Не ўсе бацькі вырашаюцца аддаць сыноў у танцавальныя класы ці школы і тым больш — ухваліць рашэнне падаць дакументы ў профільны інстытут. Ды і самі хлопцы ў сваім асяроддзі могуць з насмешкай выказвацца пра знаёмых танцораў: «Лепш бы чым сур’ёзным заняліся». Так і атрымліваецца, што ў многіх школах парных танцаў дзяўчаты танчаць самі з сабой.

Мы пагутарылі з трыма мужчынамі, свабоднымі ад гэтых стэрэатыпаў, і высветлілі, што падштурхоўвае іх аддаваць танцам значную частку свайго часу.

Яўген Арцёменка, тэсціроўшчык (30 гадоў)

Яўген з партнёркай.

Яўген з партнёркай.

Займаецца танцамі 8 гадоў, з нуля ператварыўся ў выкладчыка ва ўласнай школе.

— Гадоў восем таму мяне зацягнула на танцы аднакласніца. Да таго моманту я зусім не быў звязаны з пластыкай. Калі не лічыць, канечне, школьны аматарскі брэйк-данс і дыскатэкі.

Першым накірункам для вывучэння стала аргенцінскае танга. У той перыяд жыцця я глядзеў шмат фільмаў кшталту «Пах жанчыны», дзе прысутнічаў гэты танец. Менавіта таму ён падаўся мне вельмі цікавым, на нейкія іншыя танцы я б, можа, і не запісаўся.

Спачатку моцна адчувалася, што я танчу нязграбна, непрыгожа, аднак у мяне была матывацыя: па-першае, паспрабаваць у жыцці нешта новае. Па-другое, я ўяўляў танга як танец страсці і разлічваў, што ён дапаможа мне ў адносінах з дзяўчатамі: усё ж гэта ж важкі бонус, калі хлопец умее танчыць.

Я завочна вучыўся ў БДУІР, паралельна працаваў сісадмінам. Год пахадзіў на танга, а пасля сябры расказалі мне пра ліндзі-хоп.

Вось так сёння танчыць Жэня.

Атмасфера ліндзі-хопа мяне захапіла: у адрозненне ад строгага танга, гэта танец з надрывам, ён вясёлы і прышпільны. Калі ў цябе нешта не атрымліваецца — зусім няважна: пасмяяўся і працягвай далей. Да таго ж ліндзі-хоп збольшага наведвае моладзь: ты знаходзішся ў сваім асяроддзі, з аднагодкамі.

Нават калі ты вельмі замкнёны, на танцах пачынаеш разнявольвацца: шмат новых людзей, сумесныя паходы ў кіно, падарожжы.

На танцах я пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай. Разам з ёй і сябрамі пазней мы нават адкрылі ўласную школу танцаў. Днём я працую тэсціроўшчыкам, а ўвечары, чатыры разы на тыдзень, працягваю наведваць танцы. Цяпер і ў якасці выкладчыка. Акрамя мяне і жонкі, на занятках утварылася яшчэ вельмі шмат пар.

На постсавецкай тэрыторыі некаторыя мужчыны на танцы ўсё яшчэ глядзяць з іроніяй: маўляў, не мужчынскі гэта занятак. Але давайце згадаем часы князёў, шляхты — танцы тады былі абавязковай дысцыплінай. І гэтаму вучылі не для таго, каб проста класна выглядаць на балі.

Танец развівае манеры, вучыць кіраваць целам — гэта вельмі карысныя навыкі.

Рома Стрыга, фатограф (28 гадоў)

Рома ў цэнтры.

Рома ў цэнтры.

З перарывамі танчыць 7 гадоў.

— Я вучыўся ў Акадэміі мастацтваў, паралельна падпрацоўваў у бацькоў дызайнерам. Аднойчы да нас звярнуўся кліент, які меў уласную школу з бальнымі танцамі. Папрасіў намаляваць афішу для размяшчэння ў метро і прапанаваў разлічыцца па бартару: запрасіў на заняткі.

Я пагадзіўся, бо адчуваў, што цела патрабуе нейкіх фізічных нагрузак. Дзесьці паўтара года я вывучаў элементы ча-ча-ча, самбы і вальса. Адзіны мінус бальных танцаў — ты вельмі прывязваешся да партнёра ці партнёркі. І калі тыя сыходзяць, пераключыцца вельмі складана. У мяне так і атрымалася: усе мае партнёркі некуды знікалі. У выніку я псіхануў і абраў іншы стыль.

Пасля танчыў хіп-хоп, локінг, крыху папінг. Прычым наведваў розных выкладчыкаў, параўноўваў іх методыкі. Танцы прысутнічалі ў маім жыцці шэсць разоў на тыдзень. Я перфекцыяніст, таму калі нешта не атрымліваецца, выціскаю з сябе ўсё, як зубную пасту, пакуль, нарэшце, не будзе годных вынікаў.

Я нават дома працягваў займацца: глядзеў відэа, раздражняўся сваёй нязграбнасцю. Калі на месяц з’ехаў у працоўную паездку ў Славенію, то ў вольны час уключаў відэа на тэлефоне і паўтараў нейкія звязкі проста на вуліцы.

Самае складанае ў танцах — навучыцца слухаць музыку. Калі гэта папінг, то няпроста кіраваць усімі цягліцамі, бо ты адчуваеш кожную частку цела. Калі локінг, танцы пад фанк з паўшпагатамі — патрэбная не толькі расцяжка, але яшчэ і акуратнасць, каб не выбіць калені пры прызямленні ў скачках.

У нейкі час я ледзь зусім не сышоў у танцы, але мяне спыніў бацька. Спытаў: «А дзеля чаго я цябе вадзіў у студыю малявання шмат гадоў, навошта ты ў акадэміі вучыўся?» Ну і пра перспектывы. Я ўзважыў усё і прыняў рашэнне на карысць фатаграфіі.

На ютуб-канале Ромы — цэлая серыя яго танцавальных поспехаў.

Але пасля перапынку ўсё роўна запісаўся на новы кірунак, каб падтрымліваць форму. Я адчуваў, што стамляюся на працы, бо там задзейнічана толькі адна маторыка. Акрамя таго, танцы даюць мне дадатковае поле для самавыяўлення. Фатаграфія — статычнае мастацтва. А калі змешваеш музыку з рухам, проста адчуваеш, як моцна два гэтыя складнікі ўздзейнічаюць на цябе.

Сяргей Пісарэўскі, былы вайсковец (65 гадоў)

Сяргей Пісарэўскі.

Сяргей Пісарэўскі.

Танчыць ад восені.

— Я хаджу на танцы толькі ад верасня: запісаўся на ліндзі-хоп, хоць дачка лічыць, што гэта нямодна і для пенсіянераў. Жонка ўвогуле не пераносіць танцы.

Для мяне ж гэта выдатны дадатковы варыянт падтрымліваць фізічную форму. Я ўсё жыццё то спартыўную залу наведваў, то басейн, то лыжамі з адзінаборствамі займаўся! Цяпер праз невялікую траўму сур’ёзных нагрузак пазбягаю, а вось танцы — самае яно.

Мне падабаецца гэта адчуванне пасля заняткаў: мокрая футболка і прыемная стомленасць. Акрамя таго, танцы выдатна развіваюць каардынацыю. Гэта — рытм, музычнасць і проста вельмі цікавае хобі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
1

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?