21.11.2017 / 10:22

Беларускі эмірат: глядзіце на графік, на ім усе нашы дасягненні 18

Мне вельмі спадабалася ініцыятыва прапаганды эканамічных поспехаў Еўразійскага эканамічнага саюза. Сапраўды, што ж яшчэ не даносіць людзям, як поспехі? Асабліва, калі іх гэтак шмат, што вочы разбягаюцца. «Рэкордныя» лічбы экспарту, «рэкордныя» лічбы інвестыцый, заробкі чарговае дзесяцігоддзе бяруць планку «папіццот». «Разбег, штуршок — і сорамна падымацца…» А калі вы нязгодныя — гэта крытыканства, бо вы наогул не эканамісты і не будаўнікі, ня ведаеце, колькі каштуюць стадыёны, і які трэба «народзец» мець, каб дасягнуць эпічных поспехаў. Адзін сусветна вядомы эканаміст за нашы грошы нам тут даказаў, што поспехаў няма — таму што гэтак вырашылі мы…

Я? Цёця Ядзя? Юзік з аўтабазы? Мы гэтага не вырашалі, дакладна кажу. Мы хочам самі зарабляць на сваё жыццё, але пакуль больш-менш атрымліваецца толькі ў мяне. І калі астатнія задаюцца пытаннем, чаму гэтак — нам малююць, бачце, што ў нашай падсвядомасці нейкая псеўдаактыўнасць і арыентацыя на «старэйшага брата». У нас? Вы б чулі, што пра таго старэйшага брата казала цёця Ядзя, калі тут яшчэ войскі з ракетамі стаялі… А Юзік — наогул бытавы анархіст, хаяў усіх кіраўнікоў на ўсіх узроўнях, колькі сябе памятаю. Ён за мяжою не быў, акадэмій не сканчваў, размаўляе вельмі проста. Дык хто гэтыя «мы»? Чаму я павінны адказваць за тых, хто без майго меркавання нешта за мяне вырашае? Падаецца, тыя людзі, якія за нашыя ж падаткі ездзяць на стажыроўкі і ў камандзіроўкі, і павінны прывозіць назад перадавы вопыт і падпісаныя дамовы. Дзе яны? Заместа вось старанна выводзяць гэтую максімуму — вінаватыя «мы». І потым кажуць: давайце глядзець пазітыўна! 20 год у афсайдзе — гэта не параза.

Ну, няма поспехаў і няма. Беларусь як дзяржава — банальная троечніца ў прыкладных навуках і наогул абсалютна асацыяльная асоба ў класе краін на шляху развіцця. Ні з кім не размаўляе, акрамя хуліганкі Расіі, якую выгналі з 8-га «Г». Вось падумалася, што ў нас такога адбылося за 20 год, каб магло аб’ектыўна перашкодзіць развіццю? Анічога. Ні вайны не было, ні рэвалюцый, ні тайфунаў з вулканамі, ні смяротных вірусаў, ні Гадзілы з марсіянамі. Стабільна. Часам дождж ды моцны вецер. Але ж што тады спяваць? Зноў пра вайну? Хочацца ж пра дасягненні! Пра касмічныя караблі, дрэваперапрацоўку, дэбюракратызацыю…

Вось сур’ёзна, якую краіну Азіі ці Паўднёвай Амерыкі ні вазьмеш, у яе ёсць пагадненні аб свабодным гандлі ці рэжымах прэферэнцый для асноўных групаў экспарту, не толькі з усімі суседзямі, але і з Еўропай і Паўночнай Амерыкай. Гэта значыць палова свету — прыходзь і працуй. У нас… гэта, як яго, ну… працэс ідзе. З 1993 года, калі Беларусь падала заяўку ў тое, што ў 1995 стала звацца Сусветнай гандлёвай арганізацыяй. Там нават членамі ёсць Куба і Зімбабвэ. Гэта таксама «мы»?

Мой асабісты адказ «вам» вельмі просты. Глядзіце на графік — на ім усе вашыя дасягненні з 1996 г. Кропка.

Дадзеныя: Сусветны банк, назва аўтара

Мая працоўная гіпотэза ў тым, што абсалютна любы з нас на адказнай пасадзе будзе паказваць не горшыя вынікі працы за «вас», нават цёця Ядзя. Як бы па-бальшавісцку яна ні гучала, гіпотэзу cтатыстычна абвергнуць немагчыма, бо вынікі вельмі пасрэдныя, а нікога іншага 20 гадоў не было. Бо калі гэтак вырашылі вы, хоць раз у жыцці паспрабуйце адказаць за тое, што атрымалася.

Заслона. Музыка.

Мардэхай Валошка

3
321-бах / Адказаць
21.11.2017 / 10:31
Болей такіх матэрыялаў, Шаноўная НН - і вы будзеце першымі ў краіне.
3
Так думаю / Адказаць
21.11.2017 / 10:56
Найлепшы артыкул 2017 г. у НН.
0
Лацін / Адказаць
21.11.2017 / 10:58
лепей гэта
https://youtu.be/px19tyyj8UQ
Паказаць усе каментары/ 18 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру