Віцебскі абласны суд адмяніў прысуд па справе аб хатніх родах у дачыненні да Вольгі Сцяпанавай.

Пра гэта паведаміла журналістам афіцыйны прадстаўнік абласнога суда Наталля Платоненка, піша БелТА.

«З прычыны неадпаведнасці высноваў суда, выкладзеных у прысудзе, фактычным абставінам справы, якія маглі паўплываць на рашэнне суда, прысуд суда Чыгуначнага раёна адменены і накіраваны на новы судовы разгляд у суд першай інстанцыі», - сказала Наталля Платоненка.

7 верасня суд Чыгуначнага раёна прызнаў вінаватай жыхарку Санкт-Пецярбурга Вольгу Сцяпанаву, якая нарадзіла дачку ў кватэры сваёй маці ў Віцебску. Дзяўчынка неўзабаве памерла ў бальніцы — задыхнулася ў каляплодных водах.

Суд прысудзіў жанчыну да 6 месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі-пасяленні. У тэрмін адбыцця пакарання залічыліся чатыры месяцы ўтрымання пад вартай (з 6 мая па 7 верасня) з разліку адзін дзень да аднаго дня. Але меру стрымання змянілі на падпіску аб нявыездзе, таму Вольгу вызвалілі ў зале суда.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0