18 верасьня Лукашэнка фактычна адкрытым тэкстам заклікаў Эўропу прызнаць выбары ў палату. Раней ён рабіў акцэнт на тым, што мы, маўляў, ладзім іх не для заходнікаў, а для сябе. Зараз жа заяўлена без эківокаў: мы зацікаўленыя, "каб вы нас прынялі, успрынялі і прызналі нашы выбары".

Тут ключавое — "каб вы нас прынялі". Маецца на ўвазе — такімі, як ёсьць. Як там у клясыка:

упадабайце нас чорненькімі, бо беленькімі нас кожны ўпадабае!

Пакуль што мы можам меркаваць пра гутарку з журналістамі "Файнэншл таймс" ды "Франкфуртэр альгэмайнэ цайтунг" толькі па фрагмэнтах, рэтрансьляваных блізкімі да ўлады агенцтвамі, ды выцечках інфармацыі. Звычайна такія інтэрвію цалкам публікуюцца толькі празь некалькі дзён.

Ёсьць зьвесткі, што гаспадар распавядаў гасьцям пра асабістае жыцьцё, сына Мікалая і г.д. Таксама вядома, што маскоўскага карэспандэнта FAZ вышмаргнулі на гутарку зьнянацку (ноў-хаў лорда Бэла: даваць інтэрвію дуплетам?).

Але гэта ўсё дэталі. Агульныя заявы пра шматвэктарнасьць і жаданьне разбурыць жалезную заслону таксама пакінем убаку. Мне падалася красамоўнай, сыгнальнай вось гэтая працытаваная Інтэрфаксам фраза: "Хай сабе гэты парлямэнт будзе, на жаль, не падабацца Эўропе. Але гэта будзе народны парлямэнт, абраны народам".

Выглядае на тое, што

тут скарыстана матрыца, якая будзе напоўніцу ўжывацца пастфактум: прабачце, але вось гэтыя два-тры апазыцыянэры ў Палаце — максымум, на які згадзіўся наш электарат.

Карацей, народ не падтрымлівае слабую апазыцыю. Магчымы нават намёк, што мы, маўляў, і гэтых двух-трох за вушы працягнулі.

Самі АДС, дарэчы, не пераацэньваюць свой патэнцыял, заяўляючы зараз, што хочуць сканцэнтраваць намаганьні на 20-25 акругах, дзе ёсьць шанцы. То бок, нават калі б улада цяпер цалкам адпусьціла лейцы, Палата не стала б апазыцыйнай. Гэта — вынік шматгадовага выпальваньня палітычнага поля ў краіне (хранічнае бязладзьдзе ў самой апазыцыі вынесем за дужкі).

Іншая рэч, што наверсе лейцы адпускаць, канечне ж, не зьбіраюцца, яшчэ чаго! Лідзія Ярмошына заявіла, што дафармаваньне камісіяў, прапанаванае апазыцыянэрамі, не прадугледжанае законам.

Ваш пакорлівы слуга дзеля цікавасьці зазірнуў у Выбарчы кодэкс. Я не юрыст, канечне, але ж вось, артыкул 34: "У неабходных выпадках склад участковай камісіі можа быць павялічаны або паменшаны". Пры вялікім жаданьні гэту тэзу-дышаль можна было б, напэўна, павярнуць насустрач прапановам апазыцыі ды замежжа. І не такія фокусы рабіліся, калі верыць асобным заявам на прэсавых канфэрэнцыях! :)

Замест гэтага ЦВК прыняў іншае гістарычнае рашэньне: цягам датэрміновага галасаваньня старшыні ўчастковых выбаркамаў мусяць штовечар а 19-й гадзіне заклейваць у выбарчых скрынях проразь для апусканьня бюлетэняў белым аркушам з двума аўтографамі. Каб не плявузгалі ворагі, што ўначы з тымі бюлетэнямі немаведама што робяць.

Ход, што і казаць, эфэктны. Пры адной маленькай ўмове: што тыя бюлетэні ўвогуле лічаць.

Такім чынам, улада хоча выдаць за дэмакратычны прагрэс выключна дэкаратыўныя элемэнты кшталту гэтых папяровых палосак.

Што ж да інтэрвію Лукашэнкі брытанскай ды нямецкай газэтам, то аддадзім належнае своеасаблівай шчырасьці: дэмакратычных цудаў, мякка кажучы, не паабяцана. Мэсыдж, бадай, такі:

згаджайцеся на "прагматычны дыялёг", а то і тога ня будзе!

І тут сапраўды няпростая дылема. Дэкарацыі могуць хутка памяняць. Контуры таго, што можа быць у выпадку, калі ўлады згорнуць "адлігу" празь непатрэбнасьць, можна ўбачыць у сюжэце гарадзенскага "працэсу дзевяці".

У новай палітыцы рэпрэсаліяў фішка "незарэгістраванай арганізацыі" можа зьмяніцца на фішку "экстрэмізму".

ЗЫ. Тым часам справаздача брытанскага журналіста аб сустрэчы з Лукашэнкам апэратыўна зьявілася на сайце "Файнэншл таймс".

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0