24.05.2006 / 22:30

«Люфтганза»: закрыцьцё неба - парушэньне міжнароднага права і самаізаляцыя

Вядучая нямецкая авіякампанія «Люфтганза» адной зь першых адрэагавала на ўчорашнюю заяву Аляксандра Лукашэнкі адносна магчымай забароны для заходніх самалётаў ляцець празь беларускую тэрыторыю.

Як заявіў «Свабодзе» адказны супрацоўнік «Люфтганзы» ў сувязях з прэсай Томас Яхна, увядзеньне падобнай забароны ёсьць грубым парушэньнем міжнароднага права, а таксама двухбаковых пагадненьняў, якія заключаныя паміж Нямеччынай і Беларусьсю.

(Яхна: ) «Што тычыцца заявы спадара Лукашэнкі, зь якой мы пазнаёміліся з учорашняй прэсы, то ўсё гэта выглядае як шлях да прававога парушэньня, паколькі паміж Нямеччынай і Беларусьсю на працягу дзесяцігодзьдзяў існуюць двухбаковыя пагадненьні, якія тычаць і пералётаў праз паветраную прастору абедзьвюх краінаў. Увесь гэты час гэтыя пагадненьні вельмі пасьпяхова й вельмі строга выконваліся. Калі ўсё гэта адбудзецца насамрэч, то на выдатках самой «Люфтганзы» гэта ніяк не адаб’ецца. Мы проста будзем рабіць нашыя трохразовыя штодзённыя маршруты ў Расею не празь Беларусь. Гэта будзе на некалькі хвілінаў даўжэй, чым звычайна, аднак істотна не адаб’ецца на коштах нашых квіткоў. Што да прававога боку справы, то ў гэтым выпадку будзе вельмі жорсткая ў адказ рэакцыя нямецкага МЗС».

Паводле спадара Яхны, учорашняя заява беларускага кіраўніка выклікала вялікую трывогу сярод прадстаўнікоў дзелавых колаў, якія маюць бізнэс у Беларусі. Для іх штодзённыя рэйсы «Люфтганзы» ў Менск вельмі зручныя.

(Яхна: ) «Пра забарону рэйсаў на Менск беларускі кіраўнік нічога не сказаў, і я думаю, што ён не захоча, як кажуць, секчы сук на дрэве, на якім сядзіць. Штодзённыя рэйсы «Люфтганзы» ў Менск маюць вялікае значэньне для беларускай эканомікі. І калі размова пойдзе пра гэта, то беларускае кіраўніцтва выракае сваю краіну на поўную самаізаляцыю».

Радыё Свабода

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру