3 лістапада ў краінах «першай хвалі» пачаліся продажы новага прэміяльнага смартфона кампаніі Apple — iPhone X. Беларусь у лік гэтых краін не ўваходзіць, але «шэрыя» прадаўцы ўжо прывезлі навінку ў Мінск. Сёння ў Інтэрнэце з'явілася паведамленне з прапановай узяць напракат скрынку ад апарата для фатаграфій у сацыяльных сетках, піша Tut.by.

Аўтар аб'явы прапануе ўзяць скрынку ў арэнду на 10 хвілін за 40 рублёў. У кошт прапановы ўваходзіць дастаўка па Мінску. Колькасць фотаздымкаў, якія можна зрабіць за адведзены час, не абмежаваны. Прапанова дзейнічае 4, 5 і 6 лістапада.

«Усё па-сапраўднаму. Я проста паглядзеў у інтэрнэце, што ў Маскве такое практыкуюць, і вырашыў паспрабаваць тут. Шмат ажыятажу вакол гэтага, але пакуль ніхто не звяртаўся. Усе думаюць, што гэта розыгрыш», - распавёў нам аўтар аб'явы Яўген.