15-гадовы школьнік з Гродна за дзве начных гадзіны здолеў скрасці два аўтамабілі, яшчэ адзін завесці не атрымалася. Выбіраў ён машыны выключна вытворчасці Волжскага аўтазавода, паведамляе uvd.grodno.by.

Першыя «Жыгулі» шостай мадэлі юнак спрабаваў скрасці каля паўночы ў пятніцу, але запусціць рухавік не ўдалося. Ужо праз гадзіну зламыснік у суседнім двары знайшоў ВАЗ-2105, які ўсё-ткі скраў.

Згоншчык не ўлічыў той факт, што аўтамабіль хоць і 1984 года выпуску, але ўжо быў абсталяваны блакатарам руля. Таму праехаўшы некалькі сотняў метраў, менавіта з-за заклінаванага руля хлопец кінуў транспартны сродак пасярод дарогі.

Малады чалавек падумаў, што руль заклінавала з-за няспраўнасці канкрэтна гэтага аўто і адправіўся пешшу на новыя пошукі. Каля дзвюх гадзін ночы ён знайшоў іншы ВАЗ-2106. Сагнаўшы яго, з-за заблакаванага руля ён здзейсніў ДТЗ, наехаўшы на прыдарожную канструкцыю.

На раніцу ў міліцыю сталі паступаць званкі ад жыхароў мікрараёна Дзевятоўка, што прама пасярод дарогі стаяць кінутыя машыны. Гэта былі менавіта тыя «Жыгулі», якія і зганяў падлетак.

Міліцыя змагла хутка адшукаць згоншчыка дзякуючы таму, што ён выхваляўся ў сацыяльных сетках сваімі прыгодамі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?