1. Інжынер-робататэхнік

Інжынерныя спецыяльнасці будуць найбольш запатрабаванымі ў будучыні. Чым больш працаўнікоў заводаў замяняюць робаты, тым больш трэба людзей, якія будуць іх абслугоўваць: праграмаваць, рамантаваць, уключаць і выключаць, чысціць, кантраляваць.

Добры спецыяліст-робататэхнік мае дасканала разбірацца ў аўтаматызаваных сістэмах, праграмаванні, кіраванні працэсамі, мець выдатныя веды ў галіне фізікі, электратэхнікі, механікі.

Вельмі вялікі плюс робатаў заключаецца нават не ў спрашчэнні жыцця людзей, а ў тым, што яны змогуць замяніць людзей на самых небяспечных працах — у шахтах, пры правядзенні падводных і будаўнічых работ, на вайне. Усё гэта паменшыць колькасць смерцяў падчас працы.

2. Спецыяліст па віртуальнай рэальнасці

Шмат хто лічыць, што такія гаджэты, як тэлефоны, планшэты, ноўтбукі ўжо не маюць патэнцыялу для развіцця. Усё, што прапануюць нам буйныя вытворцы — больш яркія экраны, мацнейшае шкло, адсутнасць або наяўнасць пэўных кнопак, функцый і г.д. Але гэта не рэвалюцыя, якая здольная павярнуць ход гісторыі, як тое зрабілі, напрыклад, сэнсарныя экраны. Што ж далей?

Найбуйнейшыя транснацыянальныя карпарацыі, такія як Google, Apple, Samsung і іншыя, робяць стаўку на дапоўненую і віртуальную рэальнасць. Развіццё менавіта гэтых тэхналогій яны бачаць у якасці асноўнай крыніцы прыбыткаў у будучыні.

Чытайце таксама: Віртуальная і дапоўненая рэальнасць: што гэта і ў чым адрозненне?

3. Распрацоўшчык беспілотных сістэм

Кіроўцы, паштальёны, кур’еры, лётчыкі — гэта ўсё тыя прафесіі, якія ўжо зараз пачынаюць замяняцца беспілотнымі апаратамі: квадракоптарамі, беспілотнымі аўтамабілямі і самалётамі. Буйныя інтэрнэт-крамы Alibaba ды Amazon ужо эксперыментуюць з паветранай дастаўкай тавараў дронамі.

Асабліва запатрабаванымі бліжэйшым часам стануць спецыялісты па праектаванні беспілотных аўтамабіляў: яны ўжо не проста тэстуюцца, а насамрэч прысутнічаюць на дарогах, і з кожным годам іх становіцца ўсё болей. Прафесія распрацоўшчыка беспілотных сістэм па складанасці падобная да аўтамабілебудавання. Але, акрамя глыбокіх інжынерных ведаў, спецыялісту трэба выдатна разбірацца ў праграмаванні і архітэктуры сістэм кіравання.

4. Спецыяліст па перапрацоўцы адкідаў

Зараз перадавыя краіны актыўна займаюцца перапрацоўкай другасных матэрыялаў для паўторнага выкарыстання. Некаторыя з іх нават купляюць смецце ў тых суседзяў, якія не маюць уласных сістэм перапрацоўкі, бо гэта выгадна.

У будучыні рашэнне экалагічных праблем стане галоўнай умовай устойлівага развіцця. Таму эколагі, якія спецыялізуюцца на рэцыклінгу — перапрацоўцы адкідаў, — будуць запатрабаваныя ва ўсіх галінах вытворчасці і транспарту. А пытанні абароны навакольнага асяроддзя будуць вырашаць таксама пры дапамозе высокатэхналагічных інструментаў, для якіх, зноў жа, патрэбныя інжынеры.

5. Фуд-інжынер (харчовы інжынер)

Задачай харчовай інжынерыі будучага стане стварэнне вялікае колькасці бялкоў і вугляводаў на невялікай плошчы зямлі і пры мінімальных энергазатратах — каб пракарміць насельніцтва планеты, якое імкліва расце.

Фуд-інжынеры павінны будуць ствараць новыя прадукты з таннай і агульнадаступнай сыравіны: з раслін, багавіння і нават адкідаў.

Вельмі актуальным з’яўляецца пытанне пашырэння ўжывання штучнага мяса, а таксама зніжэння кошту яго вытворчасці. Напрыклад, у лабараторыі Impossible Foods у ЗША прыдумалі, як з раслінных прадуктаў атрымаць паўнавартасны замяняльнік мяса — не толькі ў плане харчовай вартасці, але і па смаку і тэкстуры.

Чытайце: Як генетыкі ствараюць штучнае мяса, што не адрозніць ад сапраўднага

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?