Каб дарэмна не гугліць па сто разоў, публікуем спіс асноўных беларускіх арганізацый, якія займаюцца гендарнымі пытаннямі і адстойваюць правы як жанчын, так і мужчын. Пазнаёміцца з імі асабіста ўсе ахвотныя маглі на «Шчырых размовах», якія «Жывая бібліятэка» зладзіла разам з Еўрапейскім каледжам Liberal Arts у Беларусі ў межах гендарнага модуля.

Грамадскае аб'яднанне «Радзіслава»

Мінская арганізацыя з уласным прытулкам, дзе можна перачакаць складаныя дні жанчынам і дзецям, якія сталі ахвярамі сямейнага гвалту. Ужо 15 гадоў спецыялісткі «Радзіславы» не толькі дапамагаюць з кансультацыямі псіхолагаў і юрыстаў, але і адукоўваюць супрацоўнікаў міліцыі, сацыяльных органаў — вучаць іх правільна рэагаваць на выпадкі гвалту ў сем’ях. Акрамя таго, сіламі цэнтра ладзяцца вельмі карысныя трэнінгі па самаабароне для жанчын і здольнасці не паддавацца ўплыву і сузалежнасці Wen-Do.

Дарэчы, у снежні плануецца чарговы такі адкрыты трэнінг — сачы за аб’явамі.

Міжнароднае грамадскае аб’яднанне «Гендарныя перспектывы»

Таксама працуе з ахвярамі гвалту. Ад 2013 года яе спецыялісткі штодзень дзяжураць на тэлефоне агульнанацыянальнай гарачай лініі 8-801-100-8-801 і гатовыя даць парады кожнаму, хто папросіць дапамогі.

Штатныя супрацоўнікі бясплатна кансультуюць па пытаннях бяспечнага выезду і знаходжання за мяжой (інфалінія 113) і прасоўваюць прынцыпы гендарнай роўнасці. Калі дамагаюцца на працы, калі звольнілі, даведаўшыся, што чакаеш дзіця, — табе сюды.

«Цэнтр па прасоўванні правоў жанчын — Яе правы»

Некаторыя даведаліся пра існаванне цэнтра пасля таго, як спецыялісты пачалі актыўную барацьбу супраць сэксісцкай рэкламы кампаніі «Марк Фармэль». Змагацца з такімі з’явамі ў рэкламе ці СМІ — адна з задач арганізацыі. Акрамя таго, арганізацыя дапамагае вырашаць маёмасныя канфлікты, праблемы з доступам да працы, адукацыі, аховы здароўя.

Асаблівую ўвагу «Яе правы» надае самым уразлівым групам — дзяўчынкам з няпоўных сем’яў, з рэгіёнаў і іншым.

ІВКА, Беларуская асацыяцыя маладых хрысціянскіх жанчын

Арганізацыя, якая першыя крокі рабіла яшчэ ў 1996 годзе, сёння мае лакальныя філіялы ў шасці беларускіх гарадах: Бабруйску, Гомелі, Мазыры, Наваполацку, Смаргоні.

ІВКА працуе па ўласнай лідарскай праграме для маладых дзяўчат, а сваёй галоўнай каштоўнасцю называе гендарную роўнасць.

Акрамя дапамогі ахвярам гвалту, арганізацыя займаецца мясцовай інтэграцыяй бежанцаў, напрыклад, з Украіны, і распрацоўвае субпраекты ў такіх тэмах, як рак малочнай залозы і ВІЧ.

Супольнасць ProWomen.by

«Марыш пра ўласны бізнэс? Дзейнічай!» Гэты лозунг можна назваць асноўным у гэтай арганізацыі, якая зробіць усё магчымае, каб табе ў гэтым дапамагчы. Як? Прыцягне патрэбных экспертаў, пакажа гісторыі рэальных поспехаў і дапаможа з карыснымі сувязямі.

ProWomen.by ужо зладзілі некалькі серый бясплатных лекцый для жанчын-прадпрымальніц і тых, хто хоча імі стаць. Прасоўванне брэнда ў інстаграме, краўдфандынг для бізнэсу — толькі некаторыя з тых тэм, што разглядаліся на лекцыях. Сачы за навінамі, каб не прапусціць наступную сустрэчу.

Сацыяльна-спартыўны праект «Здольная»

Удзельніцы «Здольнай» любую зарадзяць спартыўным азартам. На іх трэніроўках можна навучыцца гуляць у класічны ці амерыканскі футбол, паспрабаваць нейкую экстрэмальную актыўнасць, нават калі ты ніколі раней не сябравала са спортам.

«Здольная» выступае за тое, каб кожная беларуска мела час і магчымасць займацца любым відам спорту, без абмежаванняў і без боязі, што нехта будзе ацэньваць яе знешнасць.

Супольнасць «Файна»

Яшчэ адзін праект, які разбівае розныя стэрэатыпы праз фізічную актыўнасць. Актывісткі «Файна» ладзяць экалагічныя паходы для беларусак, праз якія даносяць думку: жанчыны таксама здольныя выжыць у дзікім лесе, самастойна развесці вогнішча, разбіць палатку і скааперавацца з суседкамі ў экстрэмальнай сітуацыі.

Новыя паходы па некранутых мясцінах Беларусі плануюцца прыблізна ў маі, як толькі крыху пацяплее.

Асацыяцыя беларускіх гайдаў

А вось клёвая актыўнасць для дзяцей: далучыцца да руху асацыяцыі можна ўжо з сямі гадоў. Ад 2002 года АБГ з'яўляецца сябрам Сусветнай асацыяцыі дзяўчынак-гайдаў і дзяўчынак-скаўтаў (ВАГГГС), якая аб'ядноўвае больш за 10 мільёнаў дзяўчынак і жанчын з 145 краін свету.

Асноўны рух асацыяцыі адбываецца летам: у лагерах, з палаткамі і палявой кухняй. Кожны лагер прысвечаны нейкай тэме. Мінулы якраз займаўся гендарнымі пытаннямі. Праз гульні-трэнінгі хлопчыкам і дзяўчынкам расказвалі, што няма чыста жаночых і мужчынскіх абавязкаў. У цэлым жа асацыяцыя — гэта класная магчымасць знайсці сяброў і аднадумцаў-лідараў не толькі ў Беларусі, але і за мяжой.

Makeout

З 2014 года Makeout збірае і архівуе гісторыю ЛГБТ і квір-жыцця ў Беларусі. Робіць тое, што рабілі і іншыя неабыякавая папярэднікі, але потым нечакана знікалі. Каб не знікнуць, як былыя калегі, каманда Makeout не толькі вядзе тэматычны сайт, ладзіць выставы, але зусім нядаўна сабрала праз краўдфандынг-платформу грошы на друкаваны альманах пра жыццё супольнасці ў апошнія 20 гадоў.

На жаль, юрыдычную дапамогу тут у выпадку парушэння правоў атрымаць нельга, аднак падтрымку, салідарнасць аднадумцаў — на ўсе 100 адсоткаў.

Некамерцыйная культурна-асветнiцкая ўстанова «DOTYK. Адукацыя і мастацтва»

Дзейнасць «DOTYK» пачалася з кінафестывалю, сёння ж яна займаецца і арганізацыяй фэстаў, і асобнымі выставамі, і гульнятэкамі, і хуткімі сустрэчамі. З канца 2016 года пачаў працаваць кам’юніці-цэнтр — структура, прызначаная аказваць псіхалагічную і юрыдычную дапамогу ахвярам дыскрымінацыі на падставе гендарнай ідэнтычнасці і сэксуальнай арыентацыі, а таксама іх блізкім.

Прыемны бонус: калі ты добра распішаш канцэпцыю сваёй творчай ідэі, то касцяк і валанцёры «DOTYK» дапамогуць рэалізаваць яе на пляцоўцы прасторы «Сталоўка XYZ».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?