Журы прэміі імя Наталлі Арсенневай вызначылася з кароткім спісам прэтэндэнтаў на ўзнагароду за найлепшую кнігу паэзіі, паведамляе Беларускі ПЭН-цэнтр.
У яго ўвайшлі:
Віктар Жыбуль «Дзяцел і дупло»
Ганна Комар «Страх вышыні»
Наста Кудасава «Маё невымаўля»
Уладзімір Някляеў «Толькі вершы»
Сяргей Прылуцкі «Патрыятызм для чайнікаў»,
Міхась Скобла «Камізэлька для месяца»
Андрэй Хадановіч «Цягнік Чыкага-Токіё»
Юлія Цімафеева «Цырк»
Пераможца будзе названы на цырымоніі ўзнагароджання, якая адбудзецца ў снежні. Пра час і месца ўручэння прэміі будзе паведамлена дадаткова.
Прэмія за найлепшую паэтычную кнігу заснаваная ў гонар выдатнай беларускай паэткі Наталлі Арсенневай. Пасля вайны Арсеннева апынулася ў эміграцыі, дзе працягвала займацца беларускай справай, удзельнічала ў культурнай і асветніцкай дзейнасці.
Сузаснавальнікамі прэміі з'яўляюцца Саюз беларускіх пісьменнікаў, Беларускі ПЭН-цэнтр і Згуртаванне «Бацькаўшчына».
Літаратурная прэмія імя Наталлі Арсенневай заснаваная пры спрыянні Фонда культуры і адукацыі Орса-Рамана і Харытатыўнага фонда Згуртавання беларусаў Вялікай Брытаніі. Сёлета прэмія будзе ўручацца ўпершыню, але плануецца, што яна стане штогадовай.