Актывіст з Вілейкі Аляксандр Вянгерскі, які праславіўся тым, што выбег на поле падчас матча БАТЭ — «Арсенал» з бел-чырвона-белым сцягам, з’ехаў «у адну еўрапейскую краіну». Ён збіраецца знаходзіцца за мяжой 4—5 месяцаў.

Тым часам Вянгерскага чакае суд з БАТЭ. Футбольны клуб хоча спагнаць з яго 5 тысяч еўра, накладзеныя ў якасці штрафу Еўрапейскай федэрацыяй футбола.

Перад тым Вянгерскі адбыў 10 сутак адміністрацыйнага арышту за дробнае хуліганства і «непадпарадкаванне законнаму патрабаванню службовай асобы».

Дадамо, што яшчэ ў дзень правядзення акцыі на стадыёне знаёмыя Аляксандра паведамлялі, што ён можа паспрабаваць скарыстаць сітуацыю для атрымання палітычнага прытулку.

— Я зараз знаходжуся за мяжой, працую, — распавядае Аляксандр «Народнай волі». — Спадзяюся, што суд аб’ектыўна разбярэцца ў абставінах справы, але для мяне не будзе трагедыяй, калі працэс прайграю. Праўда, не чакаючы судовага рашэння, я з’ехаў у адну еўрапейскую краіну, дзе ўжо пэўны час працую. З’ехаў менавіта дзеля таго, каб зарабіць грошы на аплату штрафу. Хаця збіраюся іх перадаць наўпрост у дзіцячы дом.

— Значыцца, на суд вы не збіраецеся?

— Я не вярнуся ў Беларусь, пакуль не зараблю 5 тысяч еўра. Калі суд перанясуць, то будзе добра, але за межамі краіны буду знаходзіцца прыкладна 4—5 месяцаў. Затым перадам грошы ў дзіцячы дом і толькі пасля гэтага прыйду ў суд. Калі ж судовае рашэнне не на маю карысць будзе прынята завочна, без майго ўдзелу, то альбо буду абскарджваць яго, альбо вымушаны буду заплаціць яшчэ 5 тысяч еўра.

— Можа, у такім выпадку па выніку судовага рашэння лепш аддаць грошы клубу, а ўжо затым сумесна з БАТЭ перадаць іх у дзіцячы дом? Будзе такі своеасаблівы акт прымірэння…

— Я прынцыпова хачу паказаць, што гатовы адказваць за свае дзеянні, але на дабрачыннасць грошы перадам сам. Калі ж барысаўчане яшчэ 5000 еўра адсудзяць, то і гэтую суму, думаю, грамадой знойдзем. Няхай ім будзе лягчэй на душы і сэрцы…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?