Заяву аб адстаўцы Саад Харыры зачытаў у Эр-Рыядзе. 

Заяву аб адстаўцы Саад Харыры зачытаў у Эр-Рыядзе. 

Незвычайная і павучальная гісторыя адбылася на Блізкім Усходзе. Прэм'ер-міністр Лівана заявіў пра сваю адстаўку. Гэта здарылася ў мінулую суботу, калі ён знаходзіўся ў Саудаўскай Аравіі. Пасля таго ён на публіцы больш не з'яўляўся.

Прэм'ер-міністр Лівана Саад Харыры — суніт. І ён доўгі час карыстаўся падтрымкай суніцкай Саудаўскай Аравіі.

Ліван — 6-мільённая па колькасці насельніцтва краіна, але па тэрыторыі яна роўная ўсяго толькі трэцяй частцы Брэсцкай вобласці. На гэтым лапіку зямлі на беразе Міжземнага мора ад часоў антычнасці жывуць дзясяткі розных нацыянальнасцей і плямён.

У ХХ ст. дзесяцігоддзямі там ішла грамадзянская вайна «ўсіх супраць усіх». Хісткі мір усталяваўся толькі ў 1990-я.

Паводле даўняга мірнага пагаднення, прэзідэнтам Лівана выбіраюць хрысціяніна-мараніта. Пост прэм'ера займае суніт, а старшыня парламента — шыіт. Гэты падзел быў зацверджаны шмат дзесяцігоддзяў таму і адпавядаў балансу сіл у краіне на той момант. 

Перапісаў у Ліване не праводзілася ад 1932 года, бо яны маглі б паказаць дэмаграфічныя перамены. Хоць на сёння ў выніку большай нараджальнасці доля шыітаў у краіне вырасла, а хрысціян — упала. 

Шыітаў традыцыйна падтрымлівае Іран, сунітаў фінансуе Саудаўская Аравія, хрысціяне маюць лепшыя сувязі з Францыяй і Ізраілем. На сёння існуе кааліцыя прэзідэнта-хрысціяніна Мішэля Ауна і шыіцкага руху «Хезбалах». Саудаўская Аравія, імаверна, змусіла Харыры да адстаўкі. Магчыма, таму, што ён недастаткова імпэтна змагаўся супраць «Хезбалах» і іранцаў. 

Заява Харыры і ягонае знікненне з радараў выклікала супярэчлівыя рэакцыі ў Ліване і за яго межамі. Прэзідэнт Аун запатрабаваў вяртання прэм'ера ў краіну. Міністэрства замежных спраў Францыі таксама выказала меркаванне, што Харыры ўтрымліваюць у Эр-Рыядзе сілай.

47-гадовы Саад Харыры — сын іншага прэм'ера Лівана, Рафіка Харыры, забітага ў 2005 годзе.

Багатая нафтай Саудаўская Аравія вядзе агрэсіўную замежную палітыку, змагаючыся з Іранам за ўплыў у Сірыі, Емене, Ліване, Катары і Бахрэйне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0