Прэзідэнт Зімбабвэ Роберт Мугабэ адмаўляецца сыходзіць у адстаўку ў ходзе перамоваў з вайскоўцамі, пасярэднікам на якіх выступае каталіцкі святар. Пра гэта паведаміла ў чацвер агенцтва Reuters са спасылкай на крыніцы ў спецслужбах Зімбабвэ.

Па дадзеных агенцтва, Мугабэ настойвае на правядзенні выбараў лідара кіруючай партыі «Афрыканскі нацыянальны саюз Зімбабвэ — Патрыятычны фронт». Прэзідэнт заяўляе, што ён можа пакінуць уладу, толькі калі прайграе выбары кіраўніка партыі.

Пасярэднікам на перамовах паміж Мугабэ і вайскоўцамі, якія ўзялі пад кантроль сітуацыю ў Зімбабвэ, выступае каталіцкі святар Фідэліс Муканоры. Мугабэ з'яўляецца каталіком па веравызнанні.

Віцэ-прэзідэнт і былы шэф спецслужбаў Зімбабвэ Эмерсан Мнангагва на працягу апошняга года таемна вёў перамовы з вайскоўцамі і апазыцыяй аб магчымай будучай палітычнай канфігурацыі ў краіне пасля сыходу ад улады Мугабэ. Пра гэта сведчаць дакументы зімбабвійскай разведкі, якія апынуліся ў распараджэнні агенцтва.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0