Над краінамі Еўропы ў апошні тыдзень верасня прайшло воблака радыеактыўнага забруджання, якое магло ўтварыцца ў выніку ўцечкі рутэнію-106 на тэрыторыі Расіі ці Казахстана. Пра гэта заявіў Французскі інстытут ядзернай бяспекі (IRSN), паведамляе Reuters.

IRSN выключыў, што гэта наступствы аварыі на ядзерным рэактары, заявіўшы, што інцыдэнт, верагодна, адбыўся ў месцы захоўвання ядзернага паліва або цэнтры радыеактыўнай медыцыны. IRSN адзначыў, што воблака не нанесла шкоды здароўю людзей або навакольнаму асяроддзю ў Еўропе.
IRSN адзначыў, што не можа дакладна вызначыць размяшчэнне пункту выкіду радыеактыўных матэрыялаў, але на аснове аналізу умоў надвор'я найбольш верагодная зона знаходзіцца на поўдзень ад Уральскіх гор, паміж Уралам і ракой Волга. Гэта можа ўказваць на Расію ці, магчыма, на Казахстан.
«Расейскія ўлады заявілі, што не ведаюць пра падобны інцыдэнт на сваёй тэрыторыі», — сказаў дырэктар IRSN Жан-Марк Перэс. Ён дадаў, што інстытут яшчэ не кантактаваў з уладамі Казахстана.
Перэс адзначыў, што ў апошнія тыдні IRSN і шэраг іншых інстытутаў ядзернай бяспекі ў Еўропе фіксавалі высокі ўзровень рутэнію-106 — радыенукліду, які з'яўляецца прадуктам распаду атамаў ў ядзерным рэактары і які не сустракаецца ў прыродзе.
Згодна з ацэнкай IRSN, колькасць рутэнію-106 складала 100-300 тэрабекерэляў, і калі б аварыя такога маштабу адбылася ў Францыі, то ў радыюсе некалькіх кіламетраў вакол эпіцэнтра абавязкова правялі б эвакуацыю людзей.
Каментары