Пагадненне аб узаемным прызнанні візаў паміж Беларуссю і Расеяй можа быць падпісана да канца году. Але яно будзе тычыцца толькі тых дзяржаў, з якімі ў Беларусі і Расеі аднолькавы візавы рэжым, паведамляе Радыё Свабода.
Тыя ж іншаземцы з 80 краінаў сьвету, што наведваюць Беларусь згодна з правіламі 5-дзённага бязвізавага рэжыму, паехаць у Расію ад нас па-ранейшаму не змогуць.
Начальнік Дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі МУС Беларусі Аляксей Бягун паведаміў што сёння адбыўся чарговы раўнд кансультацыяў, праца над пагадненьнем аб узаемным прызнаньні візаў паміж Беларуссю і Расіяй ідзе, і цалкам рэальна, што яно будзе падпісана да канца 2017 году.
Аляксей Бягун пацвердзіў, што 13—14 лістапада ў Маскве міністры замежных спраў Беларусі і Расеі Ўладзімер Макей і Сяргей Лаўроў абмяркуюць гэтую тэму, пытанне таксама будзе вынесена на сумесную калегію замежнапалітычных ведамстваў.
Але Беларусь і Расея маюць прынцыпова розныя візавыя дачыненні са шмат якімі дзяржавамі. Да прыкладу, з Грузіяй і з Турцыяй у Беларусі бязвізавы рэжым, а ў Расіі — візавы.
«Калі бязвізавы рэжым уезду і на тэрыторыю Беларусі, і на тэрыторыю Расіі, іншаземец можа прыехаць і ў адну, і ў другую краіну без візы. Калі аднолькавы візавы рэжым, то пры наяўнасці адной візы (беларускай альбо расейскай) замежны грамадзянін можа наведаць абедзве краіны паводле пагаднення аб узаемным прызнаньні візаў» - сказаў прадстаўнік МЗС Беларусі.