Хвароба, якая доўгі час лічылася пераможанай — лёгачная чума, вярнулася. На Мадагаскары ад яе загінула ўжо як мінімум 171 чалавек, а колькасць заражаных перакрочыла 2100, паведамляе Irish Times.

Яшчэ 6 тыдняў таму чума была выяўлена толькі ў 194 пацыентаў, але эпідэмія хутка пашыраецца праз тое, што мясцовыя жыхары не хочуць паддавацца каранціннаму рэжыму — і ўцякаюць са шпіталёў, бо баяцца медычных працэдур — і асабліва ін'екцый.

Улады Мадагаскара намагаюцца забараніць мясцовы рытуал эксгумацыі памерлых для апошняга развітання шляхам танца ўсіх родзічаў нябожчыка з ім на руках, бо гэта спрычыняецца да распаўсюду эпідэміі.

Лёгачная форма чумы перадаецца праз паветра — і можа забіваць на працягу 24 гадзін ад моманту заражэння. Раней смяротнасць ад гэтай формы чумы складала амаль 100 працэнтаў. Зараз — пры ўмове шпітальнага лекавання — ад 5 да 10.

Эпідэміі чумы ў гісторыі чалавецтва былі адказныя за смерці дзясяткаў мільёнаў людзей. У 1348 годзе ад чумы ў Еўропе загінула амаль 15 млн чалавек, што ў той час складала чвэрць усяго насельніцтва кантынэнту. А славутая Юстыніянава чума (551-580) спрычынілася да смерці больш за 100 мільёнаў чалавек у Егіпце і Еўропе і паскорыла распад рэштак Рымскай імперыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?