Віцэ-канцлер, міністр замежных спраў Нямеччыны Зігмар Габрыэль быў бы рады, калі б на саміт у Брусэль ад Беларусі прыехаў Аляксандр Лукашэнка. Пра гэта прадстаўнік афіцыйнай Нямеччыны заявіў на прэс-канферэнцыі ў Мінску, піша Tut.by.

«Я быў уражаны адданасцю Беларусі да еўрапейскай згуртаванасці. Прэзідэнт Лукашэнка і я шмат размаўлялі пра інтарэсы Еўропы. Я сказаў, што Беларусь можа стаць мостам паміж ЕАЭС і ЕС, Беларусь не павінна выбіраць. Мы таксама размаўлялі шмат пра сітуацыю ва Украіне, — сказаў Габрыэль. — Я вельмі рады, што ўдалося адмяніць санкцыі ЕС супраць Беларусі. Я б хацеў, каб калі-небудзь ваша краіна стала сябрам Рады Еўропы, бо там прадстаўлена 47 дзяржаў і не хапае толькі адной».

Перад вылетам у Мінск віцэ-канцлер нагадаў, што (у свеце) часам забываюць, што «Беларусь — краіна ў самым сэрцы Еўропы» і адзначыў, што Германія хоча наладзіць больш цесныя адносіны з Беларуссю.

«Гэта было цяжка ў мінулым, і ў будучыні гэта будзе нялёгка, — сказаў віцэ-канцлер. — Але за апошнія два гады паміж ЕС і Беларуссю паўстала асцярожнае збліжэнне. Мы хочам працягваць падтрымліваць, асабліва перад самітам ЕС з краінамі Усходняга партнёрства на наступным тыдні. Вядома, для гэтага неабходны прагрэс па частцы дэмакратыі і правоў чалавека».

Друкуецца ў межах спецыяльнай рубрыкі «Навіны Германіі»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0