14.11.2017 / 15:41

Затрыманы сяржант, які знайшоў цела Аляксандра Коржыча ў Печах 9

Затрыманы сяржант З. (прозвішча не называецца з меркаванняў бяспекі), які днём 3 кастрычніка знайшоў у Печах цела салдата тэрміновай службы Аляксандра Коржыча. Радавы быў знойдзены павешаным ў падвале будынка медроты. Прозвішча З. у ліку іншых затрыманых назваў прадстаўнік пракуратуры, які 11 лістапада сустракаўся ў Пінску з маці і блізкім сябрам Коржыча, паведамляе Еўрарадыё.

Паводле яго слоў, цяпер у межах расследавання смерці радавога заведзена 8 крымінальных спраў, «пад вартай знаходзіцца ў раёне 20 чалавек».

Раней дзве незалежныя крыніцы Еўрарадыё ва ўзброеных сілах у адказ на пытанне, хто знайшоў цела Коржыча, назвалі тое ж прозвішча. Абодва ваеннаслужачыя распавялі, што пасля таго, як радавы быў знойдзены ў пятлі, З. адправілі «у Навінкі». Адна з крыніц дадала, што пасля гэтага З. трапіў «на кічман», гэта значыць, яго ўзялі пад варту.

Іншая крыніца назвала З. «прыдуркаватым сяржантам» (у распараджэнні Еўрарадыё ёсьць аўдыёзапіс) і паведаміла, што ён прызнаўся ў забойстве Коржыча. Аднак афіцыйна гэтая інфармацыя не пацверджаная.

Аляксандр Коржыч праходзіў службу ў 3-й школе 72-га гвардзейскага Аб'яднанага навучальнага цэнтра ў Печах, а З. — у 307-й школе. Школы размешчаныя ў розных воінскіх частках і ў розных будынках, якія знаходзяцца прыблізна ў 5 хвілінах хады ад медроты, дзе знайшлі цела радавога. Выпадкова апынуцца ў падвале, у якім Коржыча знайшлі павешаным, даволі складана. Гэтае памяшканне не было зачыненае на замок, але не выкарыстоўвалася, таму туды доўгі час ніхто не заходзіў.

Паводле інфармацыі з некалькіх крыніц, якую Следчы камітэт не пацвердзіў, але і не абверг, да сярэдзіны кастрычніка па падазрэнні ў нестатутных адносінах былі затрыманыя пяцёра сяржантаў з 307-й школы. Бацька салдата тэрміновай службы, які служыць у гэтай школе, распавёў Еўрарадыё, што затрыманні працягнуліся ў канцы месяца.

З сяржантам, які знайшоў цела Аляксандра Коржыча, звязаная адна з версій, якую распрацоўвае незалежнае расследаванне таго, што адбылося.

У першыя дні пасля таго, як справа атрымала розгалас, на сувязь з блізкімі радавога выйшла дзяўчына. Яна распавяла, што ў матэрыялах праверкі ўжо ёсць прозвішча меркаванага забойцы, устаноўленае па гарачых слядах. Гэта, маўляў, і ёсць той самы вайсковец, які «знайшоў» Сашу павешаным ў падвале медсанчасці.

«Яго турбавала, што прайшоў час, а Коржыча ніхто не шукае. Ён дапускаў, што ахвяра змагла вызваліцца з пятлі і ўжо дае паказанні. І тады сам пайшоў у падвал, нібыта за венікам (хоць вядома, што інвентар для прыборкі складзены ў іншым месцы), а на самай справе, каб пераканацца ва ўласнай бяспецы», — сцвярджае дзяўчына.

Таксама яна распавяла, што гэты вайсковец вёў дзённік на англійскай мове, у якім апісаў падрабязнасці забойства Аляксандра Коржыча. Падобнымі сведчаннямі дзяліліся вайскоўцы з часткі, у якой служыў Коржыч. Аднак у цяперашні час сувязі з гэтай дзяўчынай няма, а яе старонка «Вконтакте» выдаленая, таму да яе версіі варта ставіцца скептычна.

Як распавяла Еўрарадыё афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэта Юлія Ганчарова, інфармацыя, якую ведамства распаўсюджвала раней, да гэтага моманту застаецца актуальнай. Гэта значыць, што следства па-ранейшаму разглядае тры версіі здарэння ў часці №43064 ў Печах: суіцыд, давядзенне да самагубства і забойства.

***

На тэлеграм-канал «Нашай Нівы» можна падпісацца тут.

0
Ахрэм / Адказаць
14.11.2017 / 15:57
А хто паведаміў у міліцыю ці частку, што знойдзена цела Коржыча ? Няўжо сам З., меркаваны забойца ?
1
? / Адказаць
14.11.2017 / 15:59
Вось так адзін узяў і павесіў?
1
NavuchencaBK / Адказаць
14.11.2017 / 16:15
Што ведаюць ўдваіх, будзе вядома кожнаму. А гэтыя крымінальнікі ня тое, што адзін аднога, мамак сваіх паздаюць.
Ў каго ані мэты, ані годнасьці, ён бліжэйшага і здасьці і за рубель на суп парэжа.
Толькі не варта весьціся на паказальнае пакараньне.
Ўсе пра гэта ведалі і ад гэтага сілкаваліся. Гэта была сістэмная дойка, як цяперака будзе сістэмнае крышаваньне. Як заўсёды, ахвяруюць ніжэйшымі. І самыя вінаватыя наверсе будць самыя лютыя ў правым парыве.
Паказаць усе каментары/ 9 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру