Прэзідэнт Ірана Хасан Раўхані, Расіі Уладзімір Пуцін і Турцыі Таіп Рэджэп Эрдаган сустрэліся ў сераду вечарам у Сочы, каб абмеркаваць сітуацыю ў Сірыі, паведамляюць расійскія СМІ.
Карыстаючыся перамогамі на супольным фронце барацьбы з Ісламскаю Дзяржаваю, Расія такім чынам намагаецца змяніць усталяваны шмат год таму баланс на Блізкім Усходзе. Асабліва інтэнсіўныя намаганні ў апошнія месяцы Крэмль прыкладае да ацяплення стасункаў з Анкарою, традыцыйным хаўруснікам Захаду і сябрам НАТА.
Расія, якая з'яўляецца спадкаемцам СССР, што падтрымліваў Ірак у ірана-іракскай вайне, успрымалася дастаткова прахалодна і ў Іране. Аднак ягоныя традыцыйна варожыя адносіны да Захаду збліжаюць сённяшнюю Маскву і Тэгеран.
Выступаючы на прэс-канферэнцыі пасля заканчэння перамоў, Уладзімір Пуцін заявіў, што лідары трох краін «адзначылі выказаную сірыйскім кіраўніцтвам прыхільнасць прынцыпам мірнага вырашэння крызісу, гатоўнасць правесці канстытуцыйную рэформу і свабодныя падкантрольныя ААН выбары».