Вяртаючыся ўначы з 4 на 5 верасня дадому, я ўбачыў заторкнутую ў шчыліну запіску. Мяне прасілі «срочно позвонить” у крымінальны вышук Першамайскага раёна г. Мінска. Былі запісаныя прозвішча, імя , імя па бацьку міліцыянта, якому я мусіў пазваніць і нумары двух яго мабільных тэлефонаў – вэлкомаўскага і эмтээсаўскага.

Прыкінуўшы, “что сие значит”, я прыйшоў да высновы, што мяне клічуць у справе выбуху 3 ліпеня. Выбуху, адбыцца якому дазволіла ўлада (як вядома, за колькі гадзін да выбуху было знойдзена больш моцнае выбуховае прыстасаванне, але ўлада не спыніла п’яную гулянку, не ачысціла ад люду прылеглую да месца знаходкі тэрыторыю).

5 верасня я патэлефанаваў міліцыянту з крымінальнага вышуку. Ён пацвердзіў мае здагадкі і прасіў мяне прыйсці ці ў суботу (6-га), ці ў панядзелак (8-га).

Потым я патэлефанаваў свайму пляменніку. Ён у мяне таксама служыць у крымінальнай паліцыі.

– А што ты хацеў, дзядзька? – спытаўся мой нябож. – Ты ж у апазіцыйнай партыі. Таму і клічуць. І мне далі спіс каго паклікаць. Якую табе позву? У якасці каго цябе выклікаць? Пацярпелага? Ты ж не пацярпеў. Сведкі? На месцы выбуху ты не быў і аб падрыхтоўцы яго, мусіць, не здагадваўся. Падазраванага? Дык для гэтага трэба важкія падставы. Выклікаем без позваў. Званкамі. Возьмуць у цябе сліну і адбіткі пальцаў. На якіх падставах? У Амерыцы ва ўсіх адбіткі пальцаў бяруць.

Не ведаю, як у Амерыцы: мо там закон ёсць адмысловы наконт адбіткаў пальцаў ці звычай такі. У нас жа, у Беларусі закону такога няма. І звычаю, каб пагалоўна хадзіць на дактыласкапію, – таксама. У нас, у Беларусі, на чалавека, у якога бяруць адбіткі пальцаў, падае цень. Калі б быў закон, я подбегам пайшоў бы ў крымінальную паліцыю Першамайскага раёна, і Аляксандра Фядуту з сабою павёў бы (ёсць такі падрыўны элемент у Беларусі).

І усё ж давядзецца ісці. Самому. Без Аляксандра Фядуты. Бо калі не пойдзеш, высветліцца, што ў тваім партфелі ляжыць не адна доза наркотыкаў, а на тваёй кніжнай паліцы (якраз за тамамі сацыялістычных аўтараў) – пісталет.

Калі б я жыў у прававой дзяржаве, можна было б пакінуць без увагі палітычна матываваны выклік у крымінальную паліцыю. Але я жыву ў паліцэйскай дзяржаве.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?