Бо праўда жыве ў народзе.

Сяржук Сокалаў-Воюш

Truth like-like a blanket that always leaves your feet cold.

Dead Poets Society

Стогадовы юбілей Кастрычніцкага паўстання «правярае» беларускую нацыяналістычную гістарыяграфію на здольнасць шукаць і бачыць тое, чаго раней не заўважалі; на жаль, яна кепска дае рады гэтым выклікам.

Уладзімір Стальмашонак. Народныя камiсары БССР — Д.Ф.Жылуновiч, А.Ф.Мясьнiкоў, В.Г.Кнорын, І.А.Адамовiч, А.Р.Чарвякоў.

Уладзімір Стальмашонак. Народныя камiсары БССР — Д.Ф.Жылуновiч, А.Ф.Мясьнiкоў, В.Г.Кнорын, І.А.Адамовiч, А.Р.Чарвякоў.

«Рэфлекторнае» стаўленне беларускага інтэлектуала да бальшавіцкага праекта можна было назіраць на сёлетнім Кангрэсе даследчыкаў Беларусі ў Варшаве. На дыскусіі, прысвечанай гадавіне, прадстаўнік беларускай экспертнай супольнасці Уладзімір Мацкевіч казаў нешта накшталт «камунізм — абсалютнае зло». У той час як нямецкія выступоўцы, Томас Бон і Фелікс Акерман, спрабавалі скіраваць размову ў бок работы з паняццямі (мадэрнізацыя, нацыятварэнне, эмансіпацыя).

Калі ключавыя ідэолагі беларускага нацыяналізму звяртаюцца да гісторыі Беларусі ў ХХ стагоддзі, часта іхная аргументацыя пераўтвараецца ў такую ж вытворчасць штампаў і труізмаў, спалучаную з маралізатарствам і фантазіямі. Яскравыя прыклады — леташні відэаролік часопіса «Ідэя» ці зусім нядаўняя рэпліка Сяргея Дубаўца, у якой ён цалкам адмаўляе значэнне Кастрычніцкай рэвалюцыі для беларускіх нацыятварэння і дзяржаўнасці.

Перавагі даследчай оптыкі

Зусім іншую перспектыву можна знайсці ў навуковых дыскусіях. Для вывучэння рэвалюцыйнага і, шырэй, савецкага, досведу там выкарыстоўваецца зусім іншая мова (сістэма паняццяў) і іншыя пытанні. Праграмы і захады рэвалюцыі эфектыўна ўплывалі на штодзённасць у колішняй імперыі, ствараючы нечуванае багацце арыгінальных форм сацыяльнай арганізацыі, межаў інтэлектуальнага пошуку і магчымасцяў калектыўна дзейнічаць. Нездарма гаворка вядзецца пра «глабальныя імплікацыі» (наступствы) гэтай падзеі, а 1920-я гады наогул часам называюць «савецкім момантам» у сусветнай гісторыі — паколькі ў гэты перыяд ленінскі праект вызвалення народаў уплываў на нацыяналізмы на ўсёй зямной кулі, засланіўшы ранейшыя «Чатырнаццаць пунктаў» Вудра Вільсана.

Інтэлектуальная перавага гэтых падыходаў выясняецца лёгка.

Дастаткова звярнуцца, напрыклад, да публіцыстыкі і аўтабіяграфічных матэрыялаў Тамаша Грыба, каб пераканацца: ягоная спадчына не змяшчаецца ў схематызм Дубаўца,

але выдатна суадносіцца з разважаннямі аб рэвалюцыйнай біяграфіі Сандры Дальке (у сеціве ёсць відэазапіс з ейным дакладам на гэтую тэму). Менавіта ў гэтай нячуласці да эмпірычнага матэрыялу і прыватнага жыццёвага досведу ляжыць галоўны недахоп апавядання аб «тысячагадовай Беларусі».

Дарэчы, тую ж інтэлектуальную нізкавокасць дэманструе цяперашняя «афіцыйная» акадэмічная гістарыяграфія. Ейны этатызм («государственничество») і тэарэтычная блякласць, якія кампенсуюцца ідэалагічным імпэтам і «пунктам гледжання беларускага народа», моцна нагадваюць «праўду» Дубаўца.

Кастрычніцкая рэвалюцыя, ці, шырэй, трансфармацыя імперыі, «паслядоўнасць крызісаў з 1914 да 1921» года, асягаюць тэктанічныя зрухі і ў цэлым грамадстве, і ў паасобных біяграфіях. Гэта меў на ўвазе Уладзімір Жылка, пішучы пра «час гэты «спакус», калі «на мапу Еўропы ўзышоў беларус». Грані гэтага гістарычнага моманту — рэвалюцыя і каланіялізм, эмансіпацыя і новыя формы цэнзуры, суб’ектнасць і гвалт, — крыху вядомыя і з паасобных даследаванняў па гісторыі Беларусі.

Дубавец лёгка скідае з рахункаў 1920-я як ілюзію і правакацыю. Між тым Расціслаў Платонаў, Алена Маркава і Пэр Андэрс Рудлінг паказалі вялікую, маляўнічую панараму гэтай «прыгожай эпохі». Можна асцярожна казаць пра ілюзіі, але ідэя аб «правакацыі» — тэорыя змовы ў чыстым выглядзе. Гаворка ідзе пра дзясяткі, сотні тысяч людзей, мабілізаваных «рэспублікай Рад», якія штодзённа працавалі над беларускай дзяржаўнасцю, падзялілі ідэалы новай палітычнай і грамадскай сістэмы, змагаліся за ўплыў, удзел і прадстаўніцтва.

Урэшце, можна зірнуць — проста ў парадку нескладанага інтэлектуальнага практыкавання, — на 25 кастрычніка вачыма сучаснікаў. Юры Туронак, напрыклад, лічыў, што лідар беларускага нацыяналізму ў 1910-х гадах, Вацлаў Іваноўскі, станоўча ўспрыняў новы ўрад, у прыватнасці, ягоную нацыянальную праграму. Як пазней Зоська Верас самакрытычна пісала пра менскае беларускае асяроддзе ўвосень 1917 года: «чыталі пастанову Леніна <…> Чыталі і былі настолькі наіўнымі, што верылі».

Варта толькі задумацца, што ў студзені 1919 года Тамаш Грыб вітаў «Беларускую Рэспубліку Радаў». «Тысячагадовая Беларусь» не ў змозе засвоіць гэты досвед, нават распазнаць яго. Затое ён цалкам праясняецца ў кантэксце звычайнага акадэмічнага даследавання. Мой калега Даніэль Шрадэр (аспірант Рэгенсбургскага ўніверсітэта, Нямеччына), даследуе, якім чынам у рэвалюцыйную эпоху «адбывалася» прадстаўніцтва ў саветах і думах.

Ён ставіць пытанне аб камунікацыйных сродках, праз якія ў той час кшталтаваліся палітычная супольнасць, выключэнні, дзеяздольнасць, якія наогул азначалі рэвалюцыю, палітыку і дэмакратыю. Саветы, думы і астатнія прадстаўніцтвы былі пляцоўкай «камунікацыйнага канструявання палітычнай супольнасці і адметнасці», там узнікалі адмысловыя «рэферэнцыі», якія дазвалялі ў штодзённай практыцы ідэнтыфікаваць дэмакратаў, рэвалюцыянераў — а ў Беларусі, напрыклад, прадстаўнікоў «беларускай прафесіі». Не маралізатарства і моц задняга розуму тлумачаць публіцыстыку Тамаша Грыба ў 1919 годзе, а роздум аб інтэграцыйным патэнцыяле і механізмах размежавання ў праекце рэвалюцыйнай дэмакратыі, пра камунікацыйны пункты зборкі новай палітычнай арганізацыі.

Гэта ўсё фарміруе жывую тканіну гістарычнай рэчаіснасці, багатую дынаміку «урокаў мінуўшчыны». Адмаўленне гэтым сведчанням у значэнні, іх ігнараванне як ілюзіі і правакацыі мае тую ж прыроду, што і фанабэрыя «сляпых дацэнтаў», пра якую спрабуе пісаць Дубавец.

Комплекс пераможцы

У разважанні Дубаўца ёсць цікавае тлумачэнне процілеглага погляду на Кастрычніцкую рэвалюцыю: гэта «стэрэатып расейскае правінцыі і прадукт рабскае псіхалогіі». Здаецца, аднак, што і ў поглядах самога Дубаўца можна знайсці цікавыя наступствы комплексу непаўнавартасці. Свайго роду гіперкампенсацыяй, магчыма, з’яўляецца гіпертрафіраванае імкненне «нармалізаваць» гістарычны досвед беларусаў, асабліва што тычыцца нацыятварэння:

«з 1906 году — як з рогу ўсяго многа — беларускія газэты, школы, партыі, царква, тэатры…», «усё, між, іншым, як ва ўсіх», «што ў беларусаў, што ў фінаў ці немцаў», «нічым не горшыя за французаў, ці чэхаў, ці нарвежцаў».

Гэткае бачанне рэчаіснасці можна назваць «комплексам пераможцы». Аляксей Дзерман неяк назваў так ці іначай уяўленую супольнасць прыхільнікаў Лукашэнкі «нацыяй партызан і пераможцаў». Фрустрацыя самога Дзермана, які з неапаганца і крывіча-літвіна стаў лаяльным удзельнікам ток-шоў на БТ, адбілася ў гэтым азначэнні, як у люстэрку. Ці не будзе «ружовы туман» Дубаўца зноў і зноў прыводзіць да такога роду расчараванняў?

Уяўленне аб тым, што ў беларускай культуры паміж 1906 і 1914 гадамі склалася сітуацыя казачнага дастатку («з рога ўсяго многа») — балесны міраж. Пра становішча «Нашай Нівы» Іван Луцкевіч неяк прызнаўся Змітру Жылуновічу: «Трэба кідацца ва ўсе бакі, каб дастаць капейку-другую на нашу справу» (цытата з «НН», 2/1991, с. 9). Беларускі нацыяналізм дзейнічаў ва ўмовах страшнага фінансавага дэфіцыту і слабасці інстытутаў.

Гэта, дарэчы, да пытання аб тым, «чаму не здзейснілася БНР» (якая, бясспрэчна, не здзейснілася, астатняе — wishful thinking). Як часам тлумачылі марксісцкія гісторыкі ў 1990-х, гэта было звязана з адсутнасцю падтрымкі з боку буржуазіі. Менавіта яна звычайна фінансава падтрымлівала нацыяналізмы і стварэнне дзяржаў наогул. Як пісаў Чарльз Цілі (у артыкуле «Вядзенне вайны і стварэнне дзяржавы як арганізаваная злачыннасць»): «доступ да такіх буржуазных рэсурсаў выявіўся цэнтральным для дзяржаватворчай і цэнтралізатарскай палітыкі прынцаў».

Дубавец не цікавіцца гістарычнымі сюжэтамі пра кіраванне фінансавым дэфіцытам, рэкрутаванне новых прыхільнікаў ці сацыяльны капітал удзельнікаў беларускага нацыяналізму, таму ён не схільны фармуляваць і аналізаваць паражэнні. Ён прымае логіку пафаснага самаздавальнення («нацыя пераможцаў») і стварае выцінанку з перакручванняў, прыдумак і адвольных інтэрпрэтацый. Эфект ад такой «гістарычнай» работы наўрад ці можа быць доўгатрывалым.

Вячаслаў Насевіч выказваўся ў духу процілеглай крайнасці: «адраджэнскія» міфы ўвесь час прапануюць у якасці герояў нейкіх палітычных лузераў». Калі Янка Купала ў 1910 годзе не быў паэтам нумар адзін у тагачасным Краі, калі Антон Луцкевіч у 1913-м не ўзначальваў шматтысячную партыю, а Раман Скірмунт у 1918-м не кіраваў рэальнай дзяржавай (у адрозненне ад свайго сучасніка Паўла Скарападскага ва Украіне), — яны ўжо, у логіцы Насевіча, і недарэкі.

Насевіч, у выніку, бярэцца шукаць сваіх герояў у савецкай мінуўшчыне, а Дубавец зацята перафарбоўвае рэальных гістарычных персанажаў у манекенаў поспеху.

Ідэалагічная стагнацыя?

Такі некрытычны, інтэлектуальна бедны беларускі нацыяналізм нагадвае мне люстэркавы адбітак савецка-беларускай міфалогіі Вялікай Айчыннай вайны ў стане канца 80-х. Іронія ў тым, што менавіта Дубавец, як першы кіраўнік адноўленае «Нашае Нівы», арганізоўваў арыгінальную і дасціпную работу з гэтай міфалогіяй.

Выйсце з тупіка «некрытычнага нацыяналізму» ляжыць там жа, дзе ў 90-х для «гісторыі вайны» яго шукала «НН». Коратка яно можа быць пазначана як «антрапалагічны падыход» да вывучэння вялікіх супольнасцяў (так украінскі даследчык Аляксей Талочка характарызаваў ідэі Бенедыкта Андэрсана). Фантазіям пра ўсенародную барацьбу і вядучую ролю партыі, спекуляцыям пра здраднікаў і калабарантаў, пыхлівай самазадволенасці і адкрытым фальсіфікацыям «Наша Ніва» проціпастаўляла ўспаміны, малавядомыя дакументы і літаратурныя творы. Галасы і памяць Ларысы Геніюш, Зоі Каўшанкі, Антона Адамовіча, Вацлава Іваноўскага, Вітаўта Кіпеля, якія казалі пра штодзённае выжыванне, пра школы і святы, пра ўдзел і прадстаўніцтва, пераканаўча ставілі пад сумненне скампраметаваную акадэмічную гістарыяграфію.

Антрапалагічны падыход іначай вызначае акцэнты назірання і аналізу. Дакументацыя дыскурсаў і моў павінна дапоўніцца зваротам да практык штодзённай работы, калектываў і груп, камунікацыі. Заўвагі пра прадстаўнічасць «Усебеларускага кангрэсу» ці прыняцце дэкларацыі незалежнасці БНР, якія мімаходзь кідае Дубавец, не вычэрпваюць гістарычны матэрыял. Ён нашмат багацейшы: Усебеларускі з’езд фінансаваўся з Петраграда, ішоў пераважна па-расейску, у рэзалюцыі выступаў супраць аддзялення Беларусі ад Расіі…

Некаторыя даследчыкі ўжо рабілі крокі ў духу антрапалагічнага падыходу. Валянцін Мазец разглядаў дзейнасць Рады БНР па фарміраванні інстытута беларускага грамадзянства (абарона інтарэсаў мясцовых жыхароў перад немцамі, праца з уцекачамі), Сяргей Крапівін прапанаваў публіцыстычнае перабольшванне аб тым, што ў 1918-м Рада БНР уратавала край ад масавага голаду. Фінансавыя пытанні ў дзейнасці Найвышэйшай Рады (1920-ы) адлюстроўваў Андрэй Чарнякевіч. Ён цытуе цікавае меркаванне польскай выведкі аб становішчы Рады: «з кожным днём пашыраюцца сферы інтарэсаў і працы». Цікава, што антрапалагічны падыход дыскваліфікуе стары прапагандысцкі тэзіс пра адсутныя «атрыбуты дзяржаўнасці» БНР накшталт войска і межаў.

Чаму пра гэта не можа расказаць новая нацыянальная гісторыя? Пра сферы інтарэсаў і працы, пра мэнэджмент і бюджэты, пра калектыўныя праекты і індывідуальную рэфлексію, пра рызыкі і спадзяванні.

Што рабіць? Прагматыка рэвізіянізму

Ёсць у нататцы Дубаўца адна інтрыга, звязаная з тэхнікай гістарычнай асветы, як ён яе бачыць. Вось жа не ў намнажэнні арыгінальных сэнсаў і новых зместаў, а ў сістэматычным паўтарэнні ўжо вядомай праўды. Гэта выказана двойчы: «праўда <…> прагучала ўжо шмат разоў»; «іх [факты] давядзецца яшчэ доўга паўтараць». Дзве паралелі да думкі здаюцца важнымі.

Нейрабіялагічныя даследаванні памяці паказалі, як мозг дае рады запамінанню: «сляды памяці», т. зв. энграмы, уяўляюць сабой не пэўнае «месца» мозгу, але ўзор нейранальных сувязяў.

Успамін кожнага разу канструюецца наноў: успамінаючы нешта, чалавек рэактывуе, «выклікае» гэтыя сувязі (як па спасылцы), і чым часцей падзея ці факт успамінаюцца, чым часцей гэтыя сувязі «практыкуюцца» мозгам, тым больш трывала яны захоўваюцца. «Тое, што павінна застацца ў памяці, патрабуе кансалідацыі ў рэгулярным прадумванні і адчуванні гэтае падзеі», — піша нямецкі даследчык памяці Гаральд Вэлцэр. Звычайна гэта адбываецца калектыўна — у сям’і, сяброўскім коле, партыі і г. д.

Аўтары курса «Новая імперская гісторыя Паўночнай Еўразіі» робяць наступнае назіранне аб тым, як секта пратэстантаў-штундыстаў у пачатку ХХ стагоддзя паўплывала на ўнутраную арганізацыю ўкраінскага нацыяналізму:

<…> досвед штундыстаў быў запазычаны ў пачатку ХХ ст. пазнейшай дэмакратычнай версіяй украінскага нацыяналізму, які адмовіўся ад выключна «гістарычнай» фіксацыі на казацкай (ці кіеўскай) мінуўшчыне і фальклорнай культуры. Новая ідэя «нацыянальнага служэння», клопат пра здароўе «нацыянальнага цела» (асуджэнне курэння і алкаголю), цэнтральная роля чытання і рэгулярнага абмеркавання ключавых нацыянальных тэкстаў [вылучэнне маё — АЛ] моцна нагадвалі пратэстанцкі піетызм.

Здаецца, гэтыя назіранні і думкі — Дубаўца, расійскіх гісторыкаў, нямецкага нейрабіёлага, — найперш можна дастасаваць да «педагогікі і прадукцыйнасці нацыянальнай дзяржавы». З пэўнымі змяненнямі яны могуць быць перанесеныя на сам нацыяналізм і ягоную ідэалогію, патрабуючы ад іх гнуткасці, дынамікі і рэфлексіўнасці.

Некрытычнае, нязменнае ўзнаўленне ранейшых рытарычных фігур і формул выклікае прынамсі падазрэнне. Яно дэманструе няздольнасць угледзець знакі часу, артыкуляваць і прадстаўляць «Zeitgeist»; нездарма чуваць галасы аб тым, што нацыянальная гісторыя непатрэбная «крэатыўным і дэмакратычным беларусам». Інфляцыя нацыяналістычнай праграмы пасля 1996 года звязаная ў тым ліку з дагматызмам, уласцівым ейным ключавым ідэолагам, у тым ліку і Дубаўцу. Заклік «будзьце рэалістамі», накіраваны супраць інтэлігенцкага дактрынёрства і пражэкцёрства (Дынько), патрабаванне парушыць залежнасць ад расійскай інфармацыйнай прасторы, развіць густ да заходняй тэорыі (Булгакаў) засталіся недачутыя.

* * *

Ці здолее беларускі нацыяналізм пераадолець інтэлектуальную стагнацыю? Гэта залежыць ад працы над ідэямі у межах гэтай ідэалагічнай плыні.

У кнізе самога Дубаўца пра дзейнасць «Майстроўні» Мікола Сасноўскі цытуе Алеся Разанава: «чым больш мы напішам твораў, падобных адзін на адзін, тым больш мы збеднім нашу літаратуру» («Майстроўня», 2012, с. 82).

«Гэта мяне шакавала», — дадае Сасноўскі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?