18.11.2017 / 13:14

Роман Урбанович: Что белорусы предлагают Почобуту? 57

И что белорусское гражданское общество предлагает полякам (украинцам, русским и т.д.) Беларуси?

На фота: графіці на муры каля касцёла брыгітак у Гродне.

Некалькі дзён таму разгарнулася невялічкая дыскусія паміж, умоўна кажучы, Андрэем Пачобутам з аднаго боку і Стасем Карпавым, Севярынам Квяткоўскім ды Змітром Гурневічам (і мноствам іншых людей) з другога, датычна таго, ці нармальна называць беларускіх палякаў «беларусамі» (праблема была ў нібыта прамоўленай польскім амбасадарам фразе «100 тысяч беларусаў атрымалі карту паляка»).

З нагоды гэтай дыскусіі хочацца падзяліцца некаторымі разважаннямі пра тое, якія сэнсы маюць ці могуць мець катэгорыі «этнічнай» і «грамадзянскай нацыянальнасці» ў беларускім кантэксце ды якія логікі могуць быць падставай для функцыянавання гэтых катэгорый.

Разважанні мае абсалютна ўмоўныя і адарваныя ад рэчаіснасці, у тым сэнсе што яны слаба звязаныя з рэальнай дыспазіцыяй адносінаў сімвалічнай улады, магчымасцямі і жаданнямі для агентных дзеянняў розных зацікаўленых груп. У пэўным сэнсе, іх трэба зразумець і як спробу перадаць уласныя эмацыянальныя дыспазіцыі адносна рэфлексіўнай мовай.

Сціплы франэзіс гэтага допісу наступны: паразважаць «ад адваротнага» пра тое, якія формы сімвалічнага і палітычнага адзінства могуць быць параўнальна менш іерархічнымі, больш інклюзіўнымі і менш дыскрымінацыйнымі для ўсіх удзельнікаў палітычнай супольнасці.

Пойнт апанентаў Пачобута даволі просты: слова «беларус» мае не толькі «этнічны» (у сэнсе сацыяльных уяўленняў пра прадпісаныя сувязі біялогіі і культурнай прыналежнасці), але і «грамадзянскі» змест (усе грамадзяне РБ — беларусы), таму ніякай праблемы ў вышэйвымянёным выказванні пана амбасадара няма. Адпаведна, паляк — грамадзянін Беларусі аўтаматычна з’яўляецца «беларусам», хочацца яму гэтага ці не (дадумываючы за іншых: а іншыя спробы ідэнтыфікацыі і якая-кольвек агентнасць у гэтым, відаць — нелаяльнае дзівацтва).

Можна сказаць колькі словаў пра больш афіцыйную фармулёўку «грамадзянін Беларусі», якая мае ў якасці рэферэнта дакументальную рэальнасць, сіні пашпарт і апасродкаваны ім комплекс правоў (горкі закадравы смех) і абавязкаў, і сапраўды, слаба залежыць ад канкрэтнай ідэнтыфікацыі носьбіта гэтага пашпарту (відавочна, пашпарт можна змяніць, але гэта іншая размова). З ёй, карацей кажучы, усё досыць проста і зразумела.

[Пры пэўным жаданні, можна ўявіць пэўную перфарматыўнасць рэальных і сімвалічных дзяржаўных лаяльнасцяў у ідэнтыфікацыях, якія б супярэчылі колерам пашпартоў, але гэта адначасова вычварная і небяспечная (у сэнсе — датычная сюжэтаў рэальнага палітычнага сепаратызму) тэма, якую хацелася б пакінуць выключна ў абсягу дзёрзкіх уяўленняў.]

З усім гэтым я бачу аднак праблему, якую можна апісаць, перайначыўшы прымаўку аб тым, што «рускія называюць усё славянскім, каб потым назваць усё славянскае рускім» (цікава, што было раней: Грамшы ці гэтая прымаўка?).

Тая «беларуская» ідэнтыфікацыя, якую прапануюць Пачобуту ў каментах і допісах, — гэта не палітычная прыналежнасць, якая адсылае да сукупнасці правоў і абавязкаў (аплата падаткаў, выкананне законаў і абароненасць законам, абарона дзяржавы ў выпадку вайны і г.д. ), а сутнасна тая самая этнічная прыналежнасць, якая навязвае да манафоннай, гамаглоснай (няёмкая спроба прыдумаць антонімы да словаў «паліфанія» і «гетэраглосія») версіі нацыянальнага наратыву. Іначай кажучы, яна не з’яўляецца эксклюзіўнай па прыкмеце непасрэдна «этнічнага паходжання» (сацыяльна ўяўленай карэляцыі паміж культурнымі характарыстыкамі і «біялогіяй»), але абавязвае ўдзельнікаў (тэарэтычна, без увагі на іх «этнічнае паходжанне») да падзялення агульнай версіі гісторыі, памяці, спосабаў і г.д., створанай на грунце метафар крыві і глебы, рэтраспектыўнай тэлеалогіі і г.д.

Тут ізноў можна паразважаць пра антыінтэлектуалісцкія стаўленні ў беларускім грамадстве, на якіх грунтуецца гэты наратыў: тое, што з’яўляецца вынікам збегу гістарычных акалічнасцяў і дзейнасці канкрэтных сілаў, выдаецца за рэалізацыю тэлеалагічна накіраваных працэсаў; гісторыя паклікаецца легітымізаваць рэальныя ці жаданыя структуры культурнай гегемоніі ў цяпершчыне. Напрыклад, цяперашняя канфігурацыя межаў Рэспублікі Беларусь нібыта з’яўляецца адлюстраваннем (да таго ж, недасканалым, недастатковым — без «беларускай Віленшчыны», «беларускай Беласточчыны» і г.д.), умоўна кажучы, гістарычнага развіцця «беларускага этнасу», а не прыдуры Сталіна (хоць і натхнёнай працай этнографаў і палітыкаў). Пад гэтыя межы і ўзоры ментальнай геаграфіі падганяецца логіка асэнсавання гісторыі ідэнтыфікацый на тэрыторыі цяпершняй беларускай дзяржавы, адсюль паняцці тыпу «паланізаваныя беларусы», «акупацыя «Заходняй Беларусі» ў 1921 і «ўз’яднанне» гэтай жа «Заходняй Беларусі» з «Усходняй» у 1939 і г.д. і да т.п. 

[Двукоссі тут пакліканыя адлюстраваць умоўнасць гэтых катэгорый, тое, што іх «натуральнасць» апасродкавана выключна ўкаранёнасцю самой логікі разважання ў шаблонах канкрэтнага нацыянальнага праекта.]

Беларуская «грамадзянская ідэнтычнасць» (у тым выглядзе, у якім яна існуе цяпер у публічных дыскурсах беларускай інтэлектуальнай прасторы) не мае тых формаў, якія маглі на роўных падставах уключыць польскі досвед, структуры пачуццяў, апасродкаваныя польскай ідэнтыфікацыяй у этнічных катэгорыях. У лепшым выпадку, для іх можа быць адведзены пэўны рэзэрвуар — школьная адукацыя, фальклор і г.д.; гэта тое, што называецца іерархічнай разнастайнасцю. Чамусьці, аднак, мне падаецца, што нават спробы рэалізацыі той жа Еўрапейскай хартыі аб рэгіянальных мовах у гіпатэтычнай дэмакратычнай будучыні Беларусі будуць сустрэтыя людзьмі тыпу якога-небудзь Стася Карпава, мягка кажучы, без асаблівай прыязні. На ўзроўні ж «агульнага» і «нармальнага» не прадугледжана ані месца для польскай культуры, ані (што больш важна, бо дзе цяпер возьмеш тое месца для польскай культуры ў якім Магілёве ці Гомелі) логік і спосабаў уяўлення супольнасцяў з улікам раўнапраўнай і дыялагічнай культурнай разнастайнасці. Сюды можна прыпомніць Георга Зімеля з ягонай фармулёўкай пра тое, што «чужак па сваёй натуры не з’яўляецца «ўладальнікам глебы» [у пераносным сэнсе] (Der Fremde ist eben seiner Natur nach kein Bodenbesitzer)»; цяперашнія версіі беларускай «грамадзянскай» ідэнтычнасці збольшага прапануюць для тых, хто мае іншыя этнічныя ідэнтычасці, менавіта гэтую ролю «чужака» (альбо асіміляцыю).

Адсюль, дарэчы, яшчэ і праблема з рэтраспектыўнасцю: вартыя пашаны (у параўнанні з супрацьлеглымі настроямі) спробы ўключыць «польскую» мінуўшчыну ў беларускі нацыянальны наратыў: яны будуюцца паводле той самай іерархіі ідэнтычнасцяў. Умоўна кажучы, сцверджанне пра тое, што «Міцкевіч — беларус» не рэзультуе ў тым, што ў беларускім нацыянальным (каторы нібыта грамадзянскі, а не этнічны) наратыве і апасродкаваных гэтым наратывам камунікатыўных прасторах з’яўляецца месца для польскай мовы (як ужыванага сродку камунікацыі і інтэрналізаванага ў структурах пачуццяў палітычнага сімвала) і літоўскага патрыятызму Міцкевіча. Вынікам гэтага сцверджання з’яўляецца апрапрыяцыя мінуўшчыны на ўмовах цяпершчыны, здабыча дадатковага сімвалічнага капіталу беларускім нацыянальным наратывам (г.зн. людзьмі, якія выступаюць ад імя і ў імя гэтага наратыву) і легітымацыя прэтэнзій з выкарыстаннем мінуўшчыны.

[Сюды ж тое, што усе цяпер шыхтам любяць Кульбака — хоць бы хто пры гэтым вывучыў тры словы на ідышы; іншая размова, вядома.]

[У гэтым жа кантэксце мне бачацца праблематычнымі катэгорыі тыпу «носьбіты польскай этнічнай ідэнтычнасці», каторыя сустракаюцца ў больш рэфлексіўных навуковых тэкстах. На першы погляд, за такімі катэгорыямі стаіць нібыта зычлівая пазіцыя — прыняцце самаідэнтыфікацыі разгляданага суб’екта за дастатковы чыннік адпаведнага яго акрэслення ў этнічных катэгорыях. Падобныя паняцці, аднак, маюць на ўвазе пэўныя «іерархіі нармальнасці», паводле якіх нешта, што выпадае за межы створанай нацыяналізмамі класіфікацыі культурных прастораў, мусіць быць апісана ў спецыфічных катэгорыях, імплікуючых непаўнавартасць: у Варшаве — палякі, у Воранаве — «носьбіты польскай ідэнтычнасці».]

Несумнеўна, тая ці іншая ідэнтыфікацыя ў тых ці іншых катэгорыях залежыць ад рэферэнта ідэнтыфікацыі. Напрыклад, пару дзён таму я ў Будапеште сустракаў вроцлаўскіх прыяцеляў, у камунікацыі з якімі спакойна называў сябе беларусам у кантэксце, напрыклад, адрознення вопытаў сацыялізацыі ў Польшчы і ў Беларусі і г.д. З іншага боку, у выпадку ўнутрыбеларускай дыскусіі рэферэнтам ідэнтыфікацыі з’яўляецца ўмоўная «большасць беларусаў» (а насамрэч — уся тая ж беларуская civil society, грамадзянская супольнасць); прызнаць адзінства на ласкава прапанаваных умовах у гэтым выпадку азначае прызнанне зместу гэтага адзінства, пры адсутнасці рэальнага ўдзелу (і ўвогуле магчымасці для ўдзелу) у фарміраванні гэтага зместу; іншачай кажучы, вядзецца пра субардынацыю, падпарадкаванне і прыняццё сутнасна «чужых» умоваў.

Абстрактна можна паставіць пытанне: якога чорта адны грамадзяне дзяржавы мусяць быць сімвалічна падпарадкаванымі іншым грамадзянам дзяржавы? У рэальнасці ўсё, вядома, проста (і сумна): тыя, хто мае болей сімвалічнай улады і магчымасці для імплементацыі ўласнай культурнай гегемоніі (іначай кажучы, «большасць»), відаць, заўсёды будзе імкнуцца задавіць «меншасць».

Прыпамінаецца таксама і Ханна Арэндт з яе «if I am attacked as a Jew, I can only defend myself as a Jew» («калі мяне атакуюць як яўрэя, я магу абараняцца толькі як яўрэй»): калі вядзецца пра ідэнтыфікацыі, за якімі стаяць нацыянальныя наратывы, пабудаваныя на этнічных уяўленнях пра нацыянальную супольнасць, роўная камунікацыя можа быць толькі на падставе іншых ідэнтычнасцей, за якімі стаяць этнічныя ўяўленні пра нацыю (у гэтым праблема з «ліцвінскім» праектам, для мяне). Нежаданне быць называным «беларусам» у тым сэнсе, пра які кажуць Квяткоўскі, Гурневіч і г.д. — гэта імкненне захаваць агентнасць ідэнтыфікацыі, сімвалічную суб’ектнасць у акрэсленні стратэгіяў фарміравання і рэпрадукавання ідэалагічных набораў і эмацыянальных (у сэнсе усё тых жа структур пачуццяў, сфармуляваных і інтэрналізаваных пэўнымі ідэалогіямі) тропаў, асацыяваных з пажаданай ідэнтычнасцю.

P.S. Відавочна, гэтыя разважанні могуць быць дастасаваныя і да іншых аўтахтонных этнічных груп, якія пражываюць на тэрыторыі сучаснай Беларусі, — украінцаў, літоўцаў і г.д.; відавочна, гэтая логіка ўласцівая не толькі беларускаму нацыяналізму. Гэты допіс, аднак, як ужо было заўважана, у значнай ступені з’яўляецца спробай паразважаць адчужанай мовай у тым ліку і над уласным эмацыйным досведам.

P.P.S. Тут вядзецца, вядома, пра «ідэальныя тыпы» — ідэнтыфікацыі, ідэалагічныя і палітычныя арыентацыі жывых людзей несувымерна багацейшыя за апісаныя канструкцыі.

P.P.P.S. Несумнеўна, паводле такой ці сувымернай логікі існуюць ўсе ці мноства нацыянальных дзяржаваў; у тым ліку таму і вядзецца аб тым, што допіс спекулятыўны, натхнёны думкамі пра тое, як good times will be had by all, «для ўсіх надыдзе вясёлае ўрэмечка».

* * *

Раман Урбановіч нарадзіўся ў Гродне ў 1993. Вучыўся ў Ліцэі БДУ і самім БДУ, вывучаў сацыяльную антрапалогію ў Еўрапейскім універсітэце ў Санкт-Пецярбургу, цяпер вучыцца ў Цэнтральнаеўрапейскім універсітэце ў Будапешце (Венгрыя).

3
vandrouny / Ответить
18.11.2017 / 13:20
Шчыра, не здолеў дачытаць да канца. Можна больш простай мовай, без процьмы вычварных фармулёвак і каментароў да самога сябе?
4
) / Ответить
18.11.2017 / 13:31
Если Стась Карпов за колхохы, то я против.
7
Міхаіл / Ответить
18.11.2017 / 13:31
Раман Урбанович! Як вучыць мудрая народная прымаўка: " Не кажы прыгожа!" або як сцвярджае яшчэ адна прымаўка больш дакладней:"Не вешай лапшу на вушы!"
Показать все комментарии/ 57 /
Чтобы оставить комментарий, пожалуйста, активируйте JavaScript в настройках своего браузера