24.05.2006 / 18:45

Crack’нуць код да Вінчы

Гэта быў спосаб шыфроўкі, які ведаў і якім карыстаўся толькі адзін чалавек на зямлі… Фэльетон Лёліка Ушкіна.

Гэта быў спосаб шыфроўкі, які ведаў і якім карыстаўся толькі адзін чалавек на зямлі… Фэльетон Лёліка Ушкіна.

Стомлены пошукамі Граалю, прафэсар Робэрт Лэнгдан сядзеў у нумары «Гілтану» і чытаў коміксы пра «Тома і Джэры». Ён быў упэўнены, што ў паводзінах катА ёсьць нейкае закадаванае пасланьне зьніклай цывілізацыі інкаў.

Раптам ў яго пакой уварвалася Сафі Нэвэ – прапрапрапрапраўнучка Хрыста на зямлі.

– Ты чытаў? – яна кінула яму газэту. – У Беларусі забаранілі «Код да Вінчы»!

– Дзякуй Богу, мне абсалютна не даспадобы, як мяне граў гэты Том Гэнкс. Я ж абсалютна іншы – вышэйшы, статнейшы і галоўнае – я чарнаскуры. А што да забароны – нічога дзіўнага. Відавочна, у беларускім кіраўніцтве ёсьць лятэнтны фанат суполкі «Опус Дэі», які зранку ўмяршчвляе сваю плоць клюшкай.

– Справа ня ў тым, – Сафі нарэшце перавяла дух. – Я паглядзела ў энцыкляпэдыях, навяла даведкі і вось што знайшла.

Яна дастала з партманэ нейкі малюнак.

– Гэта рэпрадукцыя вядомай карціны «Вызваленьне Менску ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў», і калі апрацаваць яе ядам Борджа, а потым паглядзець праз рэнтген на вежы танка, які намаляваны ў цэнтры, можна прачытаць словы…

Сафі паднесла да малюнку лупу.

– Божа мой! – зароў прафэсар. На танку было ясна напісана «Т-34».

Гэта быў спосаб шыфроўкі, які ведаў і якім карыстаўся толькі адзін чалавек на зямлі – вялікі да Вінчы. Калі памножыць знакі на колькасьць камандаў у сэрыі «А», а потым падзяліць на колькасьць гітоў Чэлентана, то ясна выходзіла фраза: «Я, уважаемые друзья, не случайно – может, для большинства это в новинку и неожиданно – начал разговор именно с общественных организаций. А что должен говорить Президент после президентских выборов, где практически все население поддержало его. Это не только доверие к Президенту – это доверие ко всей власти, доверие ко всем нам».

– Ці разумееш ты, што гэта значыць? – прамямліў Лэнгдан. – Гэта значыць, што Марыя-Магдаліна нарадзіла не адно дзіця.

– Ты хочаш сказаць, што ў мяне ёсьць далёкаюрадны брат і гэта…

Дзьверы раптам адчыніліся. На парозе стаялі алібінос Сальвас, чокнуты прафэсар Лі і ншыя нэгатыўныя пэрсанажы твору Браўна.

Сальвас выйшаў наперад.

– Вы зьнесяцё гэтую таямніцу з сабой у магілу. Нам ніколі ня быў патрэбны нашчадак Хрыста па жаночай лініі. Больш небясьпечны яго прапрапраўнук. Забараніўшы фільм, ён хацеў адвесьці ад сябе падозраньне, аднак, дзякуючы вам, мы знаем, што гэта быў хітрык. Яму – капец. Аднак спачатку трэба пазбыцца сьведкаў…

Фанатык узьняў пісталет…

Працяг у наступным нумары «НН».

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру