21.11.2017 / 19:52

Электронная папера: гісторыя з’яўлення, прынцып працы і перспектывы 3

Усё часцей людзі аддаюць перавагу электронным кнігам. І гэта не дзіўна: яны маюць шэраг пераваг, якія схіляюць людзей пераходзіць ад папяровых кніг да іх электронных версій. Гэта і партатыўнасць, і кампактнасць, і наяўнасць мноства кніг у адной прыладзе, і шмат дадатковых магчымасцяў. Апошні трэнд у гэтай сферы — выкарыстанне электроннага чарніла (электроннае паперы). І хаця гэтая тэхналогія пачала актыўна ўкараняцца толькі ў апошнія некалькі год, існуе яна ўжо даволі даўно. 

Усё пачалося 40 год таму з чорна-белых асобнікаў, але цяпер існуе і каляровая электронная папера.

Самая першая папера з электронным чарнілам пад назвай Gyricon была распрацаваная кампаніяй Xerox ў 1974 годзе ў якасці замены распаўсюджаным тады экранам з электронна-прамянёвай трубкай. Экран Gyricon атрымаўся сапраўды рэвалюцыйным: ён выдатна чытаўся пры яркім святле, быў гнуткім і энергаэфектыўным.

Электронная папера ўяўляла сабой тонкі пластыкавы аркуш з мікракапсуламі, напоўненымі алеем. У гэтых капсулах размяшчаліся шарыкі, паўшар'і якіх былі пафарбаваныя ў розныя колеры і мелі розны зарад. Калі да капсулы трапляў ток, шарыкі круціліся, утвараючы пэўны чорна-белы ўзор.

На схеме: злева — першаснае размяшчэнне шарыкаў (экран белы), справа — размяшчэнне шарыкаў пасля прахаджэння тока (на экране з'яўляецца пэўная выява)

У першай версіі Gyricon выява была размытай, бо шарыкі круціліся нераўнамерна, а таксама ўздзейнічалі адзін на аднаго. У другім пакаленні гэтую праблему атрымалася вырашыць.

Але важным фактарам, які паўплываў на тэрмін з’яўлення гэтай тэхналогіі ў масавай вытворчасці, стала яе дарагавізна. 

Першы масавы выхад электроннае паперы на рынак адбыўся ў пачатку 2000-х, калі тэхналогію пачалі выкарыстоўваць для інтэрактыўных цэннікаў у супермаркетах.

Сучасныя цэннікі з электронным чарнілам

Але для цэннікаў выразнасць малюнка, якая ўсё яшчэ была недасканалай, была не на першым месцы. Між тым для дысплэяў гаджэтаў гэтая характарыстыка з’яўляецца хіба што не самай важнай. 

У 1996 годзе з'явілася тэхналогія E-Ink, у якой выкарыстоўваліся шарыкі-капсулы, якія былі напоўненыя чорнымі і белымі грануламі, што плавалі ў празрыстым алеі. У залежнасці ад зарада (станоўчага або адмоўнага), гранулы патрэбнага колеру «ўсплывалі» наверх.

Шарыкі ў алеі пад мікраскопам

Аднак толькі ў 2004 годзе тэхналогію ўпершыню выкарысталі ў электроннай кнізе Sony Librie, якая мела рэвалюцыйны ў той час 6-цалевы E-Ink дысплэй першага пакалення, які меў разрозненне 800x600 пікселяў і адлюстроўваў 4 адценні шэрага. Каштавала такая кніжка 376 даляраў.

Sony Librie

З 2004 па 2010 гады «рыдары» часцей за ўсё абсталёўваліся электроннай паперай E-Ink Vizplex, якая мела шмат недахопаў: падкладка была шэрага колеру (гэта значыць, сама папера мела шэрае адценне), малюнак доўга перамалёўваўся, а часам папярэдні малюнак адлюстроўваўся паверх новага. Аднак апошнія пакаленні Vizplex былі значна ўдасканаленыя: шэры колер стаў белым, а хуткасць адмалёўкі павялічылася.

