11.11.2017 / 19:40

Беларускія брукаванкі. Каралеўскімі дарогамі гістарычнай Наваградчыны ФОТЫ  35

Апошняя наша ў гэтым сезоне вандроўка па брукаванках супала з першым зазімкам. У Мінску мёў мокры снег. Начная завіруха прымушала задумацца: ці варта рызыкаваць на новай чужой машыне за 65 тысяч рублёў?

Але варта было сесці ў Volkswagen Tiguan, які нам дастаўся для гэтай паездкі, як сумненні зніклі. Шырачэзны салон, падагрэў лабавіка і люстэрак задняга віду, ніякай паруснасці, ніякіх заносаў — машына цвёрда ідзе па слізкаватай трасе. 

Мы едзем у бок Нясвіжа і Наваградка, у сэрца Вялікага Княства Літоўскага, на радзіму паэтаў, музыкаў, найбагацейшых магнатаў мінулага і топавых чыноўнікаў сучаснасці.

Пра першыя дзве нашы вандроўкі чытайце тут:

«Гэта дарога вечная». У пошуках беларускіх брукаванак. Спецпраект НН

Ад Налібакаў да Смаргоні

Volkswagen Tiguan Highline TSI DSG

Рухавік бензінавы 1,4
Магутнасць 110/150 Квт / к.с.
КПП 6 AUT DSG
Электраскладаныя вонкавыя люстэркі задняга віду
парковачны асістэнт Park Assist 
камера з панарамным аглядам Area View і камера задняга віду Rear View 
сядзенне кіроўцы ergoActive з рэгуляваннем у 12 кірунках і функцыяй масажу 
святладыёдныя LED фары 
святлааўтаматычны карэктар фар
святлодыёдныя LED заднія ліхтары ў адмысловым 3D дызайне
ESP - электронная супрацьзаносная сістэма
электрамеханічны стаяначны тормаз з асістэнтам камфортнага старту пры руху на ўздыме Auto-Hold
сістэма маніторынгу пешаходаў і актыўны капот
асістэнт кантролю дыстанцыі спераду Front Assist
дыскавыя тармазы спераду і ззаду
падушкі бяспекі
мультыфункцыянальнае скураное рулявое кола з абаграваннем і кнопкамі кіравання бартавым кампутарам і аўдыёсістэмай
3-зонны аўтаматычны клімат-кантроль Air Care Climatronic з антыалергенным фільтрам і магчымасцю кіравання ззаду
круіз-кантроль
датчык дажджу
інтэрактыўная прыборная панэль Active Info Display
сістэма кантролю ціску ў шынах
разетка 230 V ў багажным аддзяленні.

Што гэта за праект

З 2011 года на заклік фатографа «НН» Сяргея Гудзіліна чытачы з усёй краіны дасылалі нам інфармацыю пра свае брукаванкі. Складалася база. Але ён мог бы і застацца ў катэгорыі прыгожых ідэй, калі б не Volkswagen у Беларусi.

У некалькіх публікацыях мы пакажам вам гэтыя старыя дарогі і месцы, якія маглі б стаць выдатнымі турыстычнымі маршрутамі. 

Сыходзім з Брэсцкай трасы пад Стоўбцамі, праязджаем Новы Свержань, строгая каталіцкая архітэктура якога не так даўно была «асвоеная» бліскучымі праваслаўнымі макавінамі. Мястэчка прачынаецца. Паркуецца ля школы жоўты аўтобус (яны сталі ўжо асаблівасцю ландшафту па меры згортвання вясковых школ), едуць на работу роварамі вясёлыя леснікі з бензапілой, ідзе на ферму маладая даярка, слухае музыку на смартфоне праз навушнікі.

Першую брукаванку спатыкаем у вёсцы Ахрэмавічы. Тут яна стала ахвярай вадаправоду, што нядаўна прайшоў па вуліцы. Вёска дачная, пустая ўранку будняга дня.

Радзівілы

Магнацкі род, найбуйнейшыя землеўласнікі ў Беларусі ў часы ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Займалі найвышэйшыя дзяржаўныя пасады. Сталіцай беларускай галіны роду быў Нясвіж.

