Дырэктар польскага Інстытута нацыянальнай памяці Яраслаў Шарэк заявіў, што гатовы наладзіць спатканне беларускіх гісторыкаў з польскімі калегамі, якія займаюцца вывучэннем справы Браніслава Тарашкевіча з тым, каб адбылася дыскусія і бакі маглі знайсьці паразуменне. Як вядома, у Бельску-Падляскім паводле закона аб дэкамунізацыі хочуць перайменаваць вуліцу імя Браніслава Тарашкевіча.

Піша гісторык Алесь Пашкевіч:

«Гэта добра, што польскі Інстытут нацыянальнай памяці прынамсі на словах гатовы да дыскусіі адносна асобы Браніслава Тарашкевіча. Што да пазіцыі беларускіх гісторыкаў - то лічу, што яна мусіць быць максімальна рэалістычнай, то-бок ні ў якім выпадку не абапертай на міфалогію з адмаўленнем несумненных, дакументальна пацверджаных фактаў.

Не варта нават спрабаваць адмаўляць сам факт прыналежнасці Тарашкевіча да Камуністычнай партыі ці прыдумляць, што ён нібыта быў камуністам толькі пад прымусам, а на самай справе ў камунізм не верыў і нават яго ў душы ненавідзеў, ніякай камуністычнай дзейнасці не праводзіў ці праводзіў толькі фармальна. На жаль, і быў, і праводзіў, і заангажаваўся ва ўсё гэта дастаткова глыбока.

Нашыя рамантычныя, часам абапертыя на выдаванне жаданага за сапраўднае канцэпцыі палякі лёгка разаб'юць з дакументамі ў руках, і ўсе выказаныя контраргументы на гэтым фоне будуць выглядаць вельмі штучна ды несур'ёзна.

Рабіць жа беларусам акцэнт тут, на маю думку, варта перадусім на тым, што Тарашкевіч хоць і сапраўды бясспрэчна быў дзеячам, сур'ёзна заангажаваным у камуністычны рух (на што былі свае аб'ектыўныя прычыны), але гэтая дзейнасць не складае аснову ягонага сучаснага іміджу, і зусім не за яе ён шануецца сённяшнімі беларусамі (у тым ліку і падляшскімі).

Першая асацыяцыя, якая ўзнікае пры згадцы імя Тарашкевіча - славутая граматыка, якая з'яўляецца для сучасных беларусаў адным з сімвалаў несавецкасці, а значыць і некамуністычнасці.

У гэтым плане тое, што ён вельмі мала ўшанаваны сёння на радзіме, якая проста-такі насычаная савецкасцю ды камуністычнасцю ў сферы тапанімікі ды мемарыяльных знакаў у населеных пунктах (ды і тое, што ёсць, з'явілася збольшага ўжо пасля краху камунізму), з'яўляецца, калі казаць пра гэтую канкрэтную справу, больш плюсам, чым мінусам.

Бо сведчыць пра тое, што самі камуністы на самай справе бачылі ў Тарашкевічы перадусім нацыянальнага, а не камуністычнага дзеяча. Для іх ён усё ж такі ніколі не быў цалкам сваім. А таму, напоўніцу яго (як і іншых падобных яму нацыянал-камуністаў) выкарыстаўшы, у афіцыйны беларускі камуністычны пантэон Тарашкевіча ў выніку так і не ўключылі.

Калі сканцэнтравацца на гэтых і іншых падобных аргументах, а не паддавацца на спакусу скаціцца замест дзелавой размовы ў мітынговасць і лозунгавасць, то прынамсі мінімальныя шанцы адбіць Тарашкевіча ўсё ж такі, відаць, у беларусаў існуюць.

Ва ўсялякім выпадку, тое, што польскі бок гатовы пра гэта прынамсі размаўляць - знак някепскі. Значыць, патэнцыйна ім могуць брацца пад увагу не толькі чыста фармальныя чыннікі.

Галоўнае - не зруйнаваць гэта ўсё ад пачатку непатрэбнымі эмоцыямі і неканструктыўнасцю».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0