У 2010 годзе было анансавана другое пакаленне E-Ink — Pearl. Кантраснасць «паперы» павялічылася, а энергаспажыванне знізілася на 50%. Першай электроннай кнігай з такім дысплеем стала Amazon Kindle DX.

Amazon Kindle DX

Далейшым развіццём тэхналогіі E-Ink стала павышэнне разрознення і з'яўленне сэнсарных экранаў Pearl HD. Першай кампаніяй, якая прапанавала прыладу з Pearl HD, стала ONYX. Яна таксама стала трэцяй у свеце кампаніяй, якая выкарыстала тэхналогію электроннага чарніла.

У кастрычніку 2012 года практычна адначасова кампаніі Amazon і ONYX выпусцілі рыдэр з экранам Pearl HD і новым тыпам падсветкі PVI, якая адрознівалася значна большай аднастайнасцю. Так наступіла новая эра ў развіцці электронных кніг. 

На постсавецкай прасторы найбольш папулярнымі спачатку былі кнігі ONYX, у той час як на захадзе лідэрам былі прылады кампаніі Amazon

Сучасныя чорна-белыя «рыдэры» абсталёўваюцца дысплэямі Carta з павялічанымі ў параўнанні з Pearl разрозненнем (1440x1080 пунктаў) і кантраснасцю.

Нядаўна з’явіліся і каляровыя электронныя чарніла, якія выпускаюцца зараз пад дзвюма маркамі: Triton і AСeP.

«Папера» Triton мае 4096 колераў, што выглядае не вельмі аптымістычна на фоне сучасных LCD-дысплэяў з 16 мільёнамі колераў. Напэўна, менавіта з гэтай прычыны каляровая электронная папера не атрымала распаўсюду. 

Параўнанне электроннае паперы з чарнілам Triton (злева) і сапраўднай газетнай паперы (справа)

Электроннае ж чарніла AСeP выглядае больш перспектыўна: кожны шарык мае пігменты з васьмю асноўнымі колерамі, якія могуць выдаваць больш за 30 тысяч адценняў. Але ў гэтым выпадку на распаўсюд тэхналогіі адмоўна ўплывае яе высокі кошт.

Часта можна пачуць крытыку электроннай паперы. Аднак з кожным годам кнігі на яе аснове вырабляюцца ва ўсё большых аб’ёмах і ахвотна купляюцца.

Акрамя таго, вытворцы абяцаюць у будучыні ўдасканаліць тэхналогію: ужо даўно распрацаваныя прататыпы электронных газет з вялізарным памерам экрана. Яны лёгкія, гнуткія і мала чым адрозніваюцца ад сапраўднага газетнага аркуша.

Перспектыўна выглядае і ідэя выкарыстання E-Ink у рэкламнай індустрыі: напрыклад, для абвестак у метро. 

Галоўная перавага электроннай паперы над звычайнай — магчымасць быць выкарыстанай амаль неабмежаваную колькасць раз без страты якасці выявы. Галоўны яе недахоп — адсутнасць унікальнага «папяровага» паху, праз які многія ўсё яшчэ выбіраюць традыцыйныя кнігі.

Ілья Параскевіч

1
Даня / Адказаць
21.11.2017 / 21:09
Як жа я абажаю гэтыя цікавосткі ціпа гісторыі розных рэчаў, што з чаго робіцца і гэдак далей. Дзякуй) такі пазітыўчык цікава і перад сном пачытаць, і раніцай у транспарце )
2
Філ. / Адказаць
21.11.2017 / 22:35
Не "дарагавізна", а "дарагоўля", а яшчэ лепей - "вялікі кошт".
2
уу / Адказаць
22.11.2017 / 00:09
Можа, усё-ткі "атрамант"? Бо "чарніла" нам і так у алькагольных крамах хапае...
Паказаць усе каментары/ 3 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру