Настаўніца Анжаліка Борыс прайшла суды і паклёпы, абараняючы права на свабоду асацыяцыі.

Настаўніца Анжаліка Борыс прайшла суды і паклёпы,
абараняючы права на свабоду асацыяцыі.

Міністэрства замежных справаў Польшчы гатовае «прадаць» Анжаліку Борыс. Артыкул з такім скандальным загалоўкам зьмешчаны на першай старонцы газэты «Rzeczpospolita».

Выданьне паведамляе пра сустрэчу старшыні Саюзу палякаў Беларусі ў зьнешнепалітычным ведамстве Польшчы, падчас якога Борыс прапанавалі адмовіцца ад старшынства ў СПБ.
Як паведамляе «Rzeczpospolita», Анжаліцы Борыс патлумачылі, што гэта робіцца на карысьць геапалітычных інтарэсаў Польшчы й дзеля пацяпленьня польска‑беларускіх дачыненьняў. Сустрэча, паводле газэты, адбылася за некалькі дзён да візыту міністра Радаслава Сікорскага ў Беларусь.

Сама Анжаліка Борыс адмаўляецца ад камэнтароў да часу паседжаньня Рады арганізацыі, якое мае адбыцца ў суботу.

«Было б вельмі прыкра, калі б гэта аказалася праўдай — кажа першы старшыня СПБ Тадэвуш Гавін, — Анжаліка Борыс моцна пацярпела за сваю польскасьць».

Віцэ‑міністар замежных справаў Польшчы Анджэй Крэмэр абвяргае паведамленьні газэты. Паводле яго, сустрэча ў сядзібе МЗС з Анжалікай Борыс ніякім чынам не зьвязаная зь візытам Радаслава Сікорскага. «Гэта поўны абсурд,» — так віцэ‑міністар зарэагаваў на публікацыю ў газэце «Rzeczpospolitа».

Старшыня парлямэнцкай камісіі Сэйму Польшчы па міжнародных справах Кшыштаф Лісэк заяўляе, што Анжаліка Борыс як і увесь Саюз палякаў можа разьлічваць на поўную падтрымку ўраду.

«З таго, што я ведаю, падчас размовы зь міністрам Мартынавым гучаў заклік Радаслава Сікорскага правесьці дэмакратычныя выбары кіраўніцтва арганізацыі» —
сказаў Лісэк у інтэрвію газэце «Rzeczpospolita».

Паводле газэты, распрацаваны сцэнар выбараў кіраўніцтва СПБ. Зьезд абудвух «саюзаў» павінен адбыцца ў лістападзе ў Берасьці. Новым кіраўніком будзе абраная Аліна Ярашэвіч, якая задавальняе абодва бакі падзеленай арганізацыі. На аб’яднаньні двух частак СПБ настойваў беларускі бок — піша выданьне. Палякі хацелі, каб Менск дазволіў саюзу на чале з Анжалікай Борыс дзейнічаць легальна. Узамен беларускія ўлады прапаноўвалі Борыс балятавацца ў парлямэнт, але безвынікова.

Ці прыме СПБ пад кіраўніцтвам Борыс прапанову МЗС? «Малаверагодна» — кажуць польскія актывісты ў Гародні.

«Rzeczpospolita» прыводзіць гісторыю канфлікту вакол СПБ. Яго гісторыя пачалася ўвесну 2005 году, пасьля таго, як беларусія ўлады адмовіліся прызнаваць абранае на чарговым зьезьдзе Саюзу кіраўніцтва. Міністэрства юстыцыі адмовілася прызнаваць Анжаліку Борыс з‑за, быццам бы, сур’ёзных парушэньняў падчас зьезду. СПБ быў падзелены. Частка падпарадкавалася Анжаліцы Борыс, а частка засталася з тагачасным кіраўніком Тадэвушам Кручкоўскім. У жніўні ў Ваўкавыску новым кіраўніком быў абраны Юзаф Лучнік.

* * *

Галоўная Рада апальнага Саюзу палякаў у Беларусі не прыняла прапановы польскага Міністэрства замежных справаў пра сфармаваньне працоўнай групы для перамоваў з лукашэнкаўскім адламкам арганізацыі на чале зь Юзафам Лучнікам. Гэта адбылося нягледзячы на асабістую прысутнасьць на паседжаньні пасла Польшчы ў Беларусі Хенрыка Літвіна,
які назваў інфармацыі газэты «Rzeczpospolita» спэкуляцыяй і заклікаў Раду стварыць групу для перамоваў з Лучнікам. Тым ня менш, рашэньне пра перамовы не прайшло, разам з тым была дэкляравана гатоўнасьць да перамоваў з уладамі, «але ня зь іхнымі марыянэткамі».

У суботу пра сытуацыю вакол СПБ выказаўся прэм'ер Польшчы Дональд Туск. Ён абверг паведамленьні аб існаваньні закулісных дамоваў між адміністрацыямі Польшчы і Беларусі аб нармалізацыі адносінаў узамен за спыненьне падтрымкі дэмакратычнай апазыцыі ў Беларусі.

Амбасадар Беларусі ў Польшчы Павал Латушка вяртаецца на радзіму. Місія скончылася. На заканчэньне пасол хацеў зрабіць «дэмбельскі акорд» — адным махам вырашыць праблему расколатага СПБ.
Спрыяльныя ўмовы (пацяпленьне адносінаў з Захадам) і прыхільнасьць палітыкаў ўрадавай Польскай сялянскай партыі зрабілі сваю справу. Удалося пралабіраваць у польскім МЗС сваю прапанову ўрэгуляваньня. Але хапіла толькі ўзгадваньня ў СМІ, і ўсе ўдзельнікі нібыта гатовай угоды пачалі громка тлумачыцца і казаць, што іх не так зразумелі.

Карацей, Акела прамахнуўся.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?