18 лістапада ў Буда-Кашалёўскім раёне ў вёсцы Бушаўка трагічна загінуў былы выратавальнік МНС Кірыл Раманаў. У працоўны час 33-гадовага работніка гомельскага хімзавода адправілі чысціць дах кароўніка, адкуль ён зваліўся з 10-метровай вышыні і разбіўся насмерць.

Кірыл Раманаў

Выпадак пракаментаваў Аляксандр Барбаровіч, намеснік дырэктара Гомельскага хімічнага завода па ідэалагічнай працы і кадрам.

«У нас перыядычна праводзяцца месячнікі па навядзенні парадку на зямлі. «Марозавічы-Агра» — гэта наш філіял, мы будавалі там ферму і іншыя будынкі. На нашым прадпрыемстве быў выдадзены загад пра дапамогу сельгаспрадпрыемству ў сувязі з месячнікам. І туды накіроўвалі шэраг падраздзяленняў, у тым ліку і газаратавальны атрад, у якім Раманаў працаваў кіроўцам. Газаратавальны атрад прадухіляе надзвычайныя сітуацыі і ратаваць людзей пры патрэбе. Там усе маюць пасведчанні прамысловых альпіністаў. Таму іх прыцягнулі да мыцця ліхтароў на даху, агароджаных металічным профілем, — распавёў Барбаровіч. — Каб палепшыць святлопранікальнасць, іх вырашылі вымыць звонку».

Па словах намесніка дырэктара, адмовіцца ад мыцця ліхтароў газаратавальнікі не маглі, бо ў іх падраздзялення існуе статут. У статуце прапісана, што людзей могуць прыцягваць да «гаспадарчай працы па ачыстцы, уборцы і інш.»

Барбаровіч настойвае — інструкцыі па бяспецы перад працай на даху работнікі атрымалі. І Раманаў тэхніку бяспекі парушыў.

«Перад працай усім даводзілі, што катэгарычна забаронена залазіць на тыя ліхтары. Усе падпісалі гэта, ва ўсякім выпадку, там мне кажуць работнікі. І невядомая прычына, чаму работнік [Раманаў] насуперак інструкцыі стаў на той ліхтар з палікарбанату, які зламаўся. Пасля гэтага Раманаў з вышыні 6,5 метра ўпаў на кармавы стол паміж стойламі. Яго таварышы маюць адмысловую падрыхтоўку як ратавальнікі, яны спрабавалі яго рэанімаваць, але, на жаль, не змаглі», — сказаў Барбаровіч.

Але ж работнікі на тых працах паведамлялі, што працавалі без страхоўкі — бо дах спадзісты.

«Што тычыцца рамянёў страхоўкі, то я не спецыяліст, я займаюся кадрамі. Але калі па-чалавечы… Я там быў, бачыў дах. І там няма дзе зачапіць страхоўку, тэхнічна цяжка. Гэта калі на мой непрафесійны погляд. Але Раманаў жа не ўпаў з даху, не скаціўся з яго — ён праваліўся праз ліхтар, на які залез», — падкрэсліў Аляксандр Барбаровіч.

Цяпер на прадпрыемстве праводзіцца службовае раследаванне, прыцягнулі інспекцыю па ахове працы. Па выніках раследавання будуць вырашаць, ці пакараюць кагосьці з супрацоўнікаў завода за смерць Кірыла Раманава. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?