* * *

Мы ў наваколлях Нясвіжа, на землях Радзівілаў, якіх у Рэчы Паспалітай звалі некаранаванымі каралямі. Тут мала лесу: гэтыя ўрадлівыя глебы здаўна абрабляліся. Ураджаямі з іх аплачваліся шчодрыя фундушы і ахвяраванні, прыгажосць твораў мастацтва, палацаў і храмаў, слава вайсковых перамог — але таксама інтрыгі, дзікія гулянкі і саляныя дарогі для язды на мядзведзях.

 

Пане Каханку

Мянушка Караля Станіслава Радзівіла (1734—1790), ваяводы віленскага, аднаго з найбагацейшых магнатаў Еўропы свайго часу. Выступаў супраць падзелаў Рэчы Паспалітай і за гэта на доўгі час быў выгнаны з краіны расійскай царыцай Кацярынай ІІ. Вядомы таксама сваімі жартамі і дзівацтвамі. Яго вобраз стаў фальклорным.

* * * 

Нечаканая такая паралель: Пане Каханку ездзіў на мядзведзях па саляной дарозе, а мы на нашым мядзведзі-Тыгуане едзем па цукровай.

Ягамосць цукровы бурак замяніў Радзівіла і пануе ва ўсім наваколлі.

Бурты на палях, самазвалы, поўныя карняплодаў, і дзе б мы ні былі — згубленыя цукровікі на ўзбочынах калдобістых дарог.

Цэнтр усёй гэтай слодычы — у Гарадзеі. Тут проста на вуліцы пахне салодкай ватай, як з аўтамата ў парку Горкага.

 

Гарадзейскі цукровы камбінат

Працуе з 1959. Апроч асноўнай прадукцыі, вырабляе павідлы, канфіцюры, кармы для скаціны, угнаенне. Горадаўтваральнае прадпрыемства: тут робіць ад 70 да 90% працаздольнага насельніцтва Гарадзеі.

* * *

Яшчэ пазітыўней выглядае Сноў, цэнтр багатага агракамбіната і радзіма Міхаіла Мясніковіча. Святлафоры, кавярні, нават — на 2500 чалавек — ёсць нармальных памераў басейн!

Брукаванкі ў гэтай мясцовасці рэдкія: багатыя гаспадаркі закаталі іх у асфальт. Таму мы кіруемся на поўнач, дзе, падказваюць нам чытачы, брук яшчэ служыць людзям.

Валэра клаў асфальт

Праязджаем Чэрніхава, шырака раскіданае па ўзгорках, знаходзім брукаванку, якая выступае з-пад пазнейшых жвіравых наслаенняў.

У Чэрніхаве жылых хат мала. Сярод драўляных дамкоў — даваенная цагляная камяніца, пастаўленая багатым селянінам, у ёй памалу завальваецца шчыт.

Прыгожая брукаванка ў Савічах.

Адкрываем для сябе магчымасць разглядаць яе проста не выходзячы з салона. Камера панарамнага агляду Area View дазваляе бачыць усе драбніцы з любога боку аўто.

Тут мы сустракаем першую характэрную для Наваградчыны індычыную чараду. Бабуля ледзь ходзіць сама, але індыкоў трымае.

Хто рабіў брук — за даўнасцю людзі не помняць. Затое добра помняць, хто клаў асфальт у наваколлі: армянская брыгада на чале з брыгадзірам «Валэрам». Пасля землятрусу 1988-га армяне многа дзе так зараблялі ў Беларусі. «Каток у іх быў самаробны, дык пакладуць асфальт, а потым конь на яго стане і капытоў адарваць не можа».

Той армянскі асфальт паспаўзаў з дарогі, агаліўшы брукаванку зноў.

І Радзівілаў тут помняць. Паказваючы на якія-небудзь гаспадарчыя руіны, мясцовы чалавек скажа са значнасцю: яшчэ радзівілаўскія.

Рэшткі панскага маёнтка ў Задвеі. 

Ішкалдзь

Перад Паланечкай паварочваем на Ішкалдзь. Заязджаем у яе з непараднага, нежылога боку. Тут завальваюцца памалу рэліктавыя хаты пад такімі ж клёнамі.

Такое ўражанне, што яны помняць апошнія набегі крымчакоў, якія даходзілі сюды ў пачатку XVI стагоддзя. Старой вуліцай ляжыць брук. Цікавае нам расказалі пра яго: у 1980-я, калі тут збіраліся класці асфальт, людзі не далі гэтага зрабіць, адстаялі брукаванку.

Тых людзей няма ўжо — амаль уся вуліца «дачная». Павярнуўшы пад горку, уз’язджаем да ішкалдскага касцёла Святой Тройцы, аднаго з найстарэйшых храмаў у краіне, збудаванага — страх падумаць — яшчэ за вялікім князем Казімірам, сынам Ягайлы. Ходзіш па зялёненькай пастрыжанай тэрыторыі вакол і проста нагамі чуеш, як гудзе пад табой зямля ад тэрабайтаў гісторыі.

Цікава яшчэ, што Ішкалдзь напалову падзеленая мяжой абласцей: брукаванка на Берасцейшчыне, а касцёл ужо на Міншчыне.

Ішкалдзь

Вёска, вядомая з XV ст. Славутая адным з найстарэйшых храмаў краіны. Гатычны касцёл быў збудаваны ў 1472 уладальнікам Ішкалдзі Мікалаем Неміровічам.

* * *

Славутыя землякі 

Наступная наша брукаванка — аж пад Мірам. Па дарозе туды мы праязджаем Макашы, радзіму паэта Уладзіміра Жылкі. Хата, у якой ён нарадзіўся, стаіць на ўскрайку, пры рацэ Ушы. Нягледзячы на мемарыяльную табліцу, хата не музейная. Чалавек выкупіў яе і жыве, сказалі нам вяскоўцы. Побач з шыльдай тырчыць газавы лічыльнік.

Уладзімір Жылка

(1900—1933) паэт, перакладчык. Сябра літаратурных згуртаванняў «Маладняк» і «Узвышша». У 1930 арыштаваны па сфабрыкаванай НКВД справе «Саюза вызвалення Беларусі», памёр у высылцы ад сухотаў. Мала хто ведае: гэта Жылка прыдумаў для Вільні азначэнне «крывіцкая Мекка», якое прыжылося.

* * *

На гэтым славутыя землякі не сканчаюцца.

За вёскай заўважаем адноўлены млын над ставом і дамкі-бунгала на ўзгорку, да якіх вядзе дарожка з свежай пліткі.

Каля дамкоў гумарныя дзядзькі з мясцовага сельсавета і лясгаса трохі здымаюць стрэс пасля візіту міністра лясной гаспадаркі. У іх аказваецца ключ ад млына, і мы можам яго агледзець. Тут меўся быць музей.

Адпачынкова-турыстычны комплекс быў задуманы тады, калі кіраўніком Мінскай вобласці стаў Леанід Крупец, родам з Макашоў. Але потым земляка перавялі паслом у Бразілію і работа замарудзілася.

Танкі на бруку

Па дарозе да Міра робім разведку: збочваем у вёску Сімакова. Volkswagen Tiguan спакойна пераадольвае яміны і няроўнасці, фатальныя для многіх яго калег.

Мы за час нашых падарожжаў бачылі брук, разбіты трактарамі, лесавозамі, экскаватарамі, самазваламі, але вось па гэтым прайшлі танкі.

Сур’ёзна. «Гадоў дваццаць таму былі вучэнні, — расказваюць нам кабеты на лавачцы. —

Танкам указальнік паставілі, каб яны праз поле ехалі. А дзеці той указальнік павярнулі на вёску. Мы прачынаемся — што робіцца: грукат стаіць. Мы думалі, Амерыка напала!»

Мір

Мір у будні нешматлюдны, хоць пару турыстычных аўтобусаў стаіць. Перад замкам фатаграфуюцца кітайцы. Прыходзім у дзяржаўную рэстарацыю, але там абедае турыстычная група, а афіцыянт адзін і не можа разарвацца. Ідзём у прыватную кавярню ў будынку XVI стагоддзя. Цэны блізкія да мінскіх. «Выжываем за кошт расійскіх канікулаў», — кажа малады гаспадар. Ён утварыў сімбіёз з турагенцтвам, якім кіруе яго сяброўка: агенцтва арганізуе аўтобусныя туры з Расіі, а кавярня — корміць.

«Замак — ён тут адзін, няма чаго болей глядзець. Людзі заязджаюць падчас аглядных тураў. Хоць вось зрабілі пяць дзён бязвізу для замежнікаў — трохі лепей: кітайцы з’явіліся, палякі. Кажуць, скора трыццаць дзён зробяць, гэта яшчэ лепей для нас будзе».

Вялікая частка сілаў малога рэгіянальнага бізнэсу ідзе на баданне з мясцовай уладай. «Хацеў выкупіць будынак бровара ў Карэлічах — не дазволілі, — расказвае рэстаратар. — Ды што бровар, мапы немагчыма ў іх узяць для інфацэнтра, каб турыстам раздаваць».

Мірскі замак

Шэдэўр беларускай архітэктуры, уваходзіць у спіс помнікаў сусветнай спадчыны ЮНЭСКА. Пабудаваны ў першай палове XVI ст. маршалкам ВКЛ Юрыем Іллінічам. Гісторыкам не дае спакою пытанне: навошта? Прыватныя замкі ў ВКЛ тады яшчэ не будавалі і найбагацейшыя магнаты. Ёсць версія, што Іллініч паставіў замак, каб самасцвердзіцца: ён судзіўся з канкурэнтамі за валоданне Мірам 27 гадоў. Калі род Іллінічаў выгас, замак дастаўся іх сваякам, Радзівілам.

Тут была Карэя

У Міры брукаванкі ёсць, але бутафорскія, сапраўдную знаходзім побач, у Вялікім Сяле.

Некаторыя гаспадары тут пры Польшчы забрукавалі нават свае двары. У адным з такіх стаіць старая глінабітная кузня.

Глінабітных будынкаў у Беларусі засталося мала, можна па пальцах пералічыць.

На гэтай тэрыторыі пануе лён. Трактары, гружаныя цяжкімі цюкамі, разбіваюць вялікасельскую брукаванку.

«Як я малы быў, тут калгаснае гумно стаяла, дык жанчыны ўсю зіму трапалі лён — білі яго трапалкамі. Ухутаныя былі па самыя вочы, ад пылу нічога не бачылі… А заробак плацілі ў калгасе раз на год! Атрымаеш пяць рублёў — радуешся. А некаму рахункавод вылічыць, што сена браў, тое браў, тое браў — і ты яшчэ калгасу вінен. За ўсё быў падатак: за кусты, за дрэвы, што ў двары растуць. Заколеш кабана — у хаце разбіраеш, хаваешся бо шчэць трэба здаць дзяржаве, скуру трэба здаць, косткі здаць — хвіга застанецца. Во было жыццё — Карэя Паўночная», — прарывае немаладога дзядзьку ў форменнай жэсаўскай куртцы, сустрэтага на бруку.

Ён едзе з позніх грыбоў, на рулі яго ровара дзве поўныя торбы з «ляпёхамі» (на вока — штосьці ўмоўна ядомае з сямейства Tricholomataceae).

Перадайце Макею

Узгорыстую трасу ад Міра да Карэліч можна назваць адной з найпрыгажэйшых у краіне.

Турэц.

Мы з лёгкім шкадаваннем зварочваем з яе на Беразавец з велічнымі руінамі «грохнутай» у 1960-я царквы.

Сустрэтыя выпівохі з двуручнай пілой чытаюць нам кароткую краязнаўчую лекцыю пра «замак канца XVI стагоддзя», да якога вядзе брукаванка. Замчышча, на якім археолагі нядаўна адкрылі «замак пана Кміты», сапраўды тут паблізу. Але бабуля ў суседніх Крынках расчароўвае: ніякага бруку тут у ваколіцы няма — ні ў Беразаўцы, ні ў Крынках, ні ў Некрашэвічах. Яна наводзіць чысціню каля сваёй сялібы. А дазнаўшыся, што мы журналісты, просіць перадаць міністру замежных спраў Уладзіміру Макею, які з Некрашэвіч родам, каб памог спарадкаваць могілкі ў Крынках, а то зараслі. Так што вастрыце сякерку, Уладзімір Уладзіміравіч, няма чаго ў Мінску сядзець.

Варонча і Равіны

Брук мы адшукалі аж у Варончы — мястэчку з касцёлам, у якім хрысцілі Яна Чачота, і старадаўнім панскім броварам, што паціху пераарыентоўваецца на выпуск шклоачышчальнікаў. Каля таго бровара, на ўскраінных вуліцах, і пазаставалася брукаванка.

Варонча. Узоры ландшафтнага дызайну.

Затое ў Равінах яна захавалася цудоўна, нават з бардзюрам з большых камянёў. Бо мала хто па ёй цяпер ходзіць. «Польскі брук!» — пахітваецца і шырака махае рукамі равінец, імкнучыся так многа выказаць жэстам. У яго ў руках нож, якім ён, усё тымі ж кавалерыйскімі ўзмахамі, абразае вінаград у гародчыку.

З трох сустрэтых тут мужыкоў двое былі з нажамі. Другі проста бульбу чысціў. «Схадзіце ў той канец вёскі, там жыве бабуля — 95 гадоў, — раіў ён нам. — Памяць такая! Усё вам раскажа». Прыходзім, пытаемся. Аказваецца, яна памерла ўжо тры гады як… Вёска, асабліва малая, перастае быць грамадой, гэта не соцыум, а прытулак адзіночак.

Цыліндрычныя калодзежы-ракеты — адзнака гэтай мясцовасці.

Прыватная вёска Ценявічы

Па дарозе да баранавіцкай трасы ўжо надвячоркам завітваем у яшчэ дзве брукаваныя вёскі: Саленікі і Ценявічы. У першай, мяркуючы па запаленым у вокнах святле, засталося пару жыхароў.

Другая — цалкам нежылая. Ценявічы — гэта, хутчэй, гатэль для турыстаў у выглядзе вёскі. Яна належыць прадпрымальнікам, якія знайшлі абязлюдзелым Ценявічам новае такое незвычайнае прызначэнне.

На ўездзе стаіць брама, хаты акуратна адноўленыя, уздоўж брукаванай вуліцы ліхтарні, у цэнтры вялізная карчма і сцэна. Зняць хату на дваіх каштуе 200 рублёў у выходны. Такой парой у Ценявічах нікога няма апроч двух рабочых, якія рыхтуюць яшчэ адзін дом пад здачу.

На выездзе з Цяневіч сустракаем рэтра-бус Volkswagen.

Начаваць едзем у Баранавічы. Дадатковая зручнасць на начной трасе: разумнае аўто з дапамогай асістэнта Light Assist само пераключае дальняе святло на бліжняе, калі з’яўляецца сустрэчная машына.

Дарогай мільгае ўказальнік на Завоссе, дом-музей Адама Міцкевіча.

У Баранавічах, дарэчы, таксама ёсць брукаванка на цэнтральнай вуліцы. І гэта не каменныя «каціныя ілбы», а часаны кубікамі чорны базальт.

Каціныя лбы

Так даўней у Беларусі называлі каменны брук.

Моўчадзь

Наступны дзень мы, паблукаўшы трохі па Новай Мышы, пачынаем з Моўчадзі. Гэта атмасфернае мястэчка, якое ляжыць нібы на адной з трыбун вялізнага прыроднага амфітэатра, арэнай якога з’яўляецца пойма ракі з той самай, што і мястэчка, назвай. І стоячы на былой рынкавай плошчы, бачыш неймавернай прыгажосці восеньскія лясы на процілеглай «трыбуне».

У цэнтры Моўчадзі захавалася забудова пачатку ХХ стагоддзя.

Мураваная сінагога.

Хаты з дзвярыма на вуліцу. (Бо навошта пакупніку аціраць завуголлі, шукаючы ўваходу ў краму з найлепшым таварам?) Хаты, адлегласць між якімі —метры два, з дзвярыма адна да адной. (Бо як іначай забегчы да сваякоў пагутарыць пра сёе-тое і не змерзнуць зусім у такі вялікі мароз?) Хаты на высокім падмурку з дзвярыма ў цокалі проста на кірмашны пляц… У вайну тут стала гета. На помніку забітым землякам — два дзясяткі беларускіх прозвішчаў. І пазнака пра «3600 другіх савецкіх грамадзян». Ні слова пра яўрэяў.

Узбоч помніка ідзе брукаванка.

Крамы на пляцы ў Моўчадзі цяпер усяго дзве, прыватная і дзяржаўная. Магазіншчыца, пачуўшы пра наша зацікаўленне брукам, падказвае заехаць у суседнія Соргавічы.

Мікалай з Данбаса

На чыгуначным пераездзе сустракаем дзядзьку на ровары ў форменнай чыгуначнай куртцы. Дзівімся яго нязвыкламу паўднёваму маўленню: у Моўчадзі гавораць добрай літаратурнай мовай.

Аказалася, Мікалай — украінец з Данбаса. Але не з новых перасяленцаў, жыве тут ужо 42 гады. «Як быў малады, турыстычнае агенцтва «Спутнік» рабіла паездкі па СССР, — расказвае ён сваю гісторыю. — А вона (гэта значыць, яна, будучая жонка) была адсюль, з Соргавіч, даярка. Мы з ёй у паездцы і пазнаёміліся, у Ерэване. Пасля напісаў ёй ліст ужо з дому, ці згодная выйсці за мяне. Пажаніліся. Трохі там пажылі, сын нарадзіўся, пераехалі сюды». На Данбасе у Мікалая застаўся брат, у вядомай па нядаўніх трагічных падзеях Аўдзееўцы. «Піша мне. Там проста вайна. Ноччу ў падвал хаваемся, кажа. Цяпер хоць трохі сціхла».

Прыпускае дождж і мы развітваемся. Мікалая гне да зямлі свежае гора: памёр той сын нядаўна.

Ад чыгуначнага пераезда некалькі кіламетраў да Соргавіч ідзе брукаванка, аточаная старымі кляновымі прысадамі. Штовосень тоны біямасы ападаюць на брук, усё глыбей хаваюць яго.

 

Узгоркі вакол Соргавічаў. Кантрасты беларускай восені: наперадзе — ідзе дождж, а на гарызонце свеціць сонца.

Валянцінаў двор

Кіруючыся да наваградскай трасы, вырашаем заехаць у Амневічы. Заезд у вёску ляжыць фактычна праз Валянцінаў двор. Валік, як называе яго маці, Зінаіда Іванаўна, бацька чатырох дачок, працуе ў фермера, які тут жа праз некалькі хат жыве. Фермер мае 200 гектараў зямлі, яму дапамагаюць чатыры пастаянныя работнікі, у сезон наймае яшчэ. Зарабляе Валянцін 500 рублёў на месяц — неблагія для вёскі грошы. Плюс свая гаспадарка — ды якая! Усе магчымыя віды хатняга птаства (уключна з індыкамі, вядома), авечкі, каровы.

Ёсць нават конік — малодшая дачка-дзевяцікласніца займаецца ў мясцовым конным клубе, дык ёй купілі дзікае жарабя, яна яго аб’язджае.

Гаварылі з гэтымі разважлівымі светлымі людзьмі, і нараджаўся супакой пасля ўсіх пабачаных за падарожжы карцін выраджэння і спусташэння. Ніякай мітусні, ніводнай пустой думкі не было ў іх гутарцы. На такіх Валіках трымаецца сёння вёска, а можа і не толькі яна.

Хутка Дзяды: жанчына паднаўляе крыж каля вёскі Мастытычы.

Свіцязь

Па дарозе да Наваградка заязджаем на Свіцязь. Яно ўражвае чысцінёй і празрыстасцю. Берагі апетага Міцкевічам возера бязлюдныя ў гэтую пару.

Сярод кручаных дубовых стаўбуроў на ўзбярэжжы дзе-нідзе бачныя вялізныя чорныя пні ад дрэваў, што раслі тут у часы Міцкевіча, а мо і ў часы ягоных персанажаў.

Адам Міцкевіч

(1798—1855) класік польскай літаратуры. Нарадзіўся ў маёнтку Завоссі пад Наваградкам. Найбольш вядомыя ягоныя балады, шляхецкая эпапея «Пан Тадэвуш». Пісаў па-польску, але ў яго мове даследчыкі адзначаюць многа беларусізмаў.

* * * 

Заройскі стараста

На брукаванцы ў Радагошчы нам раяць паехаць у Зарой. Па-першае, там брук, па-другое, «там ёсць стараста, вельмі цікавы мужык».

Радагошча. Каралі дарогі.

Спрабуем прарвацца ў той Зарой праз Лабачы, але кабеты ля аўталаўкі адгаворваюць: засядзеце вы там.

Едзем кругавой дарогай.

Зарой аказваецца вялікай вёскай, у якой заўважаецца высокая ступень самаарганізацыі насельніцтва. Напрыклад, арганізаваліся — і паставілі памятны знак землякам, якія працавалі на нямецкай прыфрантавой вузкакалейцы ў 1916-м.

У пакінутай хаце зрабілі царкву, уссадзіўшы на комін макавіну з крыжам. Ёсць «клуб», куды раён збіраўся аддаць спісаныя бібліятэчныя фонды… А летась зладзілі свята вёскі з артыстамі па мінскім узоры — на гадавіну вызвалення Зароя.

Рухавіком усёй гэтай вясковай грамадскай дзейнасці з’яўляецца «стараста» Святаслаў Сас. Яму за 50, ён вайсковы адстаўнік. Скончыў Львоўскае вайскова-палітычнае, служыў у Баранавічах у МНС, быў пасля кінолагам у вайсковай частцы. Мае кватэру ў Баранавічах, але жыве тут з 82-гадовай маці. «Я для сельсавета як бяльмо на воку, — імпэтна кажа ён. — Увесь час нечага ад іх дабіваюся. То клуб зрабіць, то расклад мясцовага аўтобуса выправіць, то пакінутую ферму хацеў выкупіць…»

У хаце не па-халасцяцку прыбрана і акуратна, хоць відавочна, што парадкуецца тут сам Святаслаў. Ён запрашае нас застацца начаваць, спакушаючы раніцай пачаставаць дранікамі ўласнага прыгатавання, але тактоўна дзякуем: дарога далёкая.

Паходжанне прозвішча Сас

«Сасамі» ў XVIII стагоддзі называлі каралёў Рэчы Паспалітай Аўгуста ІІ Моцнага і яго сына Аўгуста ІІІ, якія паходзілі з германскай зямлі Саксоніі. А таксама ўсіх саксонцаў, якія следам за Аўгустамі прыехалі на службу ў Рэч Паспалітую.

* * *

У Зароі здаўна была традыцыя палоць брукаванку, каб трава не расла. Паводле словаў Святаслава, яны робяць так дагэтуль. На яго хаце вісіць шыльда «Дом узорнага парадку». А на другім канцы вёскі людзі пасяліліся ў халупе без электрычнасці: рэжуць на дровы стары хлеў, паляць печ, у ёй і есці робяць. Такія кантрасты.

На заройскім бруку. 

Кузьмічы. Шыльда на закінутай хаце.

Наваградак

Праз брукаваныя таксама Кузьмічы выязджаем на наваградскую дарогу. Старая сталіца сустракае чародкамі задаволеных школьнікаў, якія адвучыліся апошні дзень чвэрці. Падноўленая нядаўна замкавая вежа глядзіцца ружовенька і кантрастуе з другой. Будзем спадзявацца, вятры і дажджы з часам нададуць ёй адпаведнае гістарычнае аблічча.

Наваградак

Першая сталіца Вялікага Княства Літоўскага. Згодна з летапісамі, у 1250-х адзін з літоўскіх князёў Міндоўг, падпарадкаваўшы сабе іншых, пачаў княжыць тут. Паводле адной з версій, менавіта ў Наваградку ён прыняў каталіцтва і каралеўскую карону ад рымскага Папы.

* * * 

За Наваградкам на нашай мапе брукаванак таксама стаіць кропка.

На ўскрайку Наваградка, там, дзе вуліца Лідская ператвараецца ў вёску Грабнікі, бацька з сынам рамантуюць старую «Волгу», яны і падказваюць: вунь брукаванка, за сялом, перад полем электраветракоў.

Пасля яна перарываецца ворывам і зноў пункцірам з’яўляецца каля вёскі Байкі.

Байкі. Традыцыйны вясковы крыж на фоне ветравых электрастанцый.

Далей мы знаходзім яе каля Мількавіч, дзе яна заводзіць нас у лес, пад шлагбаўм, каб зноў узнікнуць у наваколлі Пятрэвічаў.

Гэта парэшткі старога тракту, які, праз Бярозаўку, радзіму спевака Змітра Вайцюшкевіча, вёў на Ліду і Гродна. Можна меркаваць, што ім карысталіся з часоў вялікага князя Гедыміна, які ставіў тут замкі, каб бараніцца ад крыжакоў.

Стары Лідскі шлях дублюецца новай трасай Р11, па ім амаль ніхто не ездзіць — а які мог бы быць экскурсійны маршрут, каб не ўспорвалі брукаванку цяжкімі плугамі, не ссякалі старажытныя дрэвы абапал яе…

За Пятрэвічамі мы губляем след Лідскага тракту і ледзь не губляемся самі, спрабуючы выехаць на Макрэц лясной дарогай пад горку. Дарогу прабівалі трактары, а дажджавая вада вымыла каляіны з рыфамі валуноў. Volkswagen Tiguan лавіруе, потым усё ж становіцца ў каляю. Але клірэнс дазваляе прайсці там, дзе сеў бы звычайны легкавік. Здрадліва пырскае дожджык, утвараючы між коламі і грунтам слізкую праслойку, на якой красовер падбуксоўвае, але выходзіць-такі наверх. Добра, што лес скончыўся: наступны пад’ём мы проста аб’язджаем па полі.

Праз Уселюб з густоўным гатычным касцёлам трапляем у ваколіцы Беніна. Тут, на малалюдных дарогах, маса вёсак яшчэ забрукавана.

Недзе за Уселюбам. Дарогі-вадаспады.

Як зарабіць паўтары тысячы

У Нізаўцах, нягледячы на надвячорак, ідзе рух: парадкаваць бацькоўскую хату прыехаў адстаўны генерал-маёр расійскага войска. «Служыў у Варкуце, зэкаў ахоўваў», — ківаюць суседзі на строгага сівога дзядзьку ў камуфляжы. У астатнім жыццё тут — як паўсюль. Работы ў ваколіцах надта што не знойдзеш, хіба што ў лесе: на лісічках можна за лета тысячы паўтары даляраў закалаціць.

Нізаўцы.

Брук тут скрозь: у старым Беніне, Ляхавічах, Рахаўцы і Чарэшлі, над аднайменным возерам, дзе сканчаецца наш маршрут. Чарэшлю здымаем ужо ў поўнай цемры, разварочваюся ў прыазёрным тупіку па прыборах, з дапамогай парковачнага асістэнта і святлоідных задніх ліхтароў.

Возера Чарэшля.

Каля Іўя выязджаем на трасу Гродна —Мінск, якая дазваляе ацаніць хадавыя якасці машыны. Volkswagen Tiguan выдатны на разгоне: траса рамантуецца, яна вузкая, з моцным сустрэчным рухам і шанец абагнаць якога-небудзь ціхахода выпадае нячаста. Машына чуйна рэагуе на педаль газа, разганяючыся за секунды з 60 да 120 ў гадзіну. Яшчэ ў раёне Пяршаяў бачым у хмарах на ўсходзе пробліскі: свеціцца Мінск.

Як сведчыць бартавы камп’ютар, за два дні падарожжа мы праехалі 715 кіламетраў з сярэдняй хуткасцю ўсяго 37 кіламетраў за гадзіну. І большасць пройдзеных дарог мы не адолелі б на сярэднестатыстычным легкавіку. Але пабачаныя мясціны былі вартыя рызыкі. Будзем спадзявацца, наш праект прымусіць задумацца турыстычныя агенцыі, якім мы даём у рукі гатовыя маршруты. А таксама натхніць чытачоў на новыя падарожжы і адкрыцці. Сустрэнемся на брукаванках!

Дзякуем Volkswagen у Беларусі за прадастаўлены для падарожжа аўтамабіль. Хоць двух дзён, канечне, было мала, каб раскрыць усе таямніцы і магчымасці Volkswagen Tiguan.

Андрэй Скурко, фота Сяргея Гудзіліна

3
н.м. / Адказаць
07.11.2017 / 15:52
Выдатна, Андрэй. А дробныя заўвагі( хто ніколі не памыляецца?...) далікатна пакінем да лепшых часоў.
2
Вадим / Адказаць
07.11.2017 / 16:32
Красивый и грустный репортаж.
2
чэтко / Адказаць
07.11.2017 / 16:35
Тытанічна-касмічная праца, нашаніўцы! Так трымаць.
Паказаць усе каментары/ 35 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру