Сяргей Далідовіч праз тры гады пасля Алімпіяды ў Сочы стаў прызёрам лыжнай гонкі на 50 кіламетраў. На спаборніцтвах ён быў пятым, але пасля дыскваліфікацыі расейцаў, якія занялі першыя месцы, Далідовіч узняўся на трэцяе месца.

Але ж акрамя прэстыжу, першая тройка прызёраў атрымлівае ад дзяржавы яшчэ і салідную суму грошай. Бронзавыя медалі Алімпіяды ацэньваюцца ў 50 тысяч даляраў. Менавіта такую суму выплочваюць беларускім спартоўцам. Але ці атрымае іх Далідовіч сёння, праз 3 гады пасля спаборніцтваў?

Аляксандр Найдзін, памочнік міністра спорту, паведаміў «Нашай Ніве», што пакуль рана гаварыць пра грошы — трэба пачакаць афіцыйнага рашэння.

Тое ж самае паведаміў і Уладзімір Несцяровіч, прэс-сакратар Міністэрства спорту і турызму.

«Сітуацыя складаная. Трэба будзе вывучаць усе падставы. Пытанне трэба вырашаць комплексна. Цяпер пытанне прапрацоўваецца на заканадаўчым узроўні, у тым ліку і вяртанне спартсменам грошай дзяржаве, калі спартсмена злавілі на допінгу. Рыхтуецца гэта ў выглядзе дэкрэта аб барацьбе з допінгам. Пройдзе ці не — паглядзім, — распавёў Несцяровіч. — Што тычыцца грошай за бронзу Далідовіча, то сапраўды, казаць пра гэта пакуль рана. Але ў мінулых выпадках беларусам, якія атрымлівалі медалі пасля дыскваліфікацыі супернікаў, грашовыя выплаты за прызавыя месцы не давалі. Таксама, грошы не забіралі ў тых, хто быў дыскваліфікаваны праз нейкі час пасля спаборніцтваў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?