Аляксандр Зайкін. 

Аляксандр Зайкін. 

У гутарцы з Аляксандрам мы даведаліся пра тое, што ўяўляе сабой гэты незвычайны від спорту і наколькі ён развіты ў Беларусі.

— Аляксандр, раскажыце падрабязней пра фрыдайвінг, якім вы займаецеся, і пра ваш рэкорд.

— У адрозненне ад дайвераў, фрыдайверы не выкарыстоўваюць спецыяльнай экіпіроўкі, якая дапамагае дыхаць пад вадой. Гэтым спортам можна займацца як у басейне, так і ў адкрытым вадаёме. У фрыдайвінгу ў басейне ёсць тры дысцыпліны: затрымка дыхання ў нерухомым стане (статыка) і дзве дынамічныя дысцыпліны: ныранне ў даўжыню без ластаў і ў ластах (моналасце). Я паставіў рэкорд Беларусі ў ныранні ў даўжыню з моналастам. Папярэдні рэкорд таксама належаў мне — 165 метраў. Зараз я пабіў яго, праплыўшы пад вадой 183 м. Сусветным рэкордам — 300 м — валодае паляк Матэуш Маліна. Мой асабісты рэкорд па затрымцы дыхання — 5 хвілін і 40 секунд.

— Наколькі развіты фрыдайвінг у Беларусі? Дзе вы трэніруецеся?

— У нас ёсць таленавіты інструктар і арганізатар Мікалай Спірын, кіраўнік клуба «Энергія глыбіні», створаны Аляксандрам Бобрышавым, які і аб'ядноўвае ўсіх мінскіх фрыдайвераў. Мікалай Спірын стварыў летам 2017 года грамадскае аб'яднанне Федэрацыя фрыдайвінгу Беларусі. Да гэтага мы адносіліся да расійскай федэрацыі, у якой ёсць свае праграма трэніровак і планы падрыхтоўкі інструктараў.

Трэніровачная база — басейн «Фрыстайл» на вуліцы Сурганава. Хлопцы трэніруюцца там па вечарах. У мяне па вечарах не атрымліваецца праз працу, таму трэніруюся самастойна па раніцах ў басейне «Алімп» на вуліцы Якуба Коласа тры разы на тыдзень па гадзіне-паўтары.

Пераможцы: Аляксандр Зайкін (183 м на адным дыханні) і Наталля Чурыліна (131 м)

Пераможцы: Аляксандр Зайкін (183 м на адным дыханні) і Наталля Чурыліна (131 м)

Гэты спорт наогул вельмі малады. Спрадвеку людзі ныралі па жэмчуг, па губкі, з мэтай падводнага палявання, для вайсковых патрэбаў. Спартыўны інтарэс да апускання на глыбіню ўзнік у 1950-х гадах у Еўропе: пачалі ныраць у заклад, хто глыбей, спаборнічаць, хто даўжэй пад вадой пратрымаецца. У пачатку 2000-х рух фрыдайвінгу прыйшоў у Расію, а затым і да нас.

— Як вы даведаліся пра гэты від спорту?

— Калі я ўпершыню ўбачыў на ютубе ролік пра тое, як таленавіты француз-фрыдайвер нырае на глыбіню, я яго загледзеў да дзірак, пачаў глядзець іншыя тэматычныя відэа. Так і даведаўся пра існаванне такога цікавага віду спорту. Я пачаў з глыбіннага фрыдайвінгу. У 2012 годзе ўпершыню з'ездзіў у Егіпет, дзе асвоіў апусканне на глыбіню. З таго часу кожны год я апускаўся ўсё глыбей.

У 2015 годзе ў Беларусі прайшоў першы адкрыты чэмпіянат па фрыдайвінгу. А ўжо сёлета адбыўся другі, у якім бралі ўдзел спартсмены з Украіны, Расіі, Польшчы, Літвы. З кожным годам наша майстэрства расце вялікімі тэмпамі. Усё часцей мы выязджаем на міжнародныя спаборніцтвы, займаем прызавыя месцы.

Гэты спорт не зарэгістраваны ў міністэрстве, таму ніякага дзяржаўнага фінансавання няма. Часта ў розных краінах каманды фрыдайвераў збіраюць грошы з дапамогай краўдфандынгу.

— Наколькі фрыдайвінг дарагое хобі?

— У Беларусі зарабіць, калі ты фрыдайвер, немагчыма: спонсараў зусім мала. Мая асноўная праца — доктар мануальнай тэрапіі.

Каб займацца фрыдайвінгам, не патрэбна такая экіпіроўка, як для заняткаў дайвінгам. Галоўнае — ласты: трэніровачныя, якія каштуюць каля 50 рублёў, і моналаст для спаборніцтваў, які можа каштаваць 700 рублёў і вышэй, але служыць вельмі доўга. Арэнду басейна для трэніровак я аплачваю сам.

У нашых басейнах тэмпература вады 26—27 градусаў — аптымальная тэмпература для спартсменаў-плыўцоў, паколькі іх від спорту вельмі актыўны. Фрыдайвінг жа заснаваны на паслабленні і заспакаенні, гэта не хуткасны спорт, таму ў такой вадзе становіцца холадна і пачынаюцца дрыжыкі, што вельмі моцна спальвае кісларод. Выйсце — тонкі гідракасцюм, які каштуе ад 300 рублёў.

Найлепшае месца для трэніровак — Чырвонае мора, паколькі там няма перападаў тэмператур, патрэбная глыбіня, празрыстая вада. Выезды на такія трэніроўкі каштуюць досыць вялікіх грошай.

— Ці ныралі вы ў якіх-небудзь беларускіх вадаёмах?

— У нас мала глыбокіх азёр. Спачатку мы ныралі ў азёрах Рудакова, Светлае, але іх глыбіня меншая за 30 м. Таму нам стала сумна, і мы паехалі на Лепельскія азёры. Потым ныралі ў возеры Доўгім каля горада Глыбокае на глыбіню 47 метраў. На дне абсалютна няма святла: пасля 20 метраў надыходзіць ноч. Знайсці нешта цікавае там складана, паколькі дно сапрапелевае — вельмі друзлае. Мы там не адзін груз згубілі. А гэтай зімой планую нырнуць на глыбіню пад лёдам.

— Ці ёсць нейкае негатыўнае ўздзеянне ад заняткаў фрыдайвінгам на здароўе?

— Няма ніякіх доказаў негатыўнага ўплыву працяглай затрымкі дыхання на арганізм. Больш за тое, ва ўсіх, хто пачынае займацца фрыдайвінгам, паляпшаецца гнуткасць, частата скарачэння сэрца становіцца радзейшай. Каб зрабіць добры ўдых, трэба мець добрую рухомасць грудной клеткі, груднога аддзела хрыбетніка. Чым больш чалавек займаецца фрыдайвінгам, тым большым становіцца аб'ём яго лёгкіх. У звычайнага чалавека аб'ём лёгкіх складае менш за пяць літраў, у сусветных рэкардсменаў-фрыдайвераў ён можа дасягаць дзесяці.

Фрыдайвер і сэйфіці — «страхоўшчык», заняты бяспекай спартсмена, які сочыць за яго станам.

Фрыдайвер і сэйфіці — «страхоўшчык», заняты бяспекай спартсмена, які сочыць за яго станам.

— Як вы вызначаеце, у які момант трэба выходзіць з вады?

— Першапачаткова ў кожнага чалавека патэнцыял вельмі вялікі, а ў працэсе рэгулярных трэніровак мы імкнёмся яшчэ больш павялічваць яго. Пры доўгай затрымцы дыхання ў цягліцах вылучаецца вуглякіслы газ і малочная кіслата, якія з'яўляюцца раздражняльнікамі дыхальнага цэнтра ў мозгу. Кроў прылівае да жыццёва важных органаў: мозгу, лёгкіх, сэрца. Але кожны, як правіла, выпрацоўвае сам для сябе пэўныя параметры, па якіх ён вызначае, што трываць больш нельга: хтосьці адчувае дыхальны дыскамфорт, у кагосьці з'яўляюцца пэўныя адчуванні ў цягліцах (скаванасць і закісленне), нехта дасягае пэўнага стану прытомнасці (для кожнага гэты стан свой) і прадвеснікаў страты кантролю над ёй.

Матэрыял падрыхтаваны пры падтрымцы супермаркета спартыўнага харчавання «FIZCULT» http://fizcult.by/

— Колькі чалавек у Беларусі займаецца фрыдайвінгам?

— Рэгулярна займаецца каля 40 чалавек, але іх колькасць пастаянна расце, бо многія знаходзяць у фрыдайвінгу магчымасці змяніць сябе, пазбавіцца ад стрэсу і зліцца з воднай стыхіяй.

Пераможцы і прызёры спаборніцтваў (з розных краін) злева направа: Дзмітрый Мароз, Дзмітрый Мазепін, Аляксандр Зайкін, Наталля Чурыліна, Вольга Калініна, Дзмітрый Гаршкоў (затрымка дыхання 7 хв 49 с — нацыянальны рэкорд Беларусі), Кацярына Спірына, Аксана Бергман, Агнешка Кальска, Ягор Зайцаў, Марцін Бараноўскі.

Пераможцы і прызёры спаборніцтваў (з розных краін) злева направа: Дзмітрый Мароз, Дзмітрый Мазепін, Аляксандр Зайкін, Наталля Чурыліна, Вольга Калініна, Дзмітрый Гаршкоў (затрымка дыхання 7 хв 49 с — нацыянальны рэкорд Беларусі), Кацярына Спірына, Аксана Бергман, Агнешка Кальска, Ягор Зайцаў, Марцін Бараноўскі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?