14.11.2017 / 11:49

Што Беларусі варта ўзяць з моўнай палітыкі Ірландыі 26

Створана на падставе артыкула Дзяніса Тушынскага «Моўнае заканадаўства Рэспублікі Ірландыя».

Ірландыя. Фота patrickcox.files.wordpress.com.

Моўная сітуацыя ў Ірландыі падобная на беларускую як мінімум у адным: у краіне таксама дзве афіцыйныя мовы, і таксама большасць гаворыць не на роднай, ірландскай, а на англійскай. Юрыст Ігар Случак патлумачыў, як працуе ірландская моўная сістэма, і апісаў найлепшыя практыкі, вартыя пераймання.

Паводле перапісу 2011 года, у краіне з насельніцтвам 4,6 мільёна ірландскай валодае 1,8 мільёна чалавек, гэта амаль 40%. Штодня ў нефармальных зносінах ёй карыстаюцца 77 тысяч чалавек.

Тым не менш, у Канстытуцыі Ірландыі нацыянальная ірландская мова з’яўляецца прыярытэтнай. Дзякуючы моцнай падтрымцы з боку дзяржавы, сфера ўжытку нацыянальнай мовы ўвесь час пашыраецца, і, што галоўнае, гэты працэс пільна кантралюецца.

Што Беларусі добра было б укараніць? Напрыклад, нормы, паводле якіх акты мусяць выдавацца адразу на дзвюх мовах, распаўсюд інфармацыі аб правах спажыўцоў на дзвюх мовах, абавязак універсітэтаў клапаціцца аб развіцці нацыянальнай мовы, вядзенне справаводства на дзвюх дзяржаўных мовах і іншае.

Як рэгулюецца выкарыстанне моў

Галоўным законам, які датычыцца моў у Ірландыі, з’яўляецца «Акт аб афіцыйных мовах», прыняты ў 2003 годзе. Яго дзеянне распаўсюджваецца на ўрад, міністэрствы і іншыя аддзелы, арганізацыі мясцовай ўлады, арганізацыі кіравання сістэмай аховы здароўя, установы вышэйшай і дадатковай адукацыі, дзяржаўныя ўстановы і агенцтвы, у прыватнасці, паліцыю і кампаніі, камерцыйныя і некамерцыйныя. Усяго такіх арганізацый каля 650. На недзяржаўныя арганізацыі дзеянне Акта не распаўсюджваецца.

Рассылка інфармацыйных лістоў грамадзянам павінна ажыццяўляцца на ірландскай ці на дзвюх афіцыйных мовах.

Парушэннем закона палічылі выпадак, калі адно дзяржаўнае агенцтва разаслала 1,7 мільёна англамоўных лістоў па ўсёй краіне і 30 тысяч ірландскамоўных — у Гэлтахт. Гэлтахт — тэрыторыя краіны, дзе ірландская мова найбольш распаўсюджаная.

Пастанова 2008 года вызначыла дадатковыя патрабаванні для згаданых вышэй відаў інфармавання. У прыватнасці, тэкст на ірландскай павінен ісці першым, быць такім жа заўважным, як англійскі, і перадаваць дакладна тую ж інфармацыю.

Дзвюхмоўе ў праватворчасці і судаводстве

Паводле Канстытуцыі, прэзідэнт краіны абавязаны падпісаць абодва моўныя варыянты любога законапраекта, прынятага парламентам на дзвюх мовах. Калі законапраект прымаецца толькі на адной афіцыйнай мове, Канстытуцыя абавязвае рабіць афіцыйны пераклад на другую. У выпадку розначытання паміж дзвюма моўнымі версіямі ірландскамоўная мае прыярытэт.

Тое самае тычыцца і тэкстаў Канстытуцыі Ірландыі на ірландскай і англійскай. «Акт аб афіцыйных мовах» патрабуе, каб кожная афіцыйная справаздача аб пасяджэннях парламента публікавалася адразу на дзвюх афіцыйных мовах. Праўда, самі прамовы можна публікаваць толькі на той мове, на якой яны рабіліся.

Кожны акт парламента па сваім уступленні ў моц павінен быць неадкладна надрукаваны на дзвюх дзяржаўных мовах. У 2007 годзе некалькі парламентарыяў падалі скаргу моўнаму камісару з нагоды таго, што пэўны акт не быў надрукаваны на ірландскай у працэсе яго зацвярджэння, але той не палічыў гэта парушэннем.

Згодна з Актам, на дзвюх мовах арганізацыі павінны выдаваць:

  • прапановы па грамадскай палітыцы
  • любыя штогадовыя справаздачы, вынікі аўдыту і фінансавыя справаздачы
  • любы іншы дакумент, які міністр палічыць дакументам вялікай грамадскай значнасці

Па пераклад можна звярнуцца ў арганізацыю акрэдытаваных перакладчыкаў, заснаваную ў 2006 годзе.

Двухмоўе ў адукацыі, навуцы і культуры

Пасля кансультацыі з тапанімічнай камісіяй Міністр мастацтваў, спадчыны і Гэлтахта мае права сваім загадам прызначыць геаграфічную назву на ірландскай мове. Кожны такі загад зацвярджаецца парламентам.

Грамадская ўстанова «Ірландскі інстытут» распрацавала базу дадзеных па тэрміналогіі, якая дапамагае арганізацыям адпавядаць патрабаванням Пастановы 2008 года і «Акта аб афіцыйных мовах».

У «Акце аб універсітэтах» 1997 года адной з мэт гэтых навучальных устаноў названая «прамоцыя афіцыйных моў дзяржавы, асабліва захаванне, прамоцыя і выкарыстанне ірландскай мовы». У кіраўнічы орган ВНУ павінен уваходзіць прадстаўнік ці прадстаўнікі арганізацый, якія займаюцца пытаннямі ірландскай мовы і Гэлтахта. У сваёй дзейнасці кіраўніцтва ўніверсітэтаў павінна аддаваць належнае прамоцыі і выкарыстанню ірландскай мовы як мовы штодзённай камунікацыі, а таксама развіццю ірландскамоўнай літаратурнай і культурнай традыцый. Захады па прасоўванні ірландскай мовы і культуры могуць быць згаданыя ў статуце ўніверсітэта. Такія ж фармулёўкі можна сустрэць і ў «Акце аб політэхнічных інстытутах» 2006 года.

Ірландыя. Фота photoremedy.files.wordpress.com.

Двухмоўе ў сферы гаспадарчай дзейнасці і абароне правоў спажыўцоў

Вызначаецца ў першую чаргу «Актам аб афіцыйных мовах». Ён вылучае ў адну са сваіх мэт развіццё выкарыстання ірландскай мовы дзяржаўнымі ўстановамі і пашырэнне выкарыстання імі мовы ў зносінах з насельніцтвам і ў аказанні яму паслуг.

Паводле Акта, міністр па справах супольнасці, вясковых раёнаў і Гэлтахта са згоды міністра фінансаў мае права рабіць пастановы, якія абавязваюць дзяржаўныя арганізацыі адпавядаць пунктам гэтага закона і надаюць закону поўную сілу. Ад 2011 года гэтыя функцыі перайшлі да Міністра мастацтваў, спадчыны і Гэлтахта. У Акце пазначана, што міністр сваёй пастановай можа запатрабаваць, каб дзяржаўныя ўстановы рабілі на ірландскай ці на ірландскай і англійскай:

  • галасавыя абвесткі (як ужывую, так і запісаныя)
  • надпісы на канцылярскіх прыладах («шапкі» на дакументах, а таксама тэксты на пячатках, тэчках, паштовай паперы, канвертах, лэйблах)
  • шыльды
  • абвесткі

На англійскую мову можна не перакладаць шырокаўжывальныя ірландскія назвы. Пастанова 2008 года не распаўсюджваюцца на тэксты, што выкарыстоўваюцца ў камерцыйнай дзейнасці па-за межамі краіны. Толькі на адной мове могуць быць, напрыклад, асабовыя імёны, брэнды і тэксты на лагатыпах.

Пастанова рэгламентуе і выгляд шыльдаў, якія за некаторымі выключэннямі павінны быць двухмоўнымі. Калі, напрыклад, двухмоўная шыльда падаецца арганізацыі кепска чытальнай ці завялікай, то арганізацыя можа ўсталяваць дзве аднамоўныя шыльды. Існуе таксама і спецыяльны дакумент, які рэгламентуе надпісы на дарожных знаках, якія за пэўнымі выключэннямі мусяць быць двухмоўнымі.

Акт прадугледжвае стварэнне арганізацыямі моўных схем, то бок план выкарыстання і пашырэння ўжывання ірландскай мовы арганізацыяй. Паводле закона, міністр сваім адрасным загадам мае права запатрабаваць ад канкрэтнай арганізацыі распрацаваць такую схему на працягу шасці месяцаў. Акт патрабуе, каб у схеме былі пазначаны тры катэгорыі паслуг і спосабаў камунікацыі са спажыўцамі:

  • тыя, што будуць ажыццяўляцца па-ірландску
  • тыя, што будуць ажыццяўляцца па-англійску
  • тыя, што будуць ажыццяўляцца на абедзвюх мовах

У схеме павінны быць пазначаны меры, якія забяспечаць, каб паслугі, што па-ірландску не аказваюцца, аказваліся на ёй у будучыні. Міністр мае права са згоды міністра фінансаў запатрабаваць, каб арганізацыя распрацавала схему, якая б забяспечыла аказанне паслуг на дзвюх мовах. Тэрмін дзеяння схемы — 3 гады. 

Міністэрства абмяркоўвае і зацвярджае з кожнай арганізацыяй асобна, як ірландская мова будзе выкарыстоўвацца ў аказанні паслуг і ў камунікацыі. Міністр зацвярджае схемы, а таксама выдае інструкцыі па іх складанні. Паводле Акта, арганізацыя мусіць мець персанал з валоданнем ірландскай мовай для забеспячэння аказання паслуг насельніцтву.

У «Акце аб транспарце» 1950 года пазначана, што ўсе пастаянныя даведкі і шыльды для пасажыраў павінны быць на ірландскай мове, аднак могуць быць на ірландскай і англійскай мовах. Усе квіткі, што выдаюцца Ірландскай транспартнай сістэмай для паездак унутры краіны, павінны быць на ірландскай мове або на ірландскай і англійскай мовах.

Як кантралюецца выкананне моўнага заканадаўства

Кожны год Міністр мастацтваў, спадчыны і Гэлтахта дае абедзвюм палатам парламента справаздачу аб рэалізацыі «Акта аб афіцыйных мовах». Акрамя гэтага, у Ірландыі шмат якія функцыі ў галіне моўных схем і іншых аспектаў моўнай палітыкі бярэ на сябе адпаведнае міністэрства. Акт заснаваў і пасаду незалежнага ў сваіх дзеяннях моўнага камісара, які прызначаецца прэзідэнтам. 

Камісар праводзіць маніторынг адпаведнасці дзейнасці арганізацыі моўным схемам, копіі якіх атрымлівае ад міністра. Першы аўдыт па схеме звычайна праводзіцца праз год пасля яе зацвярджэння, а другі, больш глыбокі, па заканчэнні тэрміну яе дзеяння. Камісар мае права запатрабаваць тлумачэнні па справах у межах кампетэнцыі камісара. Калі хтосьці адмаўляецца ці перашкаджае камісару выконваць свае абавязкі, ён можа быць абвінавачаны ў знявазе і атрымаць штраф да 2000 еўра ці турэмнае зняволенне тэрмінам да 6 месяцаў.

Ігар Случак, вытрымкі з дыпломнай працы

7
belariy / Адказаць
14.11.2017 / 12:05
ой, я вас умаляю...  тыя ірландцы хоць раз казалі аб тым, што яны - такія ж самыя ангельцы, толькі са знакам якасьці ?? ніколі. ну так няма чаго іх нам у прыклад ставіць. пакуль у большасьці беларусаў у галовах пануе "рузге мір" ніякія практыкі, ні ірландскія, ні іншыя, нам не дапамогуць.
14
Юрась / Адказаць
14.11.2017 / 12:07
Не ведаю як ірландцам, а нам, беларусам, патрэбена адзіная дзяржаўная мова - беларуская.
1
Канстанцін / Адказаць
14.11.2017 / 12:18
Добра гэта, канешне, але мне больш падабаецца прыклад  Ізраіля.
Паказаць усе каментары/ 26 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру