У судзе Валожынскага раёна 24 лістапада будзе слухацца справа жанчыны, якая падманным шляхам забрала ў 6-гадовай дзяўчынкі грошы, паведамляе kraj.by
Свой учынак жанчына патлумачыла цяжкім матэрыяльным становішчам. Яна знаходзіцца ў адпачынку па доглядзе дзіцяці, якое гадуе адна. Бацька аліменты не плаціць.
— 6-гадовая дзяўчынка ўзяла грошы, якія збірала на мабільны тэлефон, і разам з сяброўкай пайшла траціць іх на салодкае. Наеўшыся, дзяўчынкі захацелі піць. Сяброўка пацярпелай прапанавала пайсці да знаёмай цёткі. Гэта было бліжэй, чым ісці дадому, — распавяла старшая следчая Валожынскага РАСК Юлія Селятыцкая.
Замест «знаёмай цёці» дзяўчынак сустрэла яе сястра. Пакуль дзеці пілі ваду, 26-гадовая жанчына даведалася, што ў адной з дзяўчынак ёсць грошы. Вырашыўшы, што, хутчэй за ўсё, 6-гадовая дзяўчынка ўзяла грошы ў бацькоў без дазволу і нічога пра іх не раскажа дарослым, яна забрала іх на падставе «на захаванне».
Маленькай дзяўчынцы яна паабяцала: «калі вернешся з бацькамі, я табе іх аддам».
Пры гэтым ніякіх сваіх кантактаў, адрасу дзецям яна не дала. Праз дзень жыхарка Валожына патраціла 60 рублёў на свае патрэбы: прадукты, цыгарэты і, як яна сцвярджае, лекі.
— Мама дзяўчынкі спачатку ёй не паверыла, — адзначыла Юлія Селятыцкая. — Бо ў такім узросце дзеці маюць схільнасць да выдумкі. Але, калі словы дачкі пацвердзіла яе сяброўка, жанчына звярнулася ў міліцыю.
Па словах старшага следчага, сваю віну жыхарка Валожына прызнала. Таксама яна пакрыла матэрыяльную шкоду і выбачылася.
Нягледзячы на гэта Валожынскі раённы аддзел Следчага камітэта распачаў крымінальную справу па ч.1 арт. 209 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь «Махлярства».
— Маці пацярпелай настойвала на тым, каб справа была перададзена ў суд, — падкрэсліла суразмоўца.