14.11.2017 / 14:59

Беларуска ў Ірландыі: Ірландская мова жыве як аздабленне, рэліквія, а не сродак зносін 25

Піша Алеся Федаровіч.

Жыву ў Ірландыі і цікаўлюся моўнай тэмай. Вось мае назіранні.

Так, дзяржава вельмі падтрымлівае ўжыванне ірландскай мовы, выдаткоўваюцца вялікія сродкі на яе пашырэнне. Ёсць ірландскамоўны тэлеканал, радыё і інтэрнэт-рэсурсы. Шыльды, надпісы практычна ва ўсіх грамадскіх месцах дублююцца па-ірландску. Лісты з усіх устаноў прыходзяць на дзвюх мовах. Калі тэлефануеш у любую дзяржаўную ўстанову, ёсць выбар моў.

Дзейнічае 20-гадовая праграма, накіраваная на пашырэнне ірландскай мовы ў паўсядзённым жыцці. Ёсць раёны, дзе па-ірландску размаўляюць, але ў працэнтных суаносінах гэта вельмі невялікая лічба.

На вуліцах гарадоў (была ва ўсіх буйных і шмат якіх мястэчках) чыстую ірландскую я не чула ні разу. Дэкаратыўна, бывае,што ўжываецца, напрыклад, у пачатку прамовы вітанне і ў канцы — «усяго вам добрага» па-ірландску.

У школе ірландская — гэта абавязковы прадмет, вывучаецца з самага першага і да апошняга дня, і, калі здаеш выпускныя экзамены па-ірландску, атрымліваеш дадатковыя балы.

Ірландцы наракаюць на неэфектыўнасць выкладання мовы, таму што большасць выпускнікоў мовай свабодна не валодаюць.

У вышэйшай адукацыі ірландская займае вельмі і вельмі сціплае месца, ведаю толькі адну ВНУ, дзе частка прадметаў выкладаецца па-ірландску.

Бізнэс па-ірландску — асабіста не сустракала ні разу.

Мову ў цэлым паважаюць як спадчыну, але ў практычным выкарыстанні ў яе вельмі і вельмі абмежаваны арэал. Ёсць штосьці падобнае да нашай трасянкі, калі ў маўленні перасыпаюць паміж звыклай англійскай некалькі ірландскіх слоўцаў. 

Каб мова рэальна распаўсюджвалася, на мой погляд, трэба, каб была пераемнасць. Спачатку, у школе трэба выкладаць яе як мову, прыдатную для зносінаў, а не як прадмет кшталту лаціны. Па-другое, пашыраць яе ўжыванне ў вышэйшай адукацыі. І, галоўнае, потым ужываць яе ў жыцці, у камерцыі, а ў гэтым пакуль зацікаўлена вельмі і вельмі мала людзей. 

Моцна ўскладняе сітуацыю тое, што з маленства ірландцы размаўляюць на адной з самых пашыраных у свеце моваў — гэта проста, зручна і практычна. Спажывецкія адносіны праяўляюць сябе напоўніцу — навошта прыкладаць столькі высілкаў на вывучэнне вельмі адрознай і складанай мовы, практычнае выкарыстынне якой сёння амаль зводзіцца да нуля? 

Так і жыве ірландская мова як аздабленне, рэліквія, а не як сродак зносінаў.

55
Нормопорядок / Адказаць
14.11.2017 / 15:18
В Беларуси мова то же давно стала лишь экспонатом этнографического музея и используется в ритуальных целях. Но насильственно белоруссизировать русскоязычных имеет право только правещая государственная власть и никто более. Президент имеет полномочия санкционировать, чтобы его граждане заговорили хоть по-китайски, и наказать за неисполнение, но не считает это целесообразным.
30
бібліёграф / Адказаць
14.11.2017 / 15:23
А як ірландцам пашырыць выкарыстанне мовы, калі відаць такіх Федаровічаў туды з усёй усходняй Еўропы наехала, і не факт што ўсе яны мараць аб пераходзе краіны на выключна ірландскую. Англійскую з беларускім акцентам ірландцы яшчэ зразумеюць, а вось ірландскую з беларускім ўжо не)
3
)( / Адказаць
14.11.2017 / 15:23
Хм. Здаецца быццам я прачытаў пра беларускую мову.
А ці можа хтосьці сказаць як там зараз у школах? Таксама выкладаюць яе не як сродак для зносінаў? Усе прыклады і тэксты пра прыроду, вёску, паноў і ніводнага сучаснага тэкста.

Паказаць усе каментары/ 25 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру