10.11.2017 / 13:17

«Забойца і дзіцячы паэт — найлепшай псіхадрамы не прыдумаеш»: гісторыя літоўскага пісьменніка Кубілінскаса 26

Вершы паэта Костаса Кубілінскаса ў Літве многія ведаюць на памяць з дзяцінства, аднак няшмат каму вядома, што паэт быў агентам КДБ «Крумкач», які выдаў 15 літоўскіх партызан (усе яны былі забітыя). Апроч таго, ён сам застрэліў камандуючага партызанскай акругай, піша Delfi.

Біяграфія Костаса Кубілінскаса вельмі цікавая. Нарадзіўся ў 1923 г. у вёсцы Руда на паўднёвым захадзе Літвы. Вучыўся ў каталіцкай гімназіі ў Марыямпале, быў членам каталіцкай моладзевай арганізацыі. Вершы пачаў пісаць яшчэ ў школе.

У гады нацысцкай акупацыі надрукаваў у газетах некалькі антысавецкіх вершаў і паэмаў.

Па сканчэнні вайны вучыўся ў Віленскім універсітэце і Педагагічным інстытуце, нават працаваў у «Камсамольскай праўдзе». Іншы вядомы пісьменнік Пятрас Цвірка называў яго самым таленавітым паэтам Літвы. Аднак у 1946 г. Кубілінскаса выключылі з секцыі маладых паэтаў Саюза пісьменнікаў. Прычына — вершы, надрукаваныя ў часы нацысцкай акупацыі.

Паводле адной з версій, дзяржбяспека завербавала Кубілінскаса і паслала працаваць настаўнікам у школу ў Варэнскай акрузе (поўдзень Літвы). Паводле іншых звестак, ён з'ехаў сам у аддаленую вёску, бо не меў магчымасці працаваць у Вільні.

Новы настаўнік зацікавіў паваенных партызан, якія змагаліся супраць саветаў, і яны папрасілі яго надрукаваць яго вершы ў партызанскіх выданнях. Спачатку Кубілінскас не пагаджаўся, але потым папрасіў аб сустрэчы з адным з кіраўнікоў партызан Адольфасам Раманаўскасам-Ванагасам. Тым самым чыё імя згадвалася тыдзень таму падчас скандалу вакол выказванняў Руты Ванагайце.

Ванагас запрасіў Кубілінскаса на свята ўзнагароджання партызан ды прапанаваў выдаваць падпольную прэсу. Цяпер у Кубілінскаса з'явілася магчымасць «загладзіць сваю віну перад савецкай уладай», і ён пагадзіўся стаць сувязным. Аднак адначасова напісаў ліст першаму сакратару ЦК кампартыі Літвы Антанасу Снечкусу. Той пераслаў ліст камандуючаму 2-га аддзела МДБ. У выніку Кубілінскас стаў агентам «Крумкачом».

У абмен за паспяховае супрацоўніцтва з дзяржбяспекай Костас атрымаў магчымасць вярнуцца ва ўніверсітэт, працаваць пісьменнікам ды атрымліваць матэрыяльную дапамогу.

Кубілінскас таксама завербаваў свайго сябра паэта Альгірдаса Скінкіса. Абодва яны сталі працаваць у штабе партызан. «Крумкач» дазнаўся, дзе знаходзяцца два бункеры партызан у Калеснікайскім лесе і 7 сакавіка 1949 г. разам са Скінкісам застрэлілі камандуючага Дайнаўскай партызанскай акругай Бенедзіктаса Лабенскаса-Карунаса, які спаў у бункеры.

Затым яны скіраваліся ў Алітус і выдалі чэкістам месцазнаходжанне штаба камандуючага Казімірайцкага атрада Вацлаваса Ваверыса-Жайбаса. Пасля — пераапрануліся ў ваенную форму і правялі чэкістаў да іншага бункера. У баі загінулі некалькі кіраўнікоў партызан і яшчэ некалькі байцоў. Усяго па віне агента «Крумкача» загінулі 15 чалавек.

А Кубілінскас вярнуўся да літаратурнай працы.

З 1949 па 1950 год ён працаваў у выдавецтве мастацкай літаратуры, з 1950 па 1955 год у дзіцячым часопісе Žvaigždutė («Зорачка»), з 1957 года ў часопісе Genys («Дзяцел»), выдаў некалькі дзіцячых кніг. Памёр у 1962 г. у Доме творчасці пад Масквой ад перадазіроўкі алкаголю.

Выдаваўся Кубілінскас і па-беларуску. Напрыклад, яго загадкі перакладаў Рыгор Барадулін

Аж прыгнуўся — на мядзведзі
Полем смелы дзядзька едзе.
А мядзведзь рыкае грозна
І вядзе аж пяць барознаў.

А вось яшчэ адна:

Быццам бравы коннік, ён
Носіць шпоры з даўніх дзён,
Ды не ўмее ездзіць конна,
Жэрдка — верны конь ягоны.

У 2011 г паэт Вітаўтас В. Ландсбергіс (сын кіраўніка Літвы В. Ландсбергіса) узняў пытанне, як спалучаць вельмі дрэнныя ўчынкі Кубілінскаса з прыгожымі дзіцячымі вершамі. «Здраду Кубілінскаса нельга апраўдваць, але ў школе ўсё ж трэба выкладаць яго паэзію, прадстаўляючы гістарычны і біяграфічны кантэкст. Найлепшай (парадаксальнай) псіхадрамы не прыдумаеш — забойца і дзіцячы паэт.

Бо задача мастацтва — вучыць думаць і дараваць. Сваю гісторыю, г.зн. самога сябе. Не толькі маляваць у чорна-белых фарбах», — напісаў тады Вітаўтас В. Ландсбергіс.

2
Порнанина / Адказаць
10.11.2017 / 13:42
Ганьба!
2
маё меркаванне / Адказаць
10.11.2017 / 13:51
Пляваць на яго вершы. А што, больш не было дзіцячых паэтаў у летувісаў?
1
Картотека библиотеки / Адказаць
10.11.2017 / 13:55
Ну и что, советская детская писательница Зоя Ивановна Воскресенская служила сначала с киллером Судоплатовым (осуждённом за, среди прочего, «производство опытов над людьми, похищения и многочисленные убийства»), потом в Воркутлаге начальником спецчасти до 1955 года.
Паказаць усе каментары/ 26 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру