Супольнасць гданьскіх стралкоў сцвярджае, што беларус ужыў зброю легальна — і хоча дапамагчы калегу, які страціў працу пасля здарэння, піша Белсат.

Беларус Сцяпан Свідзерскі жыве ў Польшчы больш за 10 гадоў. Палову гэтага часу ён працаваў у гдыньскім офісе міжнароднай карпарацыі Thomson Reuters.

Увечары 14 лістапада мужчына прыйшоў на працу пасля заняткаў у ціры. Ён меў пры сабе даўгаствольную зброю, а таксама пісталет «Glock» (з дазволам на яе нашэнне).

Адзін з прысутных у офісе па невядомай прычыне спрабаваў вырваць пісталет у беларуса, пасля чаго прагучалі два стрэлы. У іх выніку ніхто не пацярпеў.

У сувязі з гэтым паліцыя затрымала Свідзерскага. Пазней ягоную справу перадалі ў пракуратуру, якая распачала следчыя дзеянні.

Пракурор вінаваціў Свідзерскага ў спробе забойства і прасіў суд арыштаваць беларуса на тры месяцы. Суд, аднак, не задаволіў гэтую просьбу і выпусціў Сцяпана.

Стралкі спартовага клубу «Ardea» сцвярджаюць, што хоць страляў Свідзерскі — гэта ён пацярпелы: спачатку яго атакавалі і забралі легальную зброю, а потым пазбавілі добрага імя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0