На конкурсе прыгажосці Miss Universe-2017, які праходзіць у Лас-Вегасе, шматлікія ўдзельніцы рабілі сумесныя сэлфі для сваіх інстаграм-акаўнтаў. Але аніводнае з іх не можа параўнацца па рэзанансе з сэлфі, зробленым міс Ізраіля і Ірака, паведамляе BBC.
Рэакцыя сацсетак была вельмі бурнай і неадназначнай. І калі фота, размешчанае каралевай прыгажосці Ізраіля, за кароткі час сабрала каля 3000 лайкаў, то на радзіме міс Ірака і ў іншых арабскіх краінах гэтае сэлфі было ўспрынятае ў штыкі.
Міс Ізраіль Адар Гандельсман і міс Ірак Сара Ідан
Адным з самых мяккіх водгукаў быў твіт прафесара Асада Абухаліля, які жыве ў ЗША: «Каралева прыгажосці Ірака шчасліва пазіруе з каралевай прыгажосці акупацыі і жорсткасці». Іншыя арабскія водгукі былі нашмат катэгарычнейшымі.
У сваю чаргу спікер прэм'ер-міністра Ізраіля Афір Гендльман напісаў: «Міс Ірак размясціла гэтае фота ў сваім інстаграме. Якое вялікае пасланне надзеі для ўсяго рэгіёну. Поспехаў вам абедзвюм — і Сары, і Адар».
А карыстальнік пад нікам Armond напісаў: «Мір пачынаецца з людзей».