Сёння, 9 лістапада, каля 8:00 у Свіслацкім раёне адбылося ДТЗ з удзелам аўтобуса адной з вайсковых частак Брэсцкага гарнізона, піша Гродзенская праўда.
Як распавёў намеснік камандуючага войскамі Заходняга аператыўнага камандавання палкоўнік Анатоль Булаўка, у аўтобусе знаходзіўся 21 чалавек. Афіцэры з Брэста накіроўваліся на планавыя мерапрыемствы ў Гродне. На трасе Брэст — Гродна каля Свіслачы кіроўца не справіўся з кіраваннем, у выніку чаго аўтобус з'ехаў у кювет, ёсць пацярпелыя. Аўтобусам кіраваў вадзіцель з трыццацігадовым стажам з грамадзянскага персаналу.
Усе пацярпелыя былі дастаўленыя ў Свіслацкую раённую бальніцу. Як паведаміў галоўны доктар Ілля Турко, пасля доктарскага агляду дзесяць чалавек шпіталізаваны.
— Ніхто з пацярпелых у рэанімацыйных мерапрыемствах не меў патрэбы. У чатырох — розныя пераломы, але сур'ёзнай пагрозы здароўю няма. У бальніцы ёсць усё неабходнае, каб аказаць патрэбную дапамогу, — адзначыў Ілля Турко. - З Гродна да нас прыехала брыгада дактароў — спецыялістаў высокай кваліфікацыі. Яны правядуць больш паглыблены агляд пацыентаў.
Па факце ДТЗ праводзіцца праверка.