць у гэтай новай Беларусі. Але здарылася так, што яна апынулася ў эміграцыі. І гэта сталася зьвязаным з рашэньнем ейных дзяцей, якія вырашылі наладзіць жыцьцё у іншай краіне, у Канадзе. І яна паехала, каб дапамагчы ім усталявацца ў новай дзяржаве. Спадарыня Галіна адзначыла яшчэ, што яна шчасьлівая й і ў тым, што й тут у яе была добрая старонка жыцьця ня толькі у асабістым пляне, што ейныя дзеці і ўнукі добра ўладкаваліся ў Канадзе, але яшчэ й у тым, што я знайшла тут такіх людзей, што падтрымалі ейнае пачуцьцё, разуменьне беларускасьці, ейныя адносіны да Беларусі, да беларускае нацыі. Яна ўсьцешана тым, што тут існуе такая арганізацыя, як Згуртаваньне Беларусаў Канады, у шэрагах якое яна мае гонар знаходзіцца. Існаваньне й дзейнасьць Згуртаваньня ёсьць адзнакаю таго, што Беларусь жыве, жыве беларускасьць ня толькі ў самой Беларусі, але і й тут, у замежжы.

Ларыса Языковіч, галоўны рэдактар Выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі», даслаўшая віншаваньні Спадарыні Галіне Сяргеевай, распавяла аўтару сапраўднага артыкулу, што ведае Галіну Гаўрылаўну Сяргееву з 1977 года, калі яна — зусім маладая дзяўчына Ларыса, пасля сканчэння гістарычнага факультэту Беларускага дзяржаўнага універсітэту прыйла вучыцца ў аспірантуру Інстытуту гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. У той час Галіна Сяргеева працавала ў Інстытуце вядучым навуковым супрацоўнікам, пазьней - загадчыкам аддзела міжнародных адносінаў Беларусі. Разам з ёю Ларыся Языковіч пачала грунтоўнае вывучэнне гісторыі Беларускае Дыяспары ў свеце. Характарызуючы асобу Спадарыні Галіны Сяргеевай Ларыса Языковіч падкрэсьлівае, што гэта вельмі дасведчаны, прынцыповы і адначасна адкрыты да дыялогу чалавек. Спадарыня Галіна Сяргеева вучыла яе працаваць з дакумэнтамі, гістарычнымі першакрыніцамі, заўсёды магла даць каштоўную параду ў навуковых і жыццёвых справах.

Расспавядаючы пра Спадарыню Галіну Сяргееву Дырэктар БІНІМ, Нью-Ёрк Вітаўт Кіпель у прыватнасьці ўзгадаў наступнае:

''… Зь вялікай прыемнасьцю далучаюся да беларусаў Канады у адзначэньні юбілею Спадарыні Галіны Сяргеевай - саліднага беларускага навукоўца. Адначасна не магу ўстрымацца ад пары прыемных разважаньняў-успамінаў. Са Спадарыняй Галінай Сяргеевай мы, Янка Запруднік, Зора Кіпель, Вітаўт Кіпель, пазнаёміліся ў травені 1991 г. у Менску на Першым Кангрэсе Беларусістаў, на які мы, сябры Беларускага Інстытуту Навукі і Мастацтва ў Ню Ёрку, ЗША, былі запрошаныя. Прыпомню: Менск у травені 1991 г. быў яшчэ горадам імпэрыі СССР. А мы былі прадстаўнікамі Беларуска-Амэрыканскай арганізацыі. Ясна, на Кангрэсе, у дачыненьні да нас, амэрыканцаў, асьцярожнасьць адчувалася. Тым ня меньш, на сэсіях, паседжаньнях мы выступалі зыходзячы з прынцыповых пазіцыяў, прадстаўляючы свае погляды, не заўсёды пазітыўныя да СССР. Але кіраўніцтва Кангрэсу, а Спадарыня Галіна Сяргеева была адная з ягоных вядучых кіраўнікоў, выдатна вялі плянары, даючы нам поўную свабоду выказваньняў. На Кангрэсе мы адчулі, што і ў савецкай Беларусі ёсьць дасьледчыкі нацыянальнага беларускага кшталту, а не толькі савецкага. Бяспрэчна, Спадарыня Галіна Сяргеева належыць да авангарду беларускіх нацыянальных навукоўцаў, а ейны побыт-праца ў Канадзе — пазітыўная адзнака ўсяе Беларускае Дыяспары…''

Віншуючы Спадарыню Галіну Сяргееву зь жыцьцёвым юбілеем Старшыня Рады БНР Спадарыня Івонка Сурвілла таксама выказала ёй пажаданьне, каб ''споўніліся нашыя агульныя мары пра будучыню нашай Бацькаўшчыны''. Старшыня КХП-БНФ Доктар Зянон Пазьняк зычыць Юбіляру ''моцнага здароўя і дзейнай энэргіі дзеля нашай агульнай Беларускай справы і дарагой Бацькаўшчыны''.

Канадыйская дызайнерка Ірына Варабей узгадала, што пазнаёмілася са Спадарыняй Галінай Сяргеевай ужо ў Канадзе, падчас ейнага візіту ў краіну ці не пятнаццаць гадоў таму, і адразу адчула вялікую прыцягальнасьць гэтага чалавека. Шкадуе, што мала давялося за гэтыя гады з ёй кантактавацца, бо са Спадарыняй Галінай заўсёды цікава, яна так шмат ведае, у ёй столькі досьведу ў Беларушчыне і проста жыцьцёвага. Ірына Варабей ганарыцца сваім сяброўствам з са Спадарыняй Галінай Сяргеевай, заўсёды цешыцца іхнымі хоць і рэдкімі, але запамінальнымі сустрэчамі і сумоўем.

Далучылася і ў мінулым Старшыня Вялікае Рады ЗБС ''Бацькаўшчына'', прыклаўшая немалыя высілкі па арганізацыі і правядзеньню у 1993 г. Першага Зьезду памянутае арганізацыі на такім высокім узроўні, што годна высьвечвае тую выбітную падзею ў гісторыі Беларускага Народу, на фоне наступных шасьці зьездаў ''Бацькаўшчыны'', пасьлядоўна дэманструючых няўмольнае скочваньне яе ў шэраг структураў з беларускаю шыльдаю, фактычна абслугоўваючых сёньня інтарэсы МЗС Беларусі, то бок, інтарэсы рэжыму, што пануе ў краіне.

Да віншаваньняў, што з усяе Эўропы й Амэрыкі йшлі у адрас Спадарыні Галіны Сяргеевай, таксама далучыліся галоўны рэдактар газэты ''Беларус'' Спадарыня Ганна Сурмач, Нью-Ёрк, ЗША, доктар Галіна Туміловіч, Атава, Канада.

У лісьце Галоўнае Ўправы Згуртаваньня Беларусаў Канады, накіраваным Спадарыні Галіне Сяргеевай, ёсьць такія радкі:

''… Ганарымся тым, што маем Вас у нашай Беларускай Канадзе. Вы не так даўно далучыліся да тутэйшага беларускага арганізацыйнага жыцьця, але пасьпелі ўжо шмат у чым дапамагчы нашай грамадзе. Акадэмічны ўзровень і зьмястоўнасьць Вашых выступаў на гістарычныя тэмы, Ваш актыўны ўдзел у грамадзкіх і культурных імпрэзах заўсёды шчыра вітаюцца грамадой. Вашыя сьціпласьць, дабразычлівасьць і прыязнасьць дужа прыцягальныя, яны па-сапраўднаму нашы, беларускія. Вас паважаюць, з Вас бяруць прыклад. Цешымся, што маем сярод нас не толькі навукоўцу высокага ўзроўню, але й шчырую беларуску, прыгожую жанчыну! Верым, што і надалей будзеце дапамагаць нам сваімі глыбокімі ведамі, жыцьцёвым досьведам і добрай парадай. Многая Лета, Спадарыня Галіна!''

З прыемнасьцю й задавальненьнем далучаемся да вышэйсказанага.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочешь поделиться важной информацией анонимно и конфиденциально?