Надзвычайны і паўнамоцны пасол Польшчы ў Беларусі Конрад Паўлік падчас анлайна на Радыё Свабода назваў колькасць беларусаў, якія атрымалі «карты паляка» — дакумент, які дае пэўныя прэферэнцыі этнічным палякам, якія ёсць грамадзянамі іншых краінаў, але не дае польскага грамадзянства.

«Карты паляка» атрымалі каля 100 тысяч беларусаў, сказаў Паўлік, але Польшча не агітуе за атрыманне гэтых картак, не рэкламуе іх.

«Гэта свабодны выбар грамадзянаў, якія робяць гэта, бо адчуваюць, што Польшча ім блізкая, — разважае польскі пасол. — Многія з іх — людзі сталага веку, яны лічаць гэты дакумент нейкім сімвалам. Я лічу, не трэба штучна палітызаваць гэтае пытанне».

Масавай міграцыі з Беларусі ў Польшчу не назіраецца, кажа ён, але паступова расце колькасць беларусаў, якія едуць у Польшчу на кароткатэрміновую працу. За першае паўгоддзе на кароткіх або сезонных кантрактах у Польшчы працавала каля 25 тысяч беларускіх грамадзянаў, а грамадзянаў Украіны на тых жа ўмовах было 800-900 тысяч.

Паўлік адзначыў, што ёсць і палякі, якія прыязджаюць у Беларусь з асабістых прычынаў, пераязджаюць у Беларусь жыць і працаваць.

Паўлік прызнаў, што ёсць праблемы з рэгістрацыяй на «карту паляка»: у прыватнасці, бывае цяжка датэлефанавацца да адказных па «карце паляка». Ён разважае, што варта звярнуцца да пастаўшчыка тэлефонных паслугаў або даць дадатковы тэлефон.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0