Спадзяюся, не занадта моцна абразіў эстэтычны густ і тоеснасць інтэлектуалаў перайначаннем вядомага выслоўя «Калі страляюць пушкі, музы маўчаць». Гэткім спосабам мне хацелася выразіць як слабасць, так і сілу «музаў» перад абліччам вайны. Мухі — слабыя істоты, але ў іх слабасці ёсць акрэсленая сіла. Пазней удакладню, што тут маю на ўвазе.

Здавён вядома, што вайна — гэта далёка не толькі справа генералаў і палітыкаў, але таксама інтэлектуалаў. Роўна год таму адбылася канферэнцыя ў Кракаве прысвечаная ролі інтэлектуалаў у першай сусветнай вайне. А пяцьдзясят год таму быў апублікаваны рэзанансны артыкул Ноама Чомскага «Адказнасць інтэлектуалаў», у якімі ён бэсціў амерыканскіх (і не толькі) сацыёлагаў-тэхнакратаў, якія, маўляў, толькі і ўмеюць паддакваць уладам (гэта быў час в'етнамскай вайны). Асэнсоўванне ролі інтэлектуалаў у кантэксце вайны, як бачым, не новая з'ява. І добра, што па ініцыятыве выбітных беларускіх гуманітараў — перадусім Таццяны Шчытцовай, Таццяны Вадалажскай і Уладзіміра Мацкевіча — адбылася нядаўна канферэнцыя на падобную тэму. Непасрэдным пунктам аднясення для канферэнцыйных дакладаў і дыскусій стаў — што само сабой зразумела — расейска-ўкраінскі канфлікт.

Паколькі ў СМІ з'явілася багата добрых рэпартажаў з канферэнцыі, не буду тут пераказваць, што там адбывалася і што гаварылася, а падзялюся некаторымі думкамі, якія ўсплылі ў мяне ў ходзе гэтага мерапрыемства і паспрабую паказаць, у чым можа быць ягоная значнасць.

Думка першая. У стане вайны для палітыкаў і генералаў ідэя аб'ектыўнай праўды не існуе, як не існуе для іх апісальная функцыя слоў. Прымусіць іх трымацца фактаў і прынцыпаў логікі нерэальна, і ў гэтым інтэлектуалы бяссільныя, як мухі перад сланом. Але «мухі» могуць прымусіць «сланоў» варушыцца праз тое, што будуць увесь час нагадваць пра факты і патрабаваць паслядоўнасці ў іх інтэрпрэтацыі. Гэта — метад «кропля-па-кроплі», які ніколі не прыносіць раптоўных рэзультатаў, але ў доўгатэрміновай перспектыве дзейсны.

Думка другая. Стан вайны павышае попыт на рознага роду містычныя вучэнні. Культ сілы дамінуе над верай у розум і дыялог. З ценю выходзяць ідэолагі тыпу Аляксандра Дугіна з яго сімпатыямі да вучэнняў Юліюса Эволы, Алена дэ Бенуа ды іншых заўзятараў язычніцкай правіцы. Вось жа інтэлектуалы могуць і павінны стаць абаронцамі рацыяналізму ў палітыцы.

Думка трэцяя. Вайна — гэта сітуацыя абясцэньвання чалавечага жыцця, якое можа прыняць нават формы праслаўлення смерці. Viva la muerte! — Хай жыве смерць! — усклікнуў генерал Мілан Астрай падчас сваёй прамовы ва ўніверсітэце ў Саламанцы ў 1936 годзе (гэта быў час грамадзянскай вайны ў Іспаніі). Палеміка, якая тады адбылася паміж ім і рэктарам Саламанскага Універсітэта, філосафам Мігелем дэ Унамуна, вартая ўвагі і сёння. Пасля таго, як генерал Астрай скончыў сваю прамову, рэктар паўстаў і сказаў: «Толькі што я пачуў бессэнсоўны некрафільскі ўсклік: «Хай жыве смерць!» І смела дадаў: «Генерал Мілан Астрай — калека, інвалід. Я кажу гэта без якога-кольвек ацэнкавага падтэксту». Генерал прарваў рэктара: «Далоў інтэлігенцыю! Хай жыве смерць!», але той спакойна працягваў: «Мы знаходзімся ў святыні. Гэта святыня розуму, а я — яго вярхоўны святар. Вы апаганілі гэта святое месца. Вы пераможаце, бо на вашым баку занадта шмат грубай сілы і жорсткасці. Але вы нікога не навернеце на сваю веру. Бо, каб навярнуць чалавека, трэба яго пераканаць. А каб пераканаць, трэба мець тое, чаго вы не маеце: розум і права змагацца». Прасоўванне жыццялюбства і процістаянне «некрафільскай» філасофіі — гэта адна з задач інтэлектуалаў і сёння.

Вернемся да метафорыкі мухаў. Кожны, хто меў дачыненне з гэтымі істотамі, ведае, наколькі яны непаслухмяныя. Іх цяжка дагнаць, злавіць, прымусіць маўчаць або расстраляць. Яны з'яўляюцца заўжды нясвоечасова і могуць вывесці з сябе нават самага моцнага асілка. Не дарма філосаф Сакрат, адзін з найвялікшых інтэлектуалаў, любіў называць сябе аваднём, то бок разнавіднасцю мухі, якая ўвесь час дапякае буйным жывёлам. Канферэнцыя «Логас і патас» — гэта і быў злёт мухаў (адной з якіх быў і я), бяссільных перад гарматамі, але здольных сваім гудзеннем абуджаць сумленні і правакаваць розумы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?