Калі вяртацца да картаў паляка, то, разумееце, усё гэта вядомыя і бясспрэчныя ісціны. Што чалавек, бла-бла-бла, мае права адчуваць сябе палякам, немцам — ды хоць эльфам, незалежна ад месца пражывання. Ён мае і звычайнае чалавечае права жыць і працаваць там, дзе больш плацяць.

Але тыя, хто сцірае боты ля польскага консульства, чакаючы запаветную «картоплю», чамусьці ўвесь час карыстаюцца нейкімі эўфемізмамі. Яны не кажуць: я — паляк. І не кажуць: еду па каўбасу. Яны шматслоўна разважаюць пра глабальны свет, пра шкоднасць межаў, пра свой інтэрнацыянальны маштаб і міжкантынентальную сутнасць. Бо нікому не хочацца проста быць каўбасным эмігрантам і палякам, чый дзядуля вырас за 10 км на захад ад станцыі Негарэлае.

Хочацца падкласці пад сябе нейкі культурна-эстэтычны базіс.

Хаця, як па мне, упарта тырыцца туды, дзе лепей — гэта не столькі здрада краіне, колькі здрада нейкай агульначалавечай логіцы выжывання. Бо свет лепшае не прыкладамі бясконцых адступленняў, а метадам упірання лапкамі ў родны грунт і адстойвання сваіх правоў — незалежна ад месца лакалізацыі праблемаў.

І гэта, калі наогул не казаць пра тое, што «грамадзяне свету» — гэта такія хіпаны ХХІ стагоддзя, якія могуць расказваць пра шчасце і гармонію хіпаўской камуны роўна таму, што 99,9% астатніх людзей *бошаць на заводах, офісах, лабараторыях і г.д.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?