У Беларусі распрацоўваецца праект указа, накіраванага на стымуляванне куплі беларусамі аўтамабіляў «Джылі», якія неўзабаве пачнуць сходзіць з канвееру адкрытай пад Барысавым фабрыкі, паведамляе БЕЛТА.
Geely Atlas
«Думаю, знойдзем добрыя варыянты. У найбліжэйшы час гэты дакумент выйдзе» — сказаў кіраўнік дзяржавы падчас сёняшняга візіта на фабрыку «Белджы». Распрацоўваюцца разнастайныя варыянты, у тым ліку продаж у крэдыт адтэрміноўкай плацяжа і лізінга.
Патэнцыяльная магутнасць прадпрыемства — 60 тысяч аўтамабіляў на год. Да канца гэтага году з канвеера мае з'ехаць каля 2 тысяч «Джылі» розных мадэляў. У наступным годзе аўтаў мае паболець да 25 тысяч, а ў 2019 — да 35 тысяч. Адпускныя цэны пакуль не абвяшчаліся.
Новая фабрыка будзе выпускаць па поўным тэхналагічным цыкле GeelyAtlas, NL3, NL4 і седан FE3.