Дзве групы беларусаў былі затрыманыя памежнікамі за парушэнне мяжы ў Палескім радыяцыйным запаведніку побач з адселенаю вёскай Уласы Хойніцкага раёна, паведамляе Дзяржпагранкамітэт Беларусі.

Паводле інфармацыі супрацоўнікаў Палескага дзяржаўнага радыяцыйнага экалагічнага запаведніка пагранічны нарад перапыніў незаконны маршрут двух грамадзян Беларусі. 9 лістапада 18- і 22-гадовыя жыхары Брагінскага раёна парушылі дзяржаўную мяжу з Беларусі ва Украіну і назад.

Родныя браты зараблялі пошукам і далейшай здачай рагоў аленя. У момант затрымання яны ўжо паспелі знайсці рогі трох асобін.

Другая група — іхныя землякі — таксама разлічвала застацца незаўважанай на тэрыторыі зоны адчужэння. Уначы 6 лістапада трое беларусаў незаконна перакрочылі беларуска-ўкраінскую мяжу на аўтамабілі УАЗ для нарыхтоўкі і далейшага ўвозу ў Беларусь рагоў дзікіх жывёл і лому чорнага металу. Іх затрымалі падчас вяртання ў краіну.

У першым выпадку затрыманыя браты прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці: яны аформленыя як парушальнікі дзяржаўнай мяжы і пагранічнага рэжыму. А вось парушальнікам на пазадарожніку пагражае больш сур'ёзнае пакаранне па крымінальным артыкуле.

У дачыненні да іх распачатая крымінальная справа па ч.1 арт. 371 КК Рэспублікі Беларусь. (Наўмыснае незаконнае перасячэнне Дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь з выкарыстаннем механічнага транспартнага сродку). Ім можа пагражаць пазбаўленне волі на тэрмін да двух гадоